— так называлася міжнародная канферэнцыя, якую арганізавалі і правялі 15–16 снежня 2003 г. Інстытут рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных камунікацый пры Экзархаце Беларускай Праваслаўнай Царквы і Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы. Канферэнцыя распачалася ўступным словам Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Праваслаўны іерарх засяродзіў увагу прысутных на высокай і адказнай ролі мастацтва ў сучасным свеце. Калі мастацтва па-сапраўднаму можа ўздзейнічаць на фармаванне душы чалавека, калі яно дапамагае зрабіць гэты свет і чалавека лепшымі? Тады, калі, падобна евангельскаму зерню, трапляе на прыдатную, урадлівую глебу. Менавіта такою глебаю, на думку мітрапаліта Філарэта, з’яўляецца рэлігійная свядомасць чалавека.

«Ці хочам мы, каб культура сапраўды была творчай, ці хочам, каб творы мастацтва заставаліся неўміручымі на працягу многіх пакаленняў, ці хочам, каб шэдэўры творчага генія сапраўды скіроўвалі буйнасць чалавечай натуры ў мірнае рэчышча тварэння? Для гэтага неабходна паклапаціцца аб фармаванні здаровага і рэлігійнага ўяўлення пра тое, што такое натхненне, хто з’яўляецца яго крыніцаю, і якія штодзённыя і найвышэйшыя задачы Богам натхнёнага мастацтва».

Менавіта пра задачы і праблемы сучаснага мастацтва і вялася гаворка ў Экзархаце падчас міжнароднай канферэнцыі, а яшчэ — пра «рэлігійны дыялог праз мастацтва» (такую тэму закрануў у сваім выступленні прафесар А. Данілаў).

Пра экуменічную ролю сапраўднага мастацтва, пра яго кафалічнасць разважалі замежныя госці канферэнцыі — доктар філалагічных навук Герхард Альберт з Фрайзінга, мансеньёр Альберт Раўх з Эттэрцхаўзена, паэтка і перакладчыца Вольга Седакова з Масквы, якая засяродзіла ўвагу прысутных на творчасці выдатнага французскага паэта і драматурга Поля Кладэля — аднаго з нямногіх мастакоў нашага стагоддзя, які прысвяціў свой творчы лёс рэлігійнаму служэнню. Перакладчыца падкрэсліла, што ў Кладэля «не было ні біяграфічных, ні ідэйных разыходжанняў з Рымскім Касцёлам»; яго пазіцыя была вызначана адразу ж пасля навяртання, якое ён перажыў у часе Імшы на Божае Нараджэнне ў парыжскім саборы Нотр-Дам 25 снежня 1886 г. Вольга Седакова пераклала на рускую мову п’есу П. Кладэля «Звеставанне Марыі» (у рускім перакладзе — «Извещение Марии»). Па словах перакладчыцы, гэта — «адна з самых адкрыта дактрынальных рэчаў Кладэля, палымяная пропаведзь хрысціянскага подзвігу і ўсемагутнасці веры».

Менавіта гэтую п’есу Поля Кладэля ў перакладзе Седаковай паставіў народны артыст Беларусі рэжысёр Барыс Луцэнка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага. Прэм’ера спектакля адбылася вечарам 15 снежня 2003 г. Пастаноўка ажыццяўлялася як першы праект міжнароднай праграмы «Еўрапейскія масты», распрацаваны міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы» і Інстытутам рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных камунікацый пры Экзархаце Беларускай Праваслаўнай Царквы. Спектакль быў створаны дзякуючы падтрымцы Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, пасольства Францыі ў нашай краіне, Фонда «Хрысціянская Расія» (Італія), Знешэканомбанка і Прыёрбанка ў Беларусі.

Прадстаўнікі ўсіх названых арганізацый прысутнічалі на прэм’еры спектакля, які адразу стаў падзеяй у культурным жыцці рэспублікі. Хіба, упершыню за ўсю гісторыю тэатра ў нашай краіне на сцэне з’явілася рэч глыбока хрысціянская, выразна каталіцкая. Рэжысёру і артыстам удалося не толькі падкрэсліць асноўную ідэю п’есы, але, на маю думку, удалося перадаць сам дух гэтага твора — «натхнёны гімн Ахвяры» як сэнсу, як «правільнаму распараджэнню» ўласным жыццём. Гімн гэты гучыць у канцы спектакля з вуснаў Гаспадара зямлі Камбернон Анн Веркора:

«Хіба прызначэнне жыцця — жыць? Хіба ногі дзяцей Божых прыбітыя да гэтай убогай зямлі?

Не жыць, а памерці! І не толькі выстругаць крыж, але ўзысці на яго і аддаць усё, што ў нас ёсць, — аддаць усміхаючыся!

У гэтым — радасць, у гэтым — свабода, у гэтым — ласка, у гэтым — вечнае юнацтва!»

Радасць таксама ў тым, што сапраўднае мастацтва і сапраўдныя творцы яднаюць усіх людзей добрай волі ў адну чалавечую, Божую сям’ю. Гэта выразна адчулася як у часе міжнароднай канферэнцыі «Рэлігійны дыялог і прымірэнне праз мастацтва», так і ў часе прагляду спектакля «Звеставанне Марыі». І вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да таго, каб гэтая радасць успыхнула ў многіх сэрцах.

Крыстына Лялько