Традыцыя дзяліцца перад Божым Нараджэннем аплаткам з’яўляецца адлюстраваннем найглыбейшай сутнасці хрысціяніна: яна сімвалізуе жаданне і гатоўнасць дзяліцца з іншым чалавекам самым важным. Шчыры абмен святочнымі пажаданнямі, злучаны з жэстам ламання аплатка, пераклікаецца са словамі Дагматычнай Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору: чалавек не можа ўпоўні рэалізавацца іначай, чым толькі даючы ў дар сябе самога...

Нагода святочнага аплатка сабрала 14 снежня люблінскіх студэнтаў з розных рэгіёнаў Беларусі на адвэнтовую сустрэчу ў сядзібе Фонда Яна Паўла ІІ. Наша сустрэча распачалася Святой Імшой, канцэлебраванай ксяндзом Юрыем Павайбам.

У літургічным годзе Касцёла ўрачыстасць Божага Нараджэння папярэджвае перыяд Адвэнту, галоўнай рысай якога з’яўляецца радаснае чаканне. У сваім казанні падчас Эўхарыстыі ксёндз Юры Хіневіч звярнуў увагу на тое, што хрысціянскае чаканне павінна адзначацца руплівай актыўнасцю, здольнай ператвараць жыццё ў няспыннае шуканне Езуса Хрыста.

Закончылася Святая Імша характэрным для такіх сустрэч супольным спевам «Магутны Божа...»

Пасля ціхай малітвы ў капліцы мы сабраліся ў прасторнай зале гасціннага домa Фонду, дзе мелі магчымасць асабіста сустрэцца адзін з адным, каб падзяліцца аплаткам і абмяняцца каляднымі пажаданнямі. Далей вечар працягваўся супольным спяваннем калядак і згадваннем вясёлых гісторый, што здараліся з намі падчас Божага Нараджэння ў мінулым...

Вось так адбылася па-хатняму цёплая сустрэча сыноў і дачок адзінай Маці Беларусі, сяброў з Украіны і Казахстана.

Хай радасць і супакой нашага Збаўцы атуляюць кожную сям’ю Беларусі і ўсяго Свету.



Алег Шэнда OFMCap