Вяслава Дамброўска-Мацура,
кс. Артур Стопка

Уведзены Касцёлам год, які называецца касцёльным або літургічным, супадае з каляндарным годам, але ён пачынаецца і заканчваецца ў іншы дзень. Яго рытм вызначаюць узгадванне і цэлебрацыя збаўчых спраў Бога, якія здзейсніў Езус Хрыстус. На працягу касцёльнага года хрысціяне за кароткі час перажываюць усю гісторыю збаўлення, сканцэнтраваную вакол Пасхальнай таямніцы. Цыклічнае паўтарэнне паасобных святаў і перыядаў літургічнага года заахвочвае ўдзельнікаў цэлебрацыі пастаянна прыкладаць намаганні для наследавання Хрыста, Яго Маці і святых.

Хто прыдумаў касцёльны год?

Спачатку адзіным святам, якое адзначалася ў Касцёле, была нядзеля ўспаміну Уваскрэсення Пана. На раніцы гэтага дня хрысціяне збіраліся на цэлебраванне Эўхарыстыі і перажыванне ўспаміну Уваскрэсення Хрыста. «У ІІ стагоддзі вылучаецца адна з нядзеляў для святкавання яе як Вялікадня. Потым, прыкладна ў ІV стагоддзі, вызначаецца час падрыхтоўкі да Вялікадня, які ахоплівае 40 дзён. Гэта час Вялікага посту. А Вялікдзень пачынаюць святкаваць на працягу 50 дзён – так з’яўляецца Велікодны перыяд», – тлумачыць біскуп Стэфан Ціхі, старшыня Камісіі Епіскапату Польшчы па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Калі ў сярэдзіне ІV стагоддзя ў Рыме 25 снежня пачалі святкаваць Божае Нараджэнне (на Усходзе ўжо пад канец ІІІ стагоддзя адзначалі Аб’яўленне Пана), то спачатку адзначалі толькі свята, а з цягам часу распачалі падрыхтоўку да яго, так і ўзнік Адвэнт. Перыяд святкавання Божага Нараджэння ў мінулым меў розную па часе працягласць. Канчаткова было прынята, што ён заканчваецца ў нядзелю Хросту Пана, якая ішла следам за святам Аб’яўлення Пана – Эпіфаніі. Пасля Другога Ватыканскага Сабору нядзелі пасля Спаслання Духа Святога і пасля Аб’яўлення Пана пачалі называць звычайнымі нядзелямі касцёльнага года.

На працягу стагоддзяў у каляндар літургічных святаў дадаваліся святы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, апосталаў, мучанікаў, а з часам таксама і іншых святых. Сучасны літургічны каляндар быў прыняты ў 1969 г., у хуткім часе пасля заканчэння Другога Ватыканскага Сабору.

«Перыяды» касцёльнага года

На працягу гадавога цыклу Касцёл згадвае ўсю містэрыю Хрыста – ад Уцелаўлення праз Спасланне Духа Святога да чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. «Гэта не азначае, што Адвэнт працягваецца чатыры тыдні, але азначае, што Божае Нараджэнне папярэджваюць чатыры адвэнтавыя тыдні», – тлумачыць біскуп Стэфан Ціхі. Ксёндз біскуп дадае, што ў мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.

Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня. Таямніца Уцелаўлення Божага Сына ў літургіі святкуецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў.

Найважнейшым часам касцёльнага года з’яўляецца святкаванне Пасхальнай таямніцы або мукі, смерці і ўваскрэсення Езуса Хрыста. Адбываецца гэта ад Вялікага Чацвярга да нядзелі Уваскрэсення. Каб перажыць гэтыя таямніцы, хрысціяне рыхтуюцца 40 дзён пакутнага перыяду, які называецца Вялікім пастом і распачынаецца ў Папяльцовую сераду. У яго не ўваходзяць шэсць нядзеляў, якія з’яўляюцца ўспамінам Уваскрэсення. Апошняя з іх распачынае Вялікі Тыдзень і мае назву Пальмовай – гэта нядзеля ўспаміну каралеўскага ўезду Езуса ў Ерузалем.

Пяцьдзесят дзён пасля Вялікадня доўжыцца Велікодны перыяд. У гэты час асабліва радасна святкуецца перамога Хрыста над грахом і смерцю, а на заканчэнне адзначаецца Пяцідзесятніца – успамін Спаслання Духа Святога на Апосталаў і Марыю, якія сабраліся ў Вячэрніку. На дзесяць дзён раней, пасля святкавання Уваскрэсення, Касцёл святкуе ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана.

Астатнія дні года ствараюць гэтак званы звычайны перыяд касцёльнага года (33 або 34 тыдні), якія называюцца звычайнымі на працягу года. Складаецца ён з дзвюх частак: ад нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады і ад Спаслання Духа Святога да Адвэнту. Апошняя з нядзеляў касцёльнага года прысвечана Хрысту, Валадару сусвету.

Колеры літургічнага адзення

Белы – знак радасці, чыстасці і святасці. Апранаюць яго ў Велікодны перыяд і перыяд Нараджэння Пана, у святы і ўспаміны Хрыста Пана, за выключэннем тых, што датычаць Яго Мукі; у святы і ўспаміны Найсвяцейшай Панны Марыі, святых Анёлаў, святых, якія не былі мучанікамі, ва ўрачыстасці Усіх Святых (1 лістапада) і св. Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня), у свята св. Яна Евангеліста (27 снежня), катэдры св. Пятра (22 лютага) і навяртання св. Паўла (25 студзеня).

Чырвоны – знак мучаніцтва і Духа Святога. Апранаюць у нядзелю Мукі Пана, у Вялікую Пятніцу, у нядзелю Спаслання Духа Святога, у Св. Імшах на ўшанаванне Мукі Пана, у галоўныя святы Апосталаў і Евангелістаў і ў дні святых мучанікаў.

Фіялетавы – сімвал пакаяння, смутку, чакання і жалобы. Выкарыстоўваюць у перыяд Вялікага посту, у Адвэнце, а таксама падчас пахавальнай літургіі.

Зялёны – знак звычайнага часу, штодзённасці і надзеі. Выкарыстоўваецца падчас Св. Імшы ў звычайны перыяд.

Ружовы – сімвал радасці. У літургіі яго можна выкарыстоўваць толькі два разы на год: у 3-ю нядзелю Адвэнту, якая называецца нядзеляю Gaudete, і ў ІV нядзелю Вялікага посту – нядзелю Laetare.

Чорны – колер жалобы, які выкарыстоўваюць падчас Св. Імшы за памерлых.

«Gość Niedzielny», № 48 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы І.Л.

ПАДЗЕЛ КАСЦЁЛЬНАГА ГОДА