Хор «Гасанна» віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары ведаюць як у Беларусі, так і за яе межамі. Адмысловы рэпертуар, высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, своеасаблівая манера спеваў зрабілі зусім яшчэ малады творчы калектыў папулярным і сярод католікаў, і сярод усіх, хто цікавіцца літургічнымі спевамі. «Гасанна» — лаўрэат фестывалю «Магутны Божа», удзельнік міжнародных музычных фестываляў у Ольштыне і Вронках. Давер да калектыву засведчылі сумеснымі спевамі з ім хор Міхася Дрынеўскага і музычная капэла «Sonorus».

Напрыканцы лістапада ўдзельнікі хору трымалі творчую справаздачу перад віцябчанамі. У канцэрце, які прайшоў у катэдральным касцёле ў дзень Хрыста Уладара, прагучалі старадаўнія беларускія спевы XIII–XVI стагоддзяў, а таксама спевы-малітвы і літургічныя песні паводле перакладаў з польскай і іншых моваў.

«Гэты канцэрт — вынік нашае працы за тры гады, — адзначыла напрыканцы выступлення кіраўнічка «Гасанны» Таццяна Дарафеева. — Усё, што мы робім, — з ласкі Божай, у імя Бога. Шчаслівыя твары слухачоў — найвышэйшая для нас узнагарода».

Адметнасць калектыву «Гасанна» — яго стабільнасць: за тры гады існавання, нягледзячы на напружаны рытм працы, хор не пакінуў ніводны выканаўца. А яго паспяховая дзейнасць стала добрым прыкладам для стварэння спеўных калектываў у іншых парафіях абласнога цэнтра. Усё больш шырокую вядомасць набывае ў дыяцэзіі хор парафіі святога Антонія, праводзіць першыя рэпетыцыі хор пры парафіі Езуса Міласэрнага.

Франц Сіўко


Калі ласка, пакіньце свой каментар.