Кожны, хто хаця б аднойчы пабываў у Нясвіжы, не абміне сваёй увагай акрамя іншых помнікаў старажытнай архітэктуры прыгожую белакаменную пабудову, што ўзвышаецца над горадам – фарны касцёл Божага Цела, зменшаную копію сабора Іль Джэзу ў Рыме. А яшчэ гэта пахавальны склеп князёў Радзівілаў, які па маштабах можна параўнаць з пахаваннямі Габзбургаў у Вене ці Бурбонаў у Францыі. Гонар нашай святыні і арган ХVІІІ ст, які навукоўцы лічаць каштоўнасцю еўрапейскага ўзроўню.

За многія гады існавання касцёл перажыў шмат напасцяў і бедаў. Пацярпела нясвіжская святыня і ад войнаў, і ад пажараў, і ад рабаўнікоў, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, храм дайшоў да нашага часу амаль у першапачатковым выглядзе ад 1593 года. Наш касцёл ніколі не зачыняўся, і ў гэтым вялікая заслуга яго святароў. Ксёндз Гжэгаж Каласоўскі прысвяціў амаль усё сваё жыццё служэнню Богу ў нясвіжскай святыні, якая перажыла не лепшыя савецкія часы атэізму. Мясцовыя вернікі ўдзячныя таксама ксяндзам Генрыку Акалатовічу і Эдмунду Даўгіловічу, якія на працягу некалькіх гадоў працавалі ў Нясвіжы. З вясны 2003 года тут працуе ксёндз Францішак Рудзь.

27 верасня 2003 года адбылося вялікае свята – 410-годдзе з дня заснавання нясвіжскай святыні. У гэты ўрачысты дзень ксёндз Францішак быў прызначаны дзеканам Нясвіжскага дэканата, і мы сардэчна віншуем нашага пробашча.

На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія госці: Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Яго Эксцэленцыя нунцый Апостальскай Сталіцы Іван Юркавіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Эдмунд Даўгіловіч, выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, святары, дыяканы, клерыкі, законныя сёстры, прадстаўнікі мясцовай улады.

Сваё віншаванне на свята даслаў Мітрафорны протаіерэй Дзмітрый Хмель. У лісце ён адзначыў, што на працягу 50-ці гадоў у Нясвіжскім раёне не было спрэчак паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі, а былі лад і згода.

У часе святочнай Св. Імшы, якую цэлебраваў кардынал, была асвечана статуя св. Яна Непамука. Гэты помнік паўтарыў лёс свайго арыгінала. Раней, да 1939 года, фігура св. Яна стаяла на месцы, дзе цяпер знаходзіцца бюро экскурсій, але ворагі каталіцкай веры паглуміліся над помнікам: адбілі галаву, руку, нагу і скінулі ў возера. Парафіяне дасталі часткі скульптуры і схавалі ў касцёле, а пазней мясцовы майстра на ўсе рукі, закрыстыянін Зыгмунт Калясінскі адрэстаўраваў помнік.

У часе святкавання 410-годдзя нясвіжскага касцёла адбыўся канцэрт гурта «Miłość» з Ліды.

Арганіст Дзяніс Каўшар
і клерык Ігар Юханаў, г. Нясвіж