Папская рада Cor Unum

«І хто прыме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5)

Дарагія браты і сёстры!

1. Яскравы абрад пасыпання галавы попелам распачынае святы час Вялікага посту, падчас якога літургія Касцёла нанава заклікае вернікаў да глыбокага навяртання і даверу Божай міласэрнасці.

Тэма, абраная ў гэтым годзе, — «І хто прыме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5) — схіляе да роздуму над становішчам дзяцей, якіх Езус таксама сёння кліча да сябе і паказвае як прыклад тым, хто хоча стаць Ягонымі вучнямі. Словы Езуса прымушаюць нас задумацца, як мы ставімся да дзяцей у нашых сем’ях, у грамадстве і ў Касцёле. Гэтыя словы натхняюць нас адкрывацца на прастату і даверлівасць, якімі павінен вызначацца вернік, наследуючы Божага Сына, які дзяліў лёс з адрынутымі і ўбогімі. Гэта мела на ўвазе св. Клара з Асізі, калі паўтарала, што Ён, «пакладзены ў яслі, убогі жыў на зямлі і голы застаўся на крыжы» (Testament, Źródła Franciszkańskie nr 2841).

Езус любіў дзяцей і глядзеў на іх з замілаваннем, бо цаніў іх прастату і ўменне радавацца жыццю, іх непасрэднасць і поўную захаплення веру (пар. Анёл Панскі, 18.12.1994). Таму я хачу, каб грамадства прымала іх з радасцю і адкрывала перад імі сэрца, як перад самім Панам: «І хто прыме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5). Побач з дзецьмі Пан Езус пералічвае «братоў найменшых» — гэта значыць бедных, тых, што жывуць у нястачы, галадаюць і прагнуць, гаротных, чужаземцаў, хворых, вязняў. Калі хтосьці прымае іх з любоўю, альбо, наадварот, ставіцца да іх абыякава і адпрэчвае, то гэтаксама ён ставіцца і да Езуса, бо ў такіх людзях Пан Езус прысутнічае асабліва.

2. Евангелле расказвае пра дзяцінства Езуса ў бедным доме ў Назарэце, дзе, паслухмяны сваім бацькам, Ён «рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзей» (Лк 2, 52). Нарадзіўшыся як дзіця, Ён пажадаў прайсці праз усе выпрабаванні, якімі пазначаны лёс чалавека. «Прынізіў Сябе Самога, — піша апостал Павел, — прыняўшы вобраз слугі, стаўшыся на падабенства людзей і здаўшыся выглядам як чалавек, зняважыў Сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці і смерці крыжовай» (пар. Флп 2, 7-8). Калі дванаццацігадовым хлопцам Ён застаўся ў ерузалемскай святыні, то сказаў заклапочаным бацькам, якія Яго шукалі: «Нашто было вам шукаць Мяне? Ці ж вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?» (Лк 2, 49). Сапраўды, усё Яго існаванне вызначалася даверліваю і сыноўскаю пакорлівасцю Айцу нябеснаму: «Мая спажыва — каб спаўняць волю Таго, хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго» (пар. Ян 4, 34).

У гады сваёй публічнай дзейнасці Езус неаднойчы паўтараў, што толькі тыя, хто змогуць стаць як дзеці, увойдуць у Валадарства Нябеснае (пар. Мц 18, 3; Мк 10, 15; Лк 18, 17; Ян 3, 3). У Яго навучанні дзіця становіцца красамоўным прыкладам вучня, пакліканага з дзіцячым даверам ісці за Боскім Настаўнікам: «Хто ўмаліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Валадарстве Нябесным» (Мц 18, 4).

«Станавіцца малымі» і «прымаць малых» — гэта два вымярэнні аднаго і таго ж навучання, з якім Пан у нашыя часы таксама звяртаецца да сваіх вучняў. Толькі той, хто чыніць сябе «малым», здольны прыняць з любоўю братоў «найменшых».

3. Шматлікія вернікі спрабуюць верна ісці за гэтым навучаннем Пана. Хацелася б тут успомніць пра бацькоў, якія без ваганняў бяруць на сябе адказнасць за шматдзетную сям’ю; пра маці і бацькоў, якія не лічаць найбольш важнымі пошукі прафесійных поспехаў і кар’еру, але клапоцяцца пра тое, каб перадаць дзецям тыя агульначалавечыя і рэлігійныя каштоўнасці, якія надаюць сапраўдны сэнс існаванню.

З поўным удзячнасці захапленнем я думаю пра тых, хто бярэ на сябе абавязак выхавання дзяцей, якія перажываюць цяжкасці, а таксама пра тых, хто прыкладае намаганні, каб прынесці палёгку гэтым дзецям і іх родным у цярпеннях, выкліканых войнамі і насіллем, недахопам ежы і вады, вымушанай эміграцыяй і гэтулькімі іншымі праявамі несправядлівасці ў свеце.

Аднак побач з такой велікадушнасцю трэба заўважаць таксама эгаізм тых, хто не «прымае» дзяцей. Колькі непаўналетніх, глыбока параненых насіллем дарослых: сексуальнаю ненармальнасцю, прымусам да прастытуцыі, уцягваннем у продаж і ўжыванне наркотыкаў; дзеці змушаюцца да працы, іх насільна забіраюць у войска; на ўсё жыццё застаюцца траўмы ў душах бязвінных з разбітых сем’яў; не мае літасці да «малых» ганебны гандаль органамі і людзьмі. А што ўжо казаць пра трагедыю СНІДу і яго спусташальныя вынікі ў Афрыцы? Лічыцца, што гэтае бедства закранае мільёны людзей, многія з якіх — заражаныя ад нараджэння. Чалавецтва не павінна заплюшчваць вочы на такую трывожную небяспеку!

4. Што ж дрэннага зрабілі гэтыя дзеці, чым яны заслужылі такія цярпенні? З чалавечага пункту погляду складана, а, можа, нават немагчыма даць адказ на гэтае трывожнае пытанне. Толькі вера дапамагае нам пранікнуць у сэнс такой глыбокай бездані цярпення. Стаўшы «паслухмяным ажно да смерці і смерці крыжовай» (Флп 2, 8), Езус прыняў на сябе людскія цярпенні і асвяціў іх ясным святлом змёртвыхпаўстання. Сваёю смерцю Ён назаўсёды перамог смерць.

Падчас Вялікага посту мы рыхтуемся нанава перажыць Пасхальную Таямніцу, якая асвячае надзеяй усё нашае існаванне, нават яго найбольш складаныя і балесныя моманты. Праз яскравыя абрады Пасхальнага трыдууму Вялікі тыдзень нанава наблізіць да нас гэтую таямніцу збаўлення.

Дарагія браты і сёстры, распачнем жа з даверам велікапосны шлях, натхнёныя ўзмоцненаю малітваю, пакутаю, чуласцю ў адносінах да тых, хто жыве ў нястачы. Няхай Вялікі пост стане асабліва спрыяльнай нагодай для таго, каб прысвяціць больш увагі дзецям у сямейным і грамадскім асяроддзі, бо яны — будучыня чалавецтва.

5. З характэрнаю для дзяцей прастатою ў малітве «Ойча наш...» звяртаемся да Бога, называючы Яго так, як навучыў нас Езус: «Abba», Ойча.

Ойча наш! Паўтарайма часта гэту малітву падчас Вялікага посту, паўтарайма яе з унутраным уздымам. Звяртаючыся да Бога, Айца нашага, усвядомім сабе, што мы — Ягоныя дзеці, і разам адчуем, што ўсе з’яўляемся братамі. Такім чынам нам будзе лягчэй адкрыць сэрцы для «малых» згодна з заклікам Пана Езуса: «І хто прыме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5).

З такім заахвочваннем, праз заступніцтва Марыі, Маці Уцелаўлёнага Слова Божага і Маці ўсяго чалавецтва, прашу ў Бога благаславення для кожнага і кожнай з вас.

Ватыкан, 8 снежня 2003 года.
Папа Ян Павел ІІ.