Сябры! Віншую ўсіх вас са святамі Божага Нараджэння і з Новым 2004 годам! Жадаю, каб гэтыя прыгожыя святы прынеслі вам духоўны плён і шмат радасці. Няхай кожны з вас не лянуецца выпраўляцца ў цікавае падарожжа насустрач Хрысту, як гэта зрабілі тры каралі — Балтазар, Каспар і Мельхіёр.
Марыська

Спёка лілася з неба. Вусны сасмяглі, і кожны глыток вады надаваў сілы. Але ўсё ж Балтазар, седзячы на вярблюдзе, не жадаў затрымацца на адпачынак. Раз-пораз ён пазіраў угору, дзе серабрылася дзівосная зорка. Балтазар вырушыў у дарогу адразу, як толькі яе ўбачыў. Людзі адгаворвалі яго ад гэтага падарожжа ў невядомасць, аднак Балтазар ведаў, што ён павінен ехаць. Нічога нікому не кажучы, ён забраў залаты пярсцёнак (такі прыгожы, што найвялікшыя валадары свету маглі толькі марыць пра яго) і вырушыў.

Дарога доўжылася ўжо шмат дзён. Ён адчуваў сябе ўсё больш змучаным, бо дарога не была лёгкаю. На яго спрабавалі напасці нейкія рабаўнікі, але яму ўдалося ўцячы. І тады ён падумаў, што зусім не шкодзіла б у такой цяжкай вандроўцы мець спадарожніка. Думаў так і глядзеў перад сабою на чарговы ўзгорак, за якім ён ужо мала спадзяваўся ўбачыць штосьці іншае, апроч пяску. І гэтак — да самага далягляду. Ён ужо шмат праехаў такіх пагоркаў. Цяпер жа, уз’язджаючы на чарговы, адно перажываў за вярблюда, бо той слабеў на вачах. Балтазар вырашыў затрымацца за гэтым пагоркам на начлег, але калі ён падняўся нарэшце на самы верх, то ўбачыў воддаль двух незнаёмых. Напужаўся, бо адразу прыгадаў рабаўнікоў, што нядаўна спрабавалі разбагацець за ягоны кошт. Аднак цяпер ён ужо не мог уцячы, бо ягоны вярблюд быў занадта стомлены, і да таго ж незнаёмцы заўважылі Балтазара. Адзін з іх штосьці гукнуў, але вецер падхапіў ягоны голас і панёс кудысьці ў пустэльню. Другі памахаў Балтазару рукой. «А можа, гэта добрыя людзі?» — з надзеяй падумаў Балтазар і пачаў спускацца да іх.

— Куды трымаеш свой шлях, вандроўнік? — запытаў адзін з іх, калі Балтазар прыпыніў вярблюда.

— Шукаю аднаго месца на зямлі, якога не ведаю.

— Як жа ты спадзяешся яго знайсці?

— Вунь тая зорка вядзе мяне, — адказаў Балтазар, паказваючы рукой у неба.

— Ты таксама едзеш услед за зоркай?! Але ж здарэнне! Мы таксама ідзем за ёю. Мы ўдвух ішлі кожны сваёй дарогай, а сустрэліся з Мельхіёрам два дні таму.

Усе адразу павесялелі. Незнаёмых звалі Мельхіёрам і Каспарам. Увечары яны ўжо ўтрох расклалі вогнішча, і пачалася гаворка пра тое, чаму яны ідуць за зоркай.

Мельхіёр быў каралём у краіне, дзе людзі маюць цёмную скуру. Ён быў добрым каралём. Людзі любілі яго за мудрасць і дабрыню. У ягонай краіне не было бедных і галодных. Гэта быў шчаслівы край. Але калі Мельхіёр убачыў зорку, то адразу паехаў за ёй. Ягоныя падданыя плакалі, шкадуючы такога добрага валадара, а Мельхіёр казаў, што калі на небе з’явілася такая незвычайная зорка, то гэта, напэўна, азначае, што дзесьці з’явіўся наймудрэйшы на зямлі валадар. Таму Мельхіёр узяў з сабою вельмі дарагі ладан, чый водар быў надзвычай прыемны, і панёс яго з сабою, каб аддаць яго найвышэйшаму валадару.

Каспар жа — высокі мужчына з жоўтаю скураю — быў магам. Ён валодаў незвычайнаю таямніцаю чараў і шмат чаго ўмеў рабіць такога незвычайнага, што людзі яго баяліся. Ды і як было не баяцца, калі Каспар умеў зрабіць, напрыклад, са звычайнай солі... каштоўныя камяні? Але Каспар ніколі нікога не крыўдзіў і не выкарыстоўваў свае здольнасці на благое. Убачыўшы на небе дзівосную зорку, Каспар зразумеў, што недзе з’явіўся наймагутнейшы ў свеце чалавек, які патрапіць зрабіць штосьці надзвычайнае з... нічога. Каспар вырашыў знайсці яго, каб пакланіцца і ахвяраваць яму каштоўны алей, смірну.

...Вандроўнікі распавялі ўсё пра сябе і хутка заснулі, бо вельмі стаміліся ў дарозе. А ранкам наступнага дня яны вырушылі далей разам. Кожны з іх шукаў свайго валадара, непадобнага да таго, якога шукаў сусед. Дык ці добра яны зрабілі,што пайшлі разам?

Кс. Анджэй Шостак
Пераклад з польскай мовы Ірыны Жарнасек.