Бываюць людзі, якія пакідаюць след у сэрцы аднаго ці некалькіх чалавек, але сёння хочацца ўспомніць духоўнага пастыра, які пакінуў след у жыцці цэлага пакалення нясвіжцаў. 5 снежня гэтага года ў старажытным касцёле Нясвіжа адбылося жалобнае набажэнства, прысвечанае памяці ксяндза-пралата Гжэгажа Каласоўскага. 52 гады, да самых апошніх сваіх дзён, ксёндз быў разам са сваімі парафіянамі.

На Святую Імшу прыехала шмат ксяндзоў, законных сясцёр, сабралася вялікая колькасць вернікаў. Набажэнства адпраўляў старэйшы ксёндз Рычард Юнік, які добра ведаў ксяндза-пралата Г. Каласоўскага. У сваім казанні ён гаварыў самыя шчырыя словы пра ксяндза-пралата і адзначыў, што служэнне Г. Каласоўскага Богу і людзям у нясвіжскім фарным касцёле — гэта гісторыя цяжкага пакутніцкага шляху чалавека і духоўнага пастыра, а таксама гісторыя цэлага пакалення людзей Нясвіжчыны. А шлях святара быў сапраўды пакутніцкі.

Атрымаўшы духоўную адукацыю, Гжэгаж Каласоўскі з 1939 г. працаваў у нясвіжскім фарным касцёле. Многа задумаў і планаў было ў маладога святара, але ім не было наканавана збыцца. Прыйшла савецкая ўлада, а неўзабаве пачалася вайна. Цяжка ўявіць, што перажыў ксёндз у гэты час. Ён мог быць расстраляны, як гэта сталася з апошнімі ксяндзамі ва ўрочышчы Гайкі.

Але не лягчэй было ксяндзу і ў тыя сумныя 1960-я гады, калі вялася таталітарная антырэлігійная барацьба. У складаных умовах Г. Каласоўскі павінен быў мець вялікі дыпламатычны талент, каб размаўляць не толькі са сваімі парафіянамі, але і са сваімі ворагамі. Усё пераносіць ксёндз — і боль, і смутак, і прыніжэнне, толькі каб не была зачынена святыня. Дзякуючы яго намаганням ні на адзін дзень не закрываліся дзверы касцёла.

...Жалобнае набажэнства памяці святара працягвалася і на гарадскіх могілках, дзе пахаваны ксёндз-пралат Гжэгаж Каласоўскі. Хоць на дварэ і зіма, але жывыя кветкі ўкрывалі магілу святара, не менш кветак было ўскладзена да стэнда аб жыцці і духоўнай дзейнасці Г. Каласоўскага.

Мы, несвіжане, шчаслівыя, бо наш духоўны айцец шчыра моліцца за нас у небе, а яго вялікую ахвярную апостальскую справу ў нашым цудоўным касцёле працягвае добры пастыр, чулы чалавек — ксёндз-дзекан Францішак Рудзь.

Ч. Суднік —
парафіянка касцёла Божага Цела, Нясвіж