Яны сябравалі з юнацтва. У іх нібы нават на дзвюх было адно імя – Гэлена. Гэлена Кук’ян і Гэлена Лабанарская. Абедзве з маляўнічых вёсак Браслаўшчыны, яны пазнаёміліся ўжо ў самім Браславе, калі больш за пяцьдзесят гадоў таму прыехалі працаваць у мясцовы санаторый. Пасябравалі, добра зразумелі адна адну, бо часта бачыліся не толькі на працы, але і пасля яе – на набажэнствах у касцёле. І аднойчы ў сардэчнай размове прызналіся адна адной, што маюць намер стаць законніцамі...

У наш час, калі хто робіць такі крок, то пра гэта ведае ўся парафія, усе знаёмыя ды суседзі. Тады ж гэткую падзею, наадварот, утойвалі нават ад сяброў ды блізкіх, нават ад аднаверцаў. І таму ні на распачацці дзяўчатамі пастулату, а пазней і навіцыяту, ні на складанні законных шлюбаў не было гасцей, прыгожых віншаванняў ды пажаданняў. Усе тыя адметныя падзеі іхняга жыцця адбываліся ў вялікай таямніцы. І хто ведае, можа, тая таямнічасць павялічвала значнасць, непаўторнасць, адметнасць падзей, рабіла іх аддадзенымі выключна Богу, а не людскім меркаванням. Шчыльна завесіўшы фіранкі на вокнах дамка, у якім жылі браслаўскія законніцы, яшчэ дзве смелыя дзяўчыны склалі Богу шлюбы праз ксяндза дзекана Інгялевіча. На ўрачыстасці ж прысутнічалі некалькі старэйшых сясцёр, якія таксама патаемна насілі імёны эўхарыстак.

Але ж вядома, што шыла ў мяху не ўтоіш, і хутка па Браславе папаўзлі здагадкі пра манаства дзвюх Гэленаў. Людзі рэагавалі па-рознаму: адны разумелі і няхай сабе моўчкі, але ўсё ж падтрымлівалі смелых дзяўчат, іншыя ж кпілі ды часам зняважліва абзывалі, тым самым паказваючы, што ваяўнічае бязбожніцтва пажынала ўжо свой брыдкі плён нават на Браслаўшчыне, якая здавён славілася верай і вернасцю Касцёлу.

Ішоў 1953 год. Ужо не было на свеце «бацькі»-Сталіна, а ў жыцці звычайных людзей пакуль што нічога не змянілася. У вязніцах ды лагерах цярпелі пакуты несправядліва асуджаныя, а іхнія сваякі ды знаёмыя баяліся кожнага начнога гуку, уздрыгвалі ад раптоўнага гулу машын, старанна хавалі ад непрыязных вачэй рэдкія лісты выгнаннікаў ды ашчаджалі кожны акраец хлеба, памятаючы, што ім трэба падзяліцца з тымі, хто церпіць голад у заўральскіх, сібірскіх, казахстанскіх ды далёкаўсходніх краях.

Страх і недавер панавалі наўкола. А яны, дзве ўсмешлівыя маладзенькія дзяўчыны, аддавалі сваю маладосць, радасць жыцця, надзею, веру і любоў у шлюбе чысціні, убоства і паслушэнства Езусу Хрысту, уступіўшы ў Супольнасць сясцёр служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі. Ведалі, што чакаюць іх нялёгкія выпрабаванні, не спадзяваліся на пашаноту ў свеце, у якім раструшчвалася ды зневажалася вера ў Бога, такая дарагая ды патрэбная ім абедзвюм. Нават на тое, каб адзець хабіт законніцы ды смела, адкрыта, ні ад каго не тоячыся пайсці ў ім у касцёл і тым самым пакласці канец усім недагаворкам ды плёткам, яны не маглі разлічваць. Яны, маладыя, прыгожыя, ішлі, калі мераць звыклымі меркамі, у невядомае. Але страху не было. Іх ніхто не змушаў гэта рабіць, яны самі, па сваёй волі выбіралі для сябе шлях поўнага аддання Таму, Хто нягучна, але настойліва клікаў іх да сябе ў цішы касцельнага алтара.

На працы ці на вуліцы абедзве Гэлены часам чулі пра тое, што яны, мусіць, здурнелі, добраахвотна «засланіўшы» сабе вочы ад свету. Ды толькі, склаўшы ўвосень 1953 года свае першыя шлюбы Богу, яны не адгарадзіліся ад праблемаў ды цяжараў жыцця, але заставаліся працаваць у санаторыі і знешне нічым не вылучаліся сярод сваіх равесніц.

Сястра Гэлена Кук’ян цяпер адно з усмешкаю прыгадвае, як галоўны ўрач санаторыя тройчы клікаў яе да сябе на кватэру і намагаўся адкрыць ёй вочы на «шчаслівую» будучыню ў камуністычным грамадстве, у якім, вядома ж, няма месца Богу, рэлігіі, Касцёлу. «Чытай газету «Правда!» – раз-пораз паўтараў ён, нервова мераючы шырокімі крокамі пакой. А маладзенькая браслаўчанка ціха, але ўпэўнена адказвала, што яна не адрачэцца ад Бога і не перастане хадзіць у касцёл. Трэцяя такая сустрэча скончылася неспадзявана: перакананы камуніст раптам паклаў на худзенькае дзявочае плячо руку і сказаў, што сам ён застанецца пры сваіх перакананнях, а яна, Гэлена... І раптам замоўк — мабыць, не адважыўся вымавіць тое, што супярэчыла партыйнай дысцыпліне. Але па тым, як прымірэнча ён гэта сказаў, дзяўчына адчула, што зацяты камуніст... згадзіўся з ёю, прыняў яе праўду, хоць і не асмеліўся ўголас прызнацца ў гэтым. І яшчэ яна зразумела, што больш ён наўрад ці будзе імкнуцца перавыхаваць яе. Так і здарылася.

У разумных людзей хапала такту калі не прыняць, не зразумець вернікаў і адкрыта выказаць сваю павагу да іх, то хоць бы не перашкаджаць ім ды не пасміхацца з іхняе веры. Праўда, сярод перакананых атэістаў такіх было няшмат, а наскрозь ілжывая палітыка дзяржавы па-ранейшаму не жадала прыняць права сваіх жыхароў на свабоду сумлення і веравызнання.

Прыгадваючы цяпер тыя даўнія гады, сёстры эўхарысткі Гэлена Кук’ян і Гэлена Лабанарская дзякуюць Пану Богу за тое, што Ён даў ім ласку мужнасці ды вытрымкі, ласку радаснага, хрысціянскага перажывання ўсіх цяжкасцяў, якіх ніколі не бракавала. Хапіла вытрымкі тады, калі браслаўскія законніцы саступілі сваё цеснае жытло, ксяндзу, бо той зусім не меў дзе жыць, паколькі савецкая ўлада забрала плябанію. Сёстры ж тады перайшлі ў сцюдзёны складзік, дзе спалі на змайстраваных імі ляжанках. І ўсё ж насуперак ўсім тым злыбедам яны ўмелі цешыцца, бо вось жа прыехаў святар у браслаўскі касцёл, і іхняя святыня зноў – Божы дом для вернікаў! Ці ж гэта не радасць? Прывучылі сябе не наракаць на заўсёдны недахоп харчоў, бо мусілі ашчаджаць кожны кавалак ды эканоміць грошы на пасылкі для святароў, якія цярпелі пакуты ў сталінскіх лагерах. Кожны раз яны, як дзеці, радаваліся, калі іхняя генеральная маці Апалонія Пяткун несла чарговую пасылку для выгнаннікаў на пошту – плён іхняе ашчаднасці! Зрэдку, праўда, была і ўзнагарода, калі маці Апалонія атрымлівала лісты з савецкіх лагераў: ад айца Андрэя Цікоты, ад святароў Кударэўскага, Францкевіча, Лаўцэвіча, Паўліка і іншых. І тады яны, шчыльна зачыніўшыся ў сваім убогім жытле, чыталі-перачытвалі тыя лісты ды плакалі, а потым зноў і зноў маліліся, давяраючы свае беды Пану Богу.

Унікальная гэта з’ява – утоенае манаства ў савецкі час. Мабыць, толькі дзякуючы Божай ласцы сёстры не паддаліся спакусе адказваць на жорсткасць ды зло тым жа. Вытрымкі спатрэбілася шмат: і ў Браславе, і потым, калі Гэлена Кук’ян служыла Богу ў Вільні, а Гэлена Лабанарская – на місіі ажно ў далёкай Грузіі. І калі першая хоць і заставалася ўтоенай законніцай, але ўсё ж пераважна знаходзілася ў прыязным асяроддзі, адпрацаваўшы 25 гадоў фармацэўтам у аптэцы, то другой адразу ж пагражала... турма. Бо за навучанне рэлігіі толькі аднаго дзіцяці па тамтэйшым заканадаўстве яна магла быць пасаджана ў вязніцу на 2 гады. Дарослых людзей катэхізаваць дазвалялася, а дзяцей – не. Калі сястра Гэлена разам з яшчэ адной законніцай пачынала сваю працу ў той парафіі, там было толькі адно дзіця. Калі ж у 2000 годзе яна ад’язджала з тае місіі, у парафіі было 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Вядома, за навучанне іх рэлігіі можна было атрымаць такі тэрмін, што жыццяў законніц не хапіла б, але канспірацыя, асцярожлівасць, малітва ды Божая ласка спрыялі таму, што ў турму яны ўсё ж не трапілі. Затое на ўсё жыццё запамятала сястра Гэлена доўгія «прафілактычныя» размовы ў КДБ (некаторыя з якіх цягнуліся па 4-6 гадзін).

...Здаецца, яшчэ зусім нядаўна сёстры апранулі хабіты законніц, а нам, вернікам, ужо й не верыцца, што магло быць інакш. Іхні выбар сучаснае грамадства нібыта прыняло, але дзеля таго, каб надышоў такі час, відаць, патрэбна было ім перажыць усе тыя нягоды, цярпенні, крыўды і несправядлівасць. Дзякуй Богу, перажылі. Сястра Гэлена Кук’ян, прыгадваючы даўняе, прыходзіць да нечаканай высновы:

– Шмат давялося перацярпець, шмат. Але ж і колькі радасці мы затое зведалі! Вось здавалася б, адкуль ёй было ўзяцца, той радасці, калі вакол столькі дурноцця, падазронасці, кпінаў, здзекаў... А ты прыбяжыш у касцёл, укленчыш – і такое ў душы шчасце, што ты ўсё ж тут, пры Езусе! А тое, што мы ведалі, дзеля Каго церпім, давала нам і сілу, і радасць, і надзею.

Мінулай восенню абедзве сястры – даўнія сяброўкі Гэлена Кук’ян і Гэлена Лабанарская – адсвяткавалі залаты юбілей сваёй службы Езусу Эўхарыстычнаму. За гэты час іхняя супольнасць вырасла і ўжо цешыцца маладымі пакліканнямі, плённай працай сярод вернікаў. Вось толькі б у маладых хапала трываласці ды мудрасці, разважлівасці, любові да Хрыста і Яго Касцёла – усяго таго, што дапамагала жыць, служыць Богу і людзям ім, залатым юбіляркам. За гэта яны і моляцца цяпер, пераступіўшы свой залаты парог законніцтва.

– Цярпенняў хапае і ў свеце, і ў законе, – кажа сястра Гэлена Кук’ян, – але ў свеце часта бывае цяжка зразумець сэнс тых цярпенняў. У законе ж наконт гэтага, калі можна так сказаць, прасцей. Бо мы заўсёды ведаем, Каму прысвяціць нашы радасці і беды. А калі жывеш у згодзе з Божай воляй, калі сэрца, усе памкненні і надзеі аддадзены Богу, тады менш небяспекі нарабіць горкіх памылак у жыцці.

З гэткімі спадзяваннямі дзве сяброўкі ўступілі пяцьдзесят гадоў таму ў Супольнасць сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. У год залатога юбілею службы ў законе яны пацвердзілі сваю вернасць Хрысту і працягваюць Яму верна служыць: сястра Гэлена Кук’ян – у Полацку, а сястра Гэлена Лабанарская – у Барысаве. А нядаўна абедзве яны перажылі і яшчэ адну вялікую радасць – ім уручылі юбілейныя медалі, прысланыя знарок для іх ажно з Ватыкана...

Ірына Жарнасек