Нашаму касцёлу ў Бабруйску — 100 гадоў. Пабудаваны ў 1903 г., асвечаны ў свята Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ён шмат чаго бачыў, шмат пакутаваў, шмат перажыў. Пасля многіх гадоў пераследу, у пачатку 1990-х, вернуты парафіянам і паўторна асвечаны ў 1996 годзе. Мы з удзячнасцю ўспамінаем святароў, якія разам з намі адраджалі нашу святыню. Найперш ксяндза Анджэя Шчэнснага, пра якога дагэтуль памятаем з удзячнасцю за кожны напоўнены працай дзень, за яго навуку, катэхезы, за мноства людзей, якія пры ім прыйшлі да Бога, прыйшлі ў наш касцёл і цяпер з’яўляюцца найбольш свядомаю часткаю католікаў у парафіі. Удзячны мы таксама цяперашняму дэкану ў Магілёве ксяндзу Раману Факсінскаму, які 7 гадоў працаваў у нашай парафіі. Дзякуючы кс. Раману касцёл набыў той выгляд, які мае цяпер. Амаль усе дзеці прыйшлі ў касцёл менавіта дзякуючы яму — многія ужо павырасталі, але ў іх сэрцах назаўсёды застанецца кс. Раман.

Не магу не ўзгадаць мілага ўсім нашым сэрцам кс. Антонія Клімантовіча, строгага кс. Аляксандра Тарасевіча, усіх нашых вікарыяў. Пра кожнага з іх можна сказаць толькі добрыя, прыгожыя словы. Дзякуй вялікі вам, паважаныя нашы святары, мы заўсёды ўспамінаем пра кожнага з вас з любоўю і павагай.

А цяпер хочацца ўспомніць тых, без чыёй ахвярнай працы, цярпення, без чыёй веры і малітвы мы яшчэ доўга не мелі б нашага касцёла. Гэта наш гонар, наша любоў і павага, наша багацце — вернікі старэйшага пакалення. Многіх з іх ўжо няма на свеце, многія ведалі адзін аднаго толькі па імёнах. Вось некаторыя з іх: Юлія і Людвіг Слязі, Вікця Руткоўская, Марыя Ясевіч, Лёня Каржанеўская, Аня Стасевіч, Франя Гавароўская, Аня Каладзінская, Броня Корбут, Калета Трацэўская, Галя Аляксеева, Жэня і Валодзя Вянглінскія, Ядзя Сушко. Вечная ім памяць.

А цяпер гляньце на здымкі, на твары гэтых простых жанчын. Яніна Казіміраўна Гуткоўская 1915 года нараджэння, Ганна Казіміраўна Галоўчыц з 1929 года, Ганна Станіславаўна Сверж нарадзілася ў 1932 годзе. Чаму менавіта гэтыя тры жанчыны? Напэўна таму, што ў іх лёсах адлюстраваны лёсы пераважнай большасці старэйшага пакалення і менавіта яны, пры ўсёй сваёй знешней непрыкметнасці, сталі для нас узорам цвёрдасці ў веры і святасці ў жыцці.

Яніна Руткоўская і Ганна Галоўчыц — родныя сёстры. Нарадзіліся яны ў Любанскім раёне ў вёсцы Трубяціна. У сям’і было адзінаццаць дзяцей, але ў жывых засталося сем (потым два браты загінулі на фронце). У Трубяціне жылі амаль адны католікі. Яніна Казіміраўна згадвае, як хадзілі на Імшу ў Глуск, дзе быў вельмі прыгожы касцёл (яго ўзарвалі немцы). У пачатку 1960-х Яніна Казіміраўна з сям’ёй пераехала ў Бабруйск, а крыху пазней пераехала і Ганна Казіміраўна. Ганна Станіславаўна Сверж родам з Бабруйскага раёна, з вёскі Продвіна. Яна была трэцяй сярод чацвярых дзяцей. У горад Ганна пераехала ў 1949 годзе. Амаль увесь час працавала на Дзяржынцы (цяперашняй «Славянцы»). Падобныя біяграфіі ва ўсіх трох жанчын — цяжка жылі, цяжка працавалі, пакутавалі ў вайну, галадалі і цвёрда трывалі ў веры.

Бог пакрысе звёў католікаў у Бабруйску разам. Пачалі збірацца то ў адной хаце, то ў другой. Калі мелі магчымасць, ездзілі да касцёла ў Вільнюс. Ганна Станіславаўна там і павянчалася. Адтуль час ад часу прыязджалі святары ў Бабруйск, і тады католікі адразу збіраліся на Імшу, нягледзячы на забароны. Некалькі разоў адпраўлялі Імшу ў хаце Яніны Казіміраўны. Побач была вайсковая частка, адкуль тайна прыходзілі хрысціць дзіцей афіцэры. Яніна Казіміраўна была адной з ініцыятарак прапановы купіць хату, дзе можна было б збірацца на малітву з дазволу ўладаў. Грошы збіралі ўсе разам, адрываючы ад сваіх патрэбаў. Потым знеслі ў тую хату ўсе свае абразы, і былі шчаслівыя тым, што маглі прыняць святароў і адчуваць сябе годна, яднаючыся з Богам. Праз некаторы час пакалечаныя святыні пачалі вяртаць вернікам, і нашы старэйшыя ўзяліся за справу.

Ганна Станіславаўна Сверж, якая ў той час была сакратаром касцёльнай дваццаткі, успамінае, як шмат давялося ездзіць, хадзіць, прасіць, патрабаваць і маліцца, маліцца, маліцца.

«Як цяпер памятаю, ключ нам аддалі 12 лютага», — гаворыць Ганна Станіславаўна. Ганна Казіміраўна дадае: «Гэта было свята. Але цяжка пераказаць, што за відовішча нам адкрылася. Трэба было закасваць рукавы і працаваць. Вочы баяліся, а рукі рабілі». Муж Ганны Станіславаўны, Іосіф Аляксандравіч, праваслаўны, але кожны дзянёк разам з жонкай прыходзіў у касцёл працаваць. Яны здружыліся з мужам Ганны Казіміраўны Адамам Сабінавічам — абодва здатныя да працы, працавалі з той адданасцю, якая ідзе ад душы. Кожны з старэйшых можа штосьці ўзгадаць з таго часу.

Ганна Сверж памятае, як плакала, не ведаючы, што рабіць, калі двое сутак з прабітай батарэі цякла вада. Ганна Галоўчыц мае памятку з тых дзён — шрам на галаве (на яе ўпала дошка).

Усе добра памятаюць, як Франя Іосіфаўна Журава не пабаялася залезці на самы верх рыштаванняў, каб ачысціць столь у алтарнай частцы.

Яніне Казіміраўне тады было ўжо далёка за 70, а яна, бывала, па 3 начы адна старажавала ў касцёле. Напэўна, тымі начамі згадвала ўсё сваё жыццё — і светлае, і горкае: як пахавала трыццацішасцігадовую дачку, якая пакінула дваіх малых дзетак, і на плечы Яніны Казіміраўны лёг цяжар іх выхавання.

Штодзённай малітвай трымаліся ўсе гэтыя жанчыны, якім вядомы і родны кожны куточак у касцёле. Яны ўвесь час выконваюць, здавалася б, простыя, будзённыя рэчы, але іх душэўная чысціня робіць іх справы запамінальнымі і прыгожымі. Памятаю, з якім задавальненнем дзеці наведвалі наш касцёльны кіёск, які толькі пачынаў сваю працу. Гаспадарыла там Ганна Станіславаўна Сверж — яна ўсё паказвала, распавядала і нават дазваляла браць крыжык альбо ружанец дадому, каб параіцца з бацькамі. Ад яе заўсёды сыходзяць цеплыня і спагада.

Ганна Казіміраўна заўсёды энергічная, дзейная. Яна пабывала ў страшнай аварыі, у яе зусім няма здороўя, але такі моцны дух у гэтай прыгожай жанчыны, столькі пачуцця гумару, што хапае і на сваё жыццё і на тых, хто побач з ёю.

А Яніна Казіміраўна проста як легенда ў нашай парафіі. Яе сагнутую постаць з кіем у руках добра ведаюць усе. Бог захаваў ёй ясную памяць — яе расповеды можна слухаць і слухаць. Яе ўнукі і праўнукі — гэта аздоба касцёла, як сама яна са сваёй усмешкай на твары, наша годнасць і хвала.

Гэты аповед пра трох жанчын прысвячаецца ўсім старэйшым, нашым парафіянкам, якія стаялі на пачатку адраджэння касцёла ў Бабруйску. Дзякуй вялікі Вам, дзякуй за Вашу працу, за веру, за неабыякавасць, за прыклад жыцця. Дзякуй за тое, што жыве касцёл у Бабруйску, нягледзячы ні на што, і за тое, што мы разам можам святкаваць яго стагоддзе.

Ала Грахава