29 лістапада ў Сянно адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 125-годдзю з дня народзінаў вядомага беларускага паэта-святара, грамадскага дзеяча, актыўнага ўдзельніка адраджэнскага руху ксяндза Аляксандра Астрамовіча. Вядомы ў айчыннай літаратуры пад псеўданімам Андрэй Зязюля, ксёндз Астрамовіч звязаў свой лёс з Сенненшчынай у 1919 годзе, тут, на сенненскіх могілках, ён і пахаваны.

Урачыстасці ў памяць святара распачаліся ў капліцы Святой Тройцы, узведзенай на месцы пабудаванага ў 1772 і ўзарванага ў 1962 годзе касцёла Святой Тройцы. Святую Імшу ў інтэнцыі ксяндза Астрамовіча вёў ураджэнец Сянно пробашч віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч. У казанні падчас набажэнства пробашч парафіі Януш Прусіноўскі адзначыў неацэнны ўклад свайго папярэдніка ў развіццё вольнай думкі на Беларусі, важкасць яго постаці як узору адданасці роднай зямлі, яе культурна-этнічнай спадчыне. «Слова ксяндза Астрамовіча — слова вольнага чалавека, — сказаў кс. Януш. — Ён як ніхто разумеў: хочаш пазбавіць чалавека надзеі і годнасці — абрэж яго карані, знішчы повязь з досведам прадзедаў».

Пасля Святой Імшы вернікі парафіі разам з ксяндзамі Янушам Прусіноўскім і Міхалам Ермашкевічам перайшлі на могілкі, дзе, паводле сведчанняў відавочцаў, быў пахаваны ў 1921 годзе ксёндз Астрамовіч. Сімвалічную магілу з драўляным крыжам і прыгожым надмагільным надпісам асвяціў пробашч талачынскай парафіі святога Антонія кс. Пётр Клубіцкі, чый прыезд на ўрачыстасці быў таксама невыпадковы: менавіта на тэрыторыі цяперашняй талачынскай парафіі, у Абольцах, пэўны час працаваў ксёндз Астрамовіч.

Кульмінацыяй дня стала адкрыццё ў раённым краязнаўчым музеі выставы «Крыж і церні жыцця Андрэя Зязюлі», дзе змешчана шмат цікавых экспанатаў: здымкаў, копій выданняў кніг паэта «З роднага загону» і «Падарунак беларускаму жаўнеру», матэрыялаў з раённай газеты, жывапісных прац школьнікаў, прысвечаных знішчанай святыні і яе ваколіцам. Адкрыў выставу і падрабязна распавёў пра гісторыю яе стварэння адзін з лепшых краязнаўцаў вобласці — настаўнік Васіль Бандарэвіч. Паводле яго слоў, экспазіцыю плануецца зрабіць пастаяннай.

Пасля адкрыцця выставы і агляду іншых экспазіцый музея ўдзельнікі ўрачыстасці сабраліся ў адной з залаў, дзе прадоўжылі вечарыну памяці чытаннем вершаў ксяндза Астрамовіча, развагамі над яго лёсам і перыпетыямі жыцця. Адзін з лепшых вершаў паэта — «Ніколі» — прачытаў Павел Подраз.

Францішак Дубраўскі.
Фота Віталя Броўкі