Бешанковіцкая парафія святых Пятра і Паўла — адна з многіх утвораных, а дакладней, узноўленых на Віцебшчыне з заснаваннем дыяцэзіі. Хоць і не засталося ў раёне аніводнае, апроч касцёла Святой Тройцы ў Уле, рыма-каталіцкай святыні, гісторыя каталіцтва на гэтых землях сягае ў глыбокую даўніну. Вядома, што яшчэ ў тыя часы, калі мястэчка было падзеленым на дзве часткі, расейскую і польскую (у сувязі з падзелам Рэчы Паспалітай), у польскай, каталіцкай, частцы функцыянавалі касцёл і уніяцкая царква. У дакументах жа пачатку XX ст. Бешанковічы згадваюцца як адзін з найбуйнейшых населеных пунктаў, што засталіся за Польшчай, — з касцёлам, сінагогай, дзвюма цэрквамі.

Сёння адзінае, што тут ацалела, — праваслаўная царква. Касцёл, як і шмат дзе на Беларусі, быў канчаткова разбураны ў савецкія часы, дзесьці ў 1960-я, і нагадваюць пра яго толькі рэшткі муру прыкасцёльнае агароджы.

Тым часам католікі (пераважна ўраджэнцы заходніх раёнаў вобласці) былі ў Бешанковічах заўсёды. Напрыклад, сям’я Карэмшаў, якая жыла ў Задзвінні, за 14 вёрст ад мястэчка. З аповедаў старэйшых Ганна Карэмша ведае, як шчыра маліліся Богу яе дзед і баба, як спяшаліся на Імшу ў Бешанковічы ў нядзелю і ў святы. А вось самой жанчыне ўжо такога шчасця не выпала.

Таму, калі адчыніўся касцёл Святой Тройцы ў Уле, людзі пачалі ездзіць на Літургію туды. Але ж і надзеі на аднаўленне парафіі ў райцэнтры не гублялі. Пагутарылі з ульскім пробашчам Мечыславам Янчышыным, і ён параіў сабраць спіс бешанковіцкіх католікаў для рэгістрацыі. Неўзабаве парафія была зарэгістравана. Першым яе пробашчам стаў кс. Казімір Гваздовіч.

Маліліся напачатку ў хаце парафіянкі Ганны Новікавай, пазней прыдбалі хату пад капліцу побач з царквой, у цэнтры гарадка. Абсталявалі, набылі ўсё неабходнае для Літургіі. Гэта ўжо было ў 2000 г., пасля прызначэння пробашчам парафіі маладога ксяндза Алега Буткевіча. Звыкламу да іншых варункаў працы (да гэтага ён працаваў у Мёрах), яму шмат што напачатку падалося тут дзіўным. Да прыкладу, тое, як прыйшлося адшукваць католікаў. Як правіла, здаралася такое падчас пахаванняў, куды яго запрашалі як святара. Даводзіў людзям сутнасць каталіцкае веры, запрашаў у капліцу. Пакрысе парафія гуртавалася, мацнела.

Душпастырскую дзейнасць пробашч пачынаў з тлумачэння сутнасці Літургіі, праўдаў веры — таго элементарнага, без чаго ў парафіі з трывалымі традыцыямі можна і абысціся. І не дзіва: сярэдні ўзрост парафіянаў не перавышаў сарака гадоў, і для некаторых з іх і тая самая Пастэрка, і яселькі, і дзяленне аплаткам былі ўпершыню.

Праца рухалася: дарослыя ўсё актыўней удзельнічалі ў Святой Імшы, дзеці наведвалі катэхетычныя групы.

У многім энергічнаму развіццю парафіі паспрыялі і самі вернікі — праз сведчанне сваёй веры, належную працу ў сем’ях (яны тут, як правіла, змешаныя).

— Я працую стаматолагам, — распавяла адна з жанчын. — Дык напачатку ўсе касіліся на мяне. «Праўда, што вы ў касцёл ходзіце? — неяк спытала адна кабета падчас прыёму. — Хаджу, — адказала ёй. — Я ж каталічка». І ўсе супакоіліся. Галоўнае — не баяцца.

Асабліва радасным было стварэнне парафіі для тых, хто прыехаў сюды на сталае жыццё з традыцыйна каталіцкіх рэгіёнаў. Як, напрыклад, Ірына Мачульская.

— 22 гады тут ужо жыву, — расказала яна. — Калі трапіла ў Бешанковічы пасля сканчэння інстытута, мама вельмі перажывала. Маўляў, як ты там будзеш жыць, калі памаліцца нават няма дзе. А цяпер супакоілася. І я вельмі задаволеная, што маем сваю каплічку.

Дарэчы, і Ірына Мачульская, і іншыя настаўнікі лічаць, што катэхізацыя і далучэнне да касцёльнага жыцця дзяцей вельмі станоўча ўплываюць на іх вучобу і паводзіны. Адны толькі пілігрымкі ў Будслаў, куды дзеці выпраўляюцца штогод разам з бацькамі, ці канікулы ў Польшчы многае значаць для пашырэння іх кругагляду, набыцця досведу пра жыццё замежных равеснікаў-адзінаверцаў.

Галоўнае пытанне, якое мусяць сёння вырашаць бешанковіцкія католікі, — пабудова касцёла. Праект ужо зацверджаны, засталося вырашыць сякія-такія дробязі, а там, глядзіш, пачнуцца працы. Тым больш, што не пакідаюць гэтае пытанне без увагі дыяцэзіяльная курыя і асабіста біскуп Уладзіслаў Блін, які ўжо двойчы наведваў парафію.

Што яшчэ варта адзначыць у жыцці парафіі святых Пятра і Паўла, дык гэта самаахвярную працу пробашча Алега Буткевіча і сясцёр уршулянак. Дзякуючы іх сумесным намаганням тут рэгулярна праходзяць дэканальныя сустрэчы моладзі, дзейнічае суполка эўхарыстычнага руху Круцыяты, праведзена шмат цікавых і змястоўных мерапрыемстваў для моладзі і людзей сталага веку.

А нядаўна адбылася ў парафіі змена: замест ксяндза Алега Буткевіча, пераведзенага ў віцебскую парафію святога Антонія, пробашчам бешанковіцкіх католікаў стаў ксёндз Павел Самсонаў, які працаваў дагэтуль у Мёрах і Дзісне. Новы пробашч вельмі цёпла адазваўся пра сваіх вернікаў, адзначыў іх арганізаванасць і адкрытасць. Пажадаем яму, а таксама ўсім католікам маладой парафіі, Божае ласкі і моцнага здароўя.

Францішак Дубраўскі.
Фота аўтара і з архіва парафіі