«Ружанец – гэта скарб, які трэба адкрыць», – пад такім дэвізам прайшоў 2003 год, абвешчаны Янам Паўлам ІІ Годам Ружанца. Мы павінны адкрыць сэрцы для гэтай малітвы, каб да канца зразумець яе.

Вельмі часта мы задаём сабе пытанне: «Для каго і для чаго мы жывём?» І адказ на гэта пытанне чамусьці не знаходзім. Але ён ёсць. Сама Марыя адказвае нам на гэта пытанне, даўшы ў рукі ружанец: «Маліцеся на святым ружанцы, многа маліцеся, перамога застанецца за Маім Беззаганным Сэрцам». Няма нявыслуханай малітвы. Малітва яднае людзей, робіць нашыя сэрцы простымі, чыніць цуды. Ружанец – шлях, які вядзе чалавека да Вечнасці...

1 мая 2003 года ў будслаўскім дэканаце адбылася вельмі важная падзея: біскуп Кірыл Клімовіч асвяціў ружанцы, якія пасля Святой Імшы святары разам з вернікамі павезлі ў свае парафіі. Так Марыя праклала сваю ружанцовую дарогу і праз мястэчка, якое называецца Нарач. Некалькі дзён ружанец заставаўся ў нашым касцёле, а потым вырушыў у падарожжа па вёсках нашай парафіі. Усё лета і пачатак восені Марыя вітала людзей, якія з пяшчотай і любоўю прымалі святы ружанец. Мы, моладзь нарачанскай парафіі, з’яўляліся сведкамі чалавечай радасці, якая напаўняла сэрцы ўсіх, хто сустракаў ружанец. На час пілігрымавання ружанца наша парафія стала адной дружнай сям’ёй. Амаль кожную нядзелю пасля Святой Імшы мы сядалі ў машыны і ехалі ў чарговую вёску, каб і туды прынесці светлую радасць малітвы на ружанцы. Прыемна было бачыць вочы, поўныя дабрыні, і чыстыя сэрцы, напоўненыя любоўю да Святога Ружанца. «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою», – гімнам праслаўлення ўзносіліся гэтыя словы ў нябесны блакіт. І не было нам перашкодай ні спякотнае сонца, ні халодны дождж, бо малітва, сапраўды, – вялікая сіла, якая яднае людзей у духу веры. І так доўгі час: ад вёскі да вёскі, ад крыжа да крыжа, ад сэрца да сэрца.

Напачатку планавалася, што перыгрынацыя ружанца закончыцца восенню, але ў кожнай вёсцы вернікі жадалі, каб ружанец заставаўся там як мага больш часу. І тады мы вырашылі: нам няма куды спяшацца. Ці ж можна абмежаваць малітву ў часе, калі мы павінны маліцца несупынна? Так, год Ружанца закончыўся, але толькі не ў нашай парафіі і не ў нашых сэрцах. Цяпер мы ведаем, што Ружанец – гэта скарб. Мы здолелі адкрыць яго і для сябе, і для сваіх бліжніх. А ці ведаеце вы пра гэты скарб?

Марыя заклікае нас да малітвы, прычым не толькі за сябе і блізкіх, але і за ўвесь свет, за тых людзей, якіх мы нават і не ведаем, але верым у тое, што малітва дапаможа ім знайсці сябе, знайсці сэнс чалавечага існавання. Імкнуцца трэба да вечнага. Марыя дала нам шанц зразумець гэта, таму мы спадзяемся, што нашыя словы не будуць дарэмнымі, а наадварот, прымусяць задумацца над тым, колькі часу мы трацім марна замест таго, каб аддаць яго шчырай, сапраўднай малітве. Няхай заўсёды сэрцы людзей прагнуць вечнага жыцця праз малітву.

Моладзь нарачанскай парафіі.