8 студзеня ў касцёле Святой Тройцы ў Баранавічах адбылося святкаванне дзесяцігоддзя часопіса «Дыялог». Святую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі святары рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій, айцы-вербісты (SVD), журналісты каталіцкіх выданняў, парафіяне. У адрас супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса прагучала шмат цёплых слоў і шчырых пажаданняў.

Нарадзіўся часопіс з парафіяльнай газеткі «Дыялог», першы нумар якой выйшаў у 1994 г. падчас тыдня малітваў у інтэнцыі адзінства хрысціянаў. Ініцыятарам стварэння гэтага выдання быў пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Ежы Мазур. Праца, шчырая любоў да бліжняга і душэўная цеплыня людзей, якія працавалі над «Дыялогам», знайшлі водгук у сэрцах парафіянаў, і ў 1996 г. маленькая парафіяльная газетка ператварылася ў часопіс. Сёння гэтае выданне (з тыражом 10 000 экзэмпляраў) заслужана лічыцца адным з лепшых каталіцкіх выданняў у Беларусі. У гэтым няма нічога незвычайнага ці дзіўнага: увага супрацоўнікаў часопіса скіраваная перадусім на сумленны і адкрыты дыялог з чытачом. Часопіс цалкам адпавядае сваёй назве. На старонках «Дыялогу» можна не толькі пазнаёміцца з меркаваннямі яго аўтараў альбо галоўнага рэдактара па той ці іншай тэме, але і прыняць непасрэдны ўдзел у размове, атрымаць параду, знайсці сяброў па перапісцы. Вашыя думкі ці пытанні не застануцца без адказу.

Дзякуй Богу, што ёсць такі часопіс, што ёсць людзі, якія дораць нам, чытачам, сваю любоў і цеплыню.

З Днём нараджэння, «Дыялог»!

Андрэй Фурс