Ксёндз інфулат Станіслаў Ткоч (1931–2003) нарадзіўся ў сям’і слёнскіх настаўнікаў. У 1952 г. паступіў у Вышэйшую слёнскую духоўную семінарыю ў Кракаве. У 1957 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў вікарыем у парафіі ў Вадзіславе Слёнскім і ў дыяцэзіяльнай курыі ў Катавіцах. З 1 сакавіка 1971 г. і да канца жыцця быў галоўным рэдактарам тыднёвіка «Gość niedzielny». У 1985 г. атрымаў званне ганаровага пралата Яго Святасці.

13 лістапада памёр галоўны рэдактар польскага каталіцкага тыднёвіка «Gość niedzielny» ксёндз інфулат Станіслаў Ткоч.

«З адыходам кс. Станіслава Ткоча Касцёл у Польшчы страціў адну з найбольш выбітных асобаў», – напісана ў некралогах, змешчаных у многіх каталіцкіх выданнях.

Вядомы польскі публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара тыднёвіка «Gość niedzielny» Анджэй Граеўскі ў развітальным слове падкрэсліў выключную ролю галоўнага рэдактара ў станаўленні і развіцці гэтага, надзвычай папулярнага сёння, каталіцкага выдання, адзначыў, што ксёндз Ткоч «перадусім хацеў, каб часопіс быў голасам Касцёла (...), а яго чытанне ўмацоўвала веру».

Галоўны рэдактар здолеў дасканала згарманізаваць евангелізацыйную місію свайго тыднёвіка з жорсткімі ўмовамі рынку і бізнесу. Калі ў 1974 г. ксёндз Станіслаў узначаліў «Gość niedzielny», ён складаўся ўсяго толькі з некалькіх калонак, якія рыхтаваў невялічкі рэдакцыйны калектыў. Сёння – гэта адзін з найбольш папулярных каталіцкіх часопісаў не толькі ў Польшчы, але і ва ўсёй Еўропе. У яго рэдакцыі працуе больш за сто высокапрафесійных журналістаў; «Gość niedzielny» выдаецца стотысячным накладам і мае дванаццаць рэгіянальных аддзяленняў...

У лістападзе 2000 года нам з дырэктарам выдавецтва «Pro Christo» Алінаю Новікаваю пашчасціла быць два тыдні на творчай практыцы ў рэдакцыі «Gościa» ў Катавіцах. Пашчасціла таксама пазнаёміцца з галоўным рэдактарам тыднёвіка кс. Станіславам Ткочам. Памятаю, як пры першай жа сустрэчы прыемна ўразіла незвычайная сціпласць, адкрытасць і шчырасць гэтага чалавека, як кранула яго зацікаўленасць усімі нашымі справамі і праблемамі.

Ксёндз Станіслаў добра ведаў гісторыю Касцёла на Усходзе, яго цікавіла таксама праваслаўная духовасць, літаратура і мастацтва суседніх краінаў. З тае сустрэчы ў нашых сэрцах назаўсёды засталіся чалавечая дабрыня і абаяльнасць ксяндза Станіслава, а таксама глыбокая ўдзячнасць за яго ўвагу да нас. Ён паклапаціўся, каб мы не толькі атрымалі максімум карысці ад творчай практыкі ў яго тыднёвіку, але й змаглі наведаць найбольш цікавыя мясціны Слёнскай зямлі і яе ваколіцаў. Дзякуючы яму мы пабывалі ў Кракаве і Лагеўніках, у Чэнстахове і Пякарах, у Кальварыі Забжыдоўскай і на радзіме Святога Айца, у Вадавіцах...

З таго часу прайшло тры гады. Усе гэтыя гады, кожны тыдзень, наша рэдакцыя атрымлівае два экзэмпляры новага нумара «Gościa». Гэта дапамагае сачыць за падзеямі ў жыцці Касцёла ў Польшчы і ў свеце; мы маем магчымасць карыстацца найбольш цікавымі матэрыяламі, надрукаванымі ў тыднёвіку, перакладаючы іх на беларускую мову для нашых каталіцкіх выданняў. Такім чынам справа жыцця ксяндза Станіслава Ткоча – яго тыднёвік – служыць таксама і католікам Беларусі, набліжаючы іх да Касцёла і да Пана Бога. Дзякуй яму за гэта. І няхай Божая Міласэрнасць будзе яму ўзнагародаю ў вечнасці.

Крыстына Лялько