Рыфмы і рытмы ў гады арытміі...

«...калі не было да каго звярнуцца»

— так называецца зборнік, выдадзены ў 2000 г. у Варшаве. Яго аўтар — ксёндз Уладзімір Мазалеўскі. Парафіяне бярозаўскага касцёла добра ведаюць яго як мудрага чалавека, інтэлігентнага суразмоўцу, але мала хто ведае, што ён яшчэ і паэт. Паэт-філосаф.

Нарадзіўся Уладзімір Мазалеўскі ў 1933 г. у Варшаве. У 1950 г. скончыў Палатынскую калегію ў Вадавіцах і быў прыняты ў семінарыю ксяндзоў-палатынаў. У 1957 г. у Алтажэве атрымаў святарскія пасвячэнні з рук кардынала Стэфана Вышынскага, прымаса Польшчы. Працаваў у Познані, Варшаве, Гданьску, на Мазурах, а таксама быў капеланам у шпіталі і ў дамах розных манаскіх ордэнаў.

У 1969 г. скончыў Люблінскі каталіцкі універсітэт, атрымаў ступень магістра кананічнага права. Завочна вучыўся ў Інстытуце сям’і. З 1976 г. кс. Уладзімір распачаў сваю пастырскую дзейнасць на тэрыторыі Літвы, Украіны і Беларусі (у Баранавічах, Лельчыцах, Жыткавічах і ў Бярозе). Цяпер працуе на Віцебшчыне.

Свае думкі, назіранні святар любіць выказваць на паперы. Ён піша пра Бога, пра сэнс жыцця, дабро і зло, праўду... Сам кс. Мазалеўскі прытрымліваецца такога правіла: «Не дазваляй, каб зло перамагло, але зло дабром перамагай».

Кс. Уладзімір Мазалеўскі

Брат-чалавек

Паведай мне, брат-чалавек,
Аб тым, дзе айчына твая,
Дзе сэрца пакінуў навек,
Дзе родная змалку зямля.

Якія твае карані?
Кім дзед і кім прадзед твой быў?
У душу сваю зазірні:
Што хочаш зрабіць, што зрабіў?

Ты, брат — Чалавек! Маеш дар
Імкнення да мэты сваёй.
Ты думак святых валадар,
І той, хто так лічыць, — з табой!

Паведай мне, брат-чалавек,
Навошта за працай пацеў,
Каго палюбіў ты навек,
Кім стаць для людзей бы хацеў?

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Богуш

Ала Нікіпорчык

* * *

безабаронная — дашчэнту
безнадзейная — да апошняй слязы
Божа
Божа
Божа
моцная адзіна — Табою

* * *

Божа
малюся Табе змрокам
— глыбокім! —
маёй душы
малюся Табе святлом сённяшняга дня
малюся Табе слязою
і ўсмешкаю — якая яшчэ прыйдзе
малюся Табе надзеяй
і роспаччу
малюся Табе радком — вершаваным
і закамянелай цішай
малюся Табе жыццём
і адрачэннем ад яго
малюся Табе таполевым пухам
і кожным няўлоўным рухам
душы
малюся Табе паглядам
і малюся Сусветам
— бязмежна маленне да Цябе

Божай Маці Жыровіцкай

па гэтых сходках
вільготных
мокрых
такіх ранніх
(а сёмай гадзіне)
я сыду ў Тваю ваду
— у Тваю міласць —
я зачарпну Твайго святла
у свае далоні
і панясу
панясу

г. Гродна