З айцом Пятром Ленартам OFMConv. — галоўным рэдактарам часопіса «Рыцар Беззаганнай» — гутарыць Рэната Глушак.

8 снежня распачалося святкаванне 150-й гадавіны абвяшчэння догмату аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Вялікім апосталам распаўсюджвання і правядзення ў жыццё гэтага догмату быў св. Максіміліян Кольбэ, заснавальнік Рыцарства Беззаганнай (МІ) і адначасова выдаўца часопіса «Рыцар Беззаганнай». Мы хацелі б бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў з ідэямі Святога з Непакалянава, а таксама расказаць, як гэтыя ідэі рэалізуюцца сёння яго наступнікамі.

— Якія планы а. Максіміліян звязваў з заснаваннем часопіса «Рыцар Беззаганнай»?

— Святы Максіміліян быў цалкам адданы Беззаганнай і жадаў, каб Яна «пасялілася ў сэрцах людзей», каб схіляла іх да любові Хрыста і распаўсюджвання Яго Валадарства. У рэалізацыі гэтых планаў айцу Кольбэ павінен быў дапамагаць (думаю, так адбываецца і цяпер) часопіс «Рыцар Беззаганнай», які ўзнік у 1992 г. Святы вельмі добра разумеў, якое значэнне мае ў нашым жыцці Беззаганная. Яна прагне падняць узровень нашага духоўнага жыцця да вышыняў святасці. «Рыцар Беззаганнай» павінен быць зброяй — такім часопісам, на старонках якога абвяшчаецца дабрыня Беззаганнай, каб усюды, куды Яна прыйдзе, выпрасіла ласку збаўлення і асвячэння.

— Якім чынам сённяшні «Рыцар Беззаганнай» працягвае справу свайго заснавальніка?

— Мы імкнёмся і далей заставацца вернымі заўсёды актуальнай ідэі распаўсюджання Хрыстовага Валадарства праз пасрэдніцтва Марыі і пад Яе апекай. У нашым часопісе мы змяшчаем актуальныя навіны з жыцця Касцёла, папулярызуем навучанне Святога Айца Яна Паўла ІІ, апавядаем пра жыццё святых, друкуем цікавыя артыкулы, якія датычацца веры і духоўнага жыцця, адказваем на пытанні нашых чытачоў, а таксама публікуем іх сведчанні і лісты падзякі за атрыманыя ласкі. «Рыцар», як кажа Святы Айцец, мае сваёй мэтай перадусім абвяшчаць дабрыню і моц Беззаганнай, такім чынам распаўсюджваючы давер і любоў да Бога, які заўсёды побач з намі, як найлепшы Айцец. І тады нават цярпенне стане — як і павінна быць — прыступкай да шчасця ў небе.

— Ці цяжка сёння працягваць справу святога Максіміліяна?

— Пасланне св. Максіміліяна незвычайна актуальнае сёння, калі людзі часам забываюць пра Бога і часта ўспрымаюць Яго як Суровага Суддзю. Кожнаму з нас патрэбныя пяшчота, сардэчнасць і разуменне, патрэбная любоў — тая сапраўдная любоў, якая здольная цалкам ахвяраваць сябе і прабачаць. Айцец Максіміліян дае нам прыклад Маці — пяшчотнай і гатовай заступацца за нас, Маці, якой «Бог пажадаў даверыць усю справу міласэрнасці», якая клапоціцца пра нас і выходзіць нам насустрач. Мы прагнем праз «Рыцара Беззаганнай» і праз Рыцарства Беззаганнай надалей распаўсюджваць і ажыццяўляць ідэі Святога з Непакалянава, бо варта рабіць усё новыя спробы і не спыняцца ў пошуках новых «шалёных Беззаганнай», гатовых аддаць сваё жыццё з любові да бліжняга.

— Якім чынам «Рыцар Беззаганнай» праводзіць у жыццё догмат Беззаганнага Пачацця?

— Рэдакцыя заўсёды спасылаецца на гэты догмат, наследуючы св. Максіміліяна Кольбэ. У наступным годзе, які абвешчаны «Годам Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі», мы звернем асаблівую ўвагу на святасць Марыі і Яе вольнасць ад першароднага граху, іншымі словамі — Беззаганнае Пачацце. Гэта прынята ўжо і ў «Календары Рыцара Беззаганнай», і ў малітоўніку на 2004 г. Мы будзем звяртацца да гэтай тэматыкі таксама ў чарговых нумарах «Рыцара», каб нагадаць сэнс гэтай праўды веры і зрабіць яго агульнадаступным.

— Што трэба рабіць, каб у поўні ўдзельнічаць у таямніцы Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі?

— Хто хоча стаць падобным да Беззаганнай, той павінен правесці ў жыццё догмат аб Яе Беззаганным Пачацці. Гэта заданне Рыцарства Беззаганнай (МІ). У чым заключаецца «правядзенне ў жыццё» догмату? У тым, каб стаць Ёю — Беззаганнай, альбо, карацей кажучы, стаць святым. Калі мы будзем разлічваць толькі на свае сілы, гэта наўрад ці магчыма, асабліва ў сённяшнім секулярызаваным свеце. Таму мы павінны цалкам аддаць сябе ва ўласнасць Беззаганнай, каб гэта Яна жыла ў нас, дзейнічала праз нас і давяла нас да вялікай святасці. Кожны можа — і нават павінен — стаць рыцарам Беззаганнай і... «здабываць увесь свет для Хрыста праз Беззаганную». Як прасцей за ўсё стаць рыцарам Беззаганнай? Неабходна звязацца з Нацыянальным цэнтрам МІ ў Непакалянаве (Непакалянаў, 96-515 Тэрэсін), дзе можна атрымаць патрэбныя матэрыялы і інфармацыю.

Калі Беззаганная ўваходзіць у нашае жыццё, мы пачынаем бачыць Яе ў іншай перспектыве — Божай перспектыве, а Бог глядзіць на ўсё вачыма такой бясконцай любові, што не шкадуе сябе і прыходзіць да нас у Эўхарыстыі і ў Марыі. Яе Беззаганнае ўлонне — найпрыгажэйшы табэрнакулюм у свеце. Калі мы аддаемся Ёй у выключную ўласнасць так, як гэта зрабіў св. Максіміліян Кольбэ, то найпрыгажэйшым чынам падрыхтоўваем — а дакладней, сама Беззаганная падрыхтоўвае — нашыя сэрцы і душы, каб яны сталі жывым табернакулюмам для Найвышэйшага Пана. Беззаганная заўсёды старалася здабыць нас для Хрыста, далучаючы да працы над «збаўленнем і асвячэннем» сябе саміх і ўсяго свету.

— Дзякуй за размову.

«Źródło» № 49/2003 г.
Пераклад з польскай мовы Т. М.