Перад святам Божага Нараджэння кожны хрысціянін перажывае асаблівы час — час посту, які дапамагае лепей падрыхтавацца да аднаго з найважнейшых дзён у Літургічным годзе, а таксама ўсвядоміць, што Пан Езус прыйдзе на зямлю другі раз, каб узяць нас у сваё Валадарства.

Падчас Адвэнту ў касцёлах па ўсім свеце праходзяць спецыяльныя набажэнствы, якія маюць назву Раратняй Святой Імшы, а гэтая Святая Імша, як ні адна іншая, дапамагае зразумець усю значнасць Свята Божага Нараджэння. Але бывае яна зазвычай вельмі рана, калі яшчэ не ўзышло сонца, таму цяжкавата прачынацца і дабірацца да касцёла, але, перамогшы сябе, збіраешся і выходзіш з дому.

...Свежае, марознае паветра адразу бадзёрыць, і настрой змяняецца: забываеш пра сон і пачынаеш паволі заўважаць прыгажосць наваколля.

На вуліцы яшчэ пануюць ноч і цемра, пад нагамі рыпіць бялюткі снег, мароз кусае за шчокі, а ў небе трымцяць апошнія зоркі. Вакол яшчэ вельмі ціха, толькі белыя сняжынкі раз-пораз павольна апускаюцца з аблокаў, якія быццам птушкі ляцяць па чорным небе. Ад ліхтароў уздоўж дарогі снег выглядае вельмі прыгожа, быццам нехта рассыпаў па ім каштоўныя камяні, якія пераліваюцца і зіхацяць у глыбіні крышталікаў. Ды чаму нехта? Гэта Той, да Каго ты цяпер спяшаешся, Той, які стварыў увесь гэты цудоўны свет.

Але вось нарэшце і брама касцёла! Унутры вельмі цёмна, але ты запальваеш свечку ў ліхтарыку, і навокал становіцца крышачку святлей. Абапал цябе таксама людзі з запаленымі свечкамі.

Вельмі важна, што падчас Раратняй Святой Імшы мы асаблівым чынам узгадваем Марыю, дзякуем Ёй за тое, што Яна згадзілася стаць Маці Езуса Хрыста. Мы просім, каб Яна дапамагла нам жыць паводле свайго прыкладу і добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.

Калі пасля Святой Імшы выходзіш з касцёла на вуліцу, бачыш, што сонца ўжо ўзышло і ўся вуліца змянілася. Здаецца, што ты выйшаў з касцёла зусім іншы, што змянілася не толькі вуліца, але і сэрца: цяпер у ім гарыць маленькае, але гарачае палымя, якое не дае замерзнуць і абуджае прагу саграваць гэтым цяплом іншых. На душы робіцца вельмі светла ад думкі, што ты прачнуўся так рана і прыйшоў да касцёла, што распачаты дзень напоўнены светлай, празрыстай радасцю, і на ўсе рэчы ты глядзіш праз прызму любові і дзякуеш за ўсё Пану Богу.

Калі Адвэнт падыходзіць да заканчэння, подых святла адчуваецца ва ўсім свеце. Менавіта ў такі чароўны час у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску праходзіць дыяцэзіяльнае начное чуванне моладзі. Моладзь з усёй Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі збіраецца разам, каб праслаўляць Бога спевамі і маліцца, рыхтуючыся да Божага Нараджэння. Людзей на такіх чуваннях заўжды вельмі шмат, бо чуванне — гэта асаблівая ахвяра Пану Езусу, асаблівы час роздуму і малітвы.

Распачынаецца чуванне заўсёды маладзёжнай Святой Імшой, якая змяняецца Адарацыяй. На чуванні заўсёды шмат святароў, і кожны вернік можа паспавядацца.

Кульмінацыяй чування становіцца прынашэнне да алтара картак, на якіх кожны піша свае правіны, а таксама падзяку за ўсе тыя ласкі, якімі так шчодра адарыў яго Езус. Пачуцці, якія перапаўняюць душу, калі падыходзіш да алтара, цяжка перадаць на паперы. Магу сказаць толькі тое, што твары маладых людзей у гэты момант становяцца падобныя на твары анёлкаў, намаляваных на касцёльных фрэсках.

Абавязковая частка начнога чування — Ружанец. У сваіх малітвах мы давяраем усе клопаты і турботы нашай Маці, просячы Яе аб заступніцтве і ўмацаванні прагі да няспыннага самаўдасканалення.

Найбольш вясёлы час чування — агапа, час, калі ўся моладзь збіраецца ў дольным касцёле, каб пачаставацца і падмацавацца прысмакамі і гарбатай, а таксама падзяліцца аплаткам. Знаёмыя і незнаёмыя людзі падыходзяць адзін да аднаго, гавораць найпрыгажэйшыя і самыя шчырыя пажаданні, і ў іх добрых усмешках і ясных вачах адлюстроўваецца сапраўдная любоў, якая зыходзіць да нас ад Пана Бога.

Падчас Адвэнтовага чування моладзь паказвае сцэнку, якая дапамагае больш поўна ўявіць умовы і абставіны, у якіх нарадзіўся Езус, яшчэ раз асэнсаваць гэту падзею.

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яго» (Іс 40, 3). Гэтыя словы асаблівым чынам гучаць падчас Адвэнту, заклікаючы нас да малітвы, добрых учынкаў і ўдзелу ў Раратах.

Час посту — гэта асаблівы час працы над сабой, час пэўных абмежаванняў. Ад аднаго святара я чула такія словы: «Чым больш вы будзеце працаваць над сабой падчас посту, тым шчаслівейшыя будуць для вас святы». Мабыць, чым больш мы ачысцім свае душы ад бруду і непатрэбшчыны, тым больш застанецца ў іх месца для Божай любові і тым шчаслівейшы стане чалавек.

Падчас Адвэнту ўсе мы чакаем цуду, які заўсёды адбываецца на Каляды. Калі мы добра падрыхтуемся да свята, мы абавязкова заўважым гэты цуд...

Ларыса Дарашэнка.
Фота М. Новікава.