Кс. Войцех Бартковіч

Немагчыма назваць пайменна тую незлічоную колькасць святых, якія знайшлі ў Ружанцы сапраўдны шлях да святасці. Дастаткова згадаць св. Людвіка Марыю Грыньёна дэ Манфора, аўтара каштоўнага твора пра Ружанец, а бліжэй да нашага часу – айца Піо з Петральціны (...). Асаблівую ж ласку, як сапраўдны апостал Ружанца, меў благаслаўлёны Барталамей Лонга. Ягоны шлях да святасці быў угрунтаваны на натхненні, якое ён адчуў у глыбіні сэрца: «Хто пашырае Ружанец, той збаўлены!» («Rosarium Virginis Mariae»).

Ці не такое ж натхненне спадарожнічала Святому Айцу, калі ён абвяшчаў Год Ружанца? А просьба Папы, каб мы даверыліся гэтай малітве, ці ж не вынікае з веры, што Ружанец з’яўляецца лекам для сучаснага хрысціяніна, які баіцца за сваю веру і з цяжкасцю знаходзіць сваё месца ў свеце? Малітва – гэта не спосаб для ўцёкаў ад варожай і незразумелай рэчаіснасці, а метад мудрага супрацьстаяння ёй.

Святы Павел напісаў калісьці да сваіх «дзяцей у Хрысце»: «Вы – мой даверчы ліст...» (пар. 2 Кар 3, 1-2). Зразумела, гаворка тут ішла пра хрысціянаў, якіх ён калісьці навучаў, і якія (дзякуючы сваёй пазіцыі) сталі гонарам Апостала. Ці змог бы так сказаць пра нас Ян Павел ІІ пасля заканчэння гэтага Года Ружанца? Калі год таму ён напісаў ліст, які заахвочваў да ружанцовай малітвы, то, напэўна, хацеў бы, каб мы, яго слухачы, самі сталі жывымі апосталамі гэтай малітвы, каб мы сваім жыццём сведчылі пра яе дзейснасць.

Ці з’яўляюся я жывым заахвочваннем да таго, каб людзі вакол мяне браліся за ружанец? Ці з’яўляюся я жывым «лістом пра Ружанец»?

Тым, хто хацеў бы сур’ёзна паставіцца да гэтага пытання, я рэкамендую просты «тэст чалавека Ружанца», бо не кожны, хто моліцца ў належным парадку «Ойча наш...» і «Вітай, Марыя...», можа назваць сябе чалавекам Ружанца. Ружанца не адгаворваюць, Ружанцам жывуць... альбо не.

Святы Айцец пералічвае некалькі найважнейшых аспектаў ружанцовай малітвы. Калі мы знаходзім у іх сябе, калі яны таксама гавораць пра нашае жыццё, тады мы напэўна будзем дзейснымі апосталамі Ружанца. Калі не, то час нам зноў узяцца за чытанне папскага ліста...

Вось крытэрыі чалавека Ружанца:

1. Ружанец – гэта «ўспамін Езуса з Марыяй». Ці дапамагае мне малітва на ружанцы сузіраць Хрыста?

2. Ружанец – гэта «школа Хрыста з Марыяй». Ці магу я сказаць, што дзякуючы ружанцовай малітве ўсё лепш пазнаю Настаўніка? Ці стаў я лепш разумець Яго словы, жэсты, жаданні?

3. Ружанец – гэта «ўпадабненне да Хрыста з Марыяй». Ці змяняецца маё жыццё дзякуючы Ружанцу? Ці дапамагае ён мне ў наследаванні Хрыста?

4. Ружанец – гэта «просьба да Хрыста з Марыяй». Ці забіраю я з сабою ў часе малітвы справы, людзей і іх праблемы? Ці ўпадабняюся да Маці Божай, якая «з Сынам сваім нас яднае, Сыну свайму нас даручае, Сыну свайму нас аддае»?

5. Ружанец – гэта «абвяшчэнне Хрыста з Марыяй». Ружанцовая малітва перамяняе тых, хто моліцца. Дзякуючы гэтай перамене ўсё іх жыццё становіцца апостальствам на ўзор Марыі – спакойнаю, але дзейснаю евангелізацыяй свету. Ці так гэта адбываецца са мною?

Год Ружанца ўжо закончыўся. Але праца над ружанцоваю духовасцю сучасных хрысціянаў толькі распачынаецца. Памятай словы благаславёнага Барталамея Лонгі: «Хто пашырае Ружанец, той збаўлены!» І – пачні з сябе.

Будзем жа маліцца!

«Różaniec» № 11 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.