Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін узначаліў 12 лістапада ў Оршы ўрачыстасць з нагоды 380-й гадавіны мучаніцкай смерці апекуна дыяцэзіі св. Язафата Кунцэвіча. Полацкі біскуп Язафат Кунцэвіч загінуў, абараняючы еднасць Хрыстовага Касцёла, пачатак адраджэння якой быў пакладзены Брэсцкай уніяй 1596 г.

У гаміліі падчас урачыстай Св. Імшы апостальскі візітатар для грэка-католікаў на Беларусі, архімандрыт а. Сергій Гаек MIC падкрэсліў значэнне мучаніцтва, якое з’яўляецца сведчаннем веры. Менавіта такое сведчанне даў св. Язафат. Ён часта паўтараў, што гатовы аддаць сваё жыццё «за праўду, якую абвяшчае Касцёл, за Апостальскую Сталіцу, за Рымскага біскупа». Так і адбылося ў Віцебску ў нядзелю 12 лістапада 1623 г.

Урачыстую літургію разам з біскупам У. Блінам канцэлебравалі святары з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Прысутнічалі на ёй законныя сёстры, шматлікія вернікі і госці, у тым ліку грэка-католікі з усёй Беларусі. Падчас урачыстасці быў выкананы прыгожы канон у гонар св. Язафата.

Мучаніцкая смерць св. Язафата Кунцэвіча стала паваротным пунктам у гісторыі Брэсцкай уніі, якая ў хуткім часе была прызнана польскім каралём, сенатам і касцёльнай лацінскай іерархіяй. Папа Урбан VIII падтрымаў уніяцкую Царкву (названую пазней грэка-каталіцкаю) і ўжо ў 1643 г. беатыфікаваў першага мучаніка гэтай Царквы. Кананізацыю благаславёнага Язафата Кунцэвіча здзейсніў у 1867 г. Пій ІХ.

Рэліквіі святога мучаніка спачатку знаходзіліся ў полацкай катэдры, але ў перыяд падзелаў краіны, каб пазбегнуць магчымай прафанацыі рэліквій з боку царскіх уладаў і праціўнікаў уніі, рэліквіі захоўваліся ў некалькіх месцах у Літве і на Беларусі. У 1916 г. яны былі змешчаны ў венскі касцёл базыльянаў, а адтуль у 1949 г. перавезены ў базыліку св. Пятра ў Рыме, дзе спачываюць да сённяшняга дня. Пілігрымы з Віцебска, якія прыехалі ў кастрычніку ў Рым з нагоды 25-годдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ, мелі магчымасць памаліцца каля рэліквій свайго апекуна.

Кс. Міраслаў Скачылас,
Віцебск