(Сведчанне ананімнага алкаголіка)

Алкаголь – жудасная трагедыя чалавецтва. Гэта бязлітасная хвароба душы і цела вядзе чалавека да згубы. Страшная залежнасць прывяла на край бездані і Уладзіміра К., але ён у час апамятаўся. А паратунак знайшоў у групе ананімных алкаголікаў (АА). Сёння Уладзімір наш суразмоўца.

– Як і калі алкаголь увайшоў у Ваша жыццё?

– Выпіваць я пачаў са школьнага ўзросту. Адразу зразумеў, што гэта дапамагае мне расслабіцца, быць у цэнтры ўвагі, пераадольваць комплексы, якія былі ў мяне ўжо з дзяцінства, у тым ліку і з-за маёй паўнаты. Спачатку доза была невялікай. Далей – болей. З-за гэтага мяне выгналі з тэхнікума, куды я паступіў пасля школы. Пайшоў у войска – флот. Піць не перастаў, больш таго, перайшоў на адэкалон. Пасля арміі ажаніўся, як кажуць, па п’янцы. Жонка таксама піла. Хутка мы з ёй развіталіся. Потым сустрэў сваю цяперашнюю жонку.

– Яна разумела, што ідзе замуж за алкаголіка?

– Не. Хаця ведала, што я добра выпіваю. Думала, што сужэнства мяне зменіць, тым больш, хутка з’явілася дзіця. Аднак праз два гады сумеснага жыцця я ўпадаў ужо ў доўгія запоі. Жонка прасіла не піць, угаворвала, плакала. Я абяцаў, але ўсё роўна піў. Кантроль над сабой быў страчаны.

– Пачуцці да каханай жанчыны Вас ніколі не стрымлівалі?

– Любоў да жонкі была бездапаможнай перад любоўю да зялёнага змея. Алкаголь стаў для мяне ўсім – кропкай апоры, сэнсам жыцця.

– Вы ж не маглі не разумець, што крочыце ў страшную бездань?

– Разумеў, але нічога не мог зрабіць. Было вельмі кепска і маральна, і псіхалагічна. Алкаголь – гэта хвароба, якая нішчыць душу, губіць сумленне. Алкаголь гіпертрафіраваў усе мае недахопы да такой ступені, што я быў гатовы пайсці на любое злачынства, нават забойства...

– Ці спрабавалі Вы з гэтым хоць неяк змагацца?

– Паколькі развітвацца з алкаголем назаўсёды я не жадаў, то спрабаваў навучыцца піць, гэта значыць – кантраляваць дозу. Спрабаваў выпіваць толькі тры кілішкі. Для дасягнення мэты, як тады здавалася, былі неабходныя перапынкі ад алкаголю, каб арганізм змог адпачыць і ачысціцца. Самому мне было гэта не пад сілу, і я звярнуўся да дактароў. Тады мне паставілі другую ступень алкагалізму. А ўсяго іх тры. Я быў у шоку, бо зусім не лічыў сябе алкаголікам.

Вырашыў закадзіравацца. Рабіў я гэта ажно чатыры разы, але больш за 9 месяцаў не вытрымліваў. Пасля кожнага «зрыву» піў яшчэ больш, аж да правалаў памяці.

– Няўжо ўсё было так безнадзейна?

– Нейкі маленечкі агеньчык надзеі ўсё-ж такі жыў у глыбіні маёй змучанай душы. Я разумеў, што выйсце недзе ёсць. Але як яго знайсці? Гэта потым у групе ананімных алкаголікаў я зразумеў, што галоўны наш памочнік – Пан Бог. Аднак нават у АА я пайшоў з надзеяй не кінуць піць, а навучыцца піць.

– Як Вы трапілі ў групу ананімных алкаголікаў?

– Аднойчы ў горадзе я сустрэў свайго старога сябра, з якім доўга не бачыліся. Я, вядома ж, прапанаваў выпіць. Ён адказаў, што не п’е ўжо два гады і што наведвае групу АА. Памятаю, гэта вельмі закранула маё самалюбства: ён можа не піць, а я – не. Сябар пакінуў мне тэлефон групы «Марафон».

Пасля страшэннага месячнага запою, калі здавалася, што жыццё скончана, бо піць не мог і не піць не мог, я патэлефанаваў і ледзьве жывы паехаў на спатканне групы АА.

– Як Вас там сустрэлі?

– Больш за ўсё я баяўся асуджэння. Аднак мяне сустрэлі добразычлівыя людзі са шчырымі ўсмешкамі на тварах. Яны змушалі да адкрытасці. Я расказаў пра ўвесь свой доўгі шлях з алкаголем. Увёсь свой боль, усе свае пачуцці і думкі я адкрыў гэтым людзям. Гэта была мая першая ў жыцці споведзь. Я адчуў шчырае суперажыванне і жаданне дапамагчы. Пасля сходу мне не хацелася ісці ад іх. Душа спявала. Упершыню я не хацеў апахмяляцца. Гэта было неверагодна. Я зразумеў, што пачалося новае жыццё, жыццё без алкаголю. Было гэта 22 жніўня 1998 года. З тае пары я не ўзяў у рот ні кроплі спіртнога.

– Ці ўсё так лёгка і проста, як можа падаецца на першы погляд?

– Зразумела ж, не. У адно імгненне немагчыма цалкам змяніцца. Трэба працаваць над сабой і не баяцца гэтай працы. Самае галоўнае – прызнаць сябе алкаголікам, зразумець, што няма лекаў ад алкаголю і няма алкаголіка, які б навучыўся піць. Каб гэта зразумець, мне, напрыклад, спатрэбіўся цэлы год працы ў АА. І толькі калі я прыняў 1-ы крок праграмы ананімных алкаголікаў, дзе сказана: «Мы прызналі сваё бяссілле перад алкаголем, прызналі, што мы згубілі кантроль над сваім жыццём», – тады адчуў цвёрдую глебу пад нагамі і жаданне жыць без алкаголю.

– Праграма АА складаецца з 12 этапаў, ці, як іх яшчэ называюць, 12 крокаў. Гэта свайго роду запаведзі, выконваючы якія, чалавек падымаецца над сваімі дрэннымі схільнасцямі. Якія з гэтых 12 крокаў Вам падаліся самымі складанымі?

– Пра першы крок я ўжо сказаў. Другі і трэці крокі для мяне, закаранелага атэіста, былі таксама няпростымі. У іх гаворыцца: «Прымі да ведама, што Сіла, больш магутная, чым наша асабістая, можа вярнуць нам здароўе». І адпаведна: «Вырашылі аддаць нашу волю і нашыя жыцці пад апеку Бога, як мы Яго разумеем».

Спачатку для мяне гэтай Найвышэйшай Сілай былі мае новыя сябры – цвярозыя алкаголікі з АА. Атмасфера, а дакладней, дух нашых сходаў напаўняў спакоем душу і сэрца, а сціплыя чаяванні пасля сходаў я б не прамянаў ні на якія застоллі з алкаголем.

Пазней я зразумеў, што Бог заўсёды жыў у маёй душы, але я не задумваўся пра Яго. Я пачаў настойліва даказваць сабе, што Бог існуе, пакуль адзін мудры чалавек мне не сказаў: «Не трэба даказваць сабе існаванне Бога, трэба проста ў Яго верыць».

– Вы моліцеся на сваіх сходах?

– Адразу скажу, што арганізацыя АА не рэлігійная. Аднак большасць з нас усведамляе, што змаглі перамагчы алкаголь дзякуючы Сіле больш магутнай, чым чалавечая воля. А молімся мы на сходзе сваёй спецыяльнай малітвай: «Пане, дай мне розум і душэўны супакой прыняць тое, што я не ў сілах змяніць, мужнасць змяніць тое, што магу, і мудрасць адрозніваць адно ад другога». Вельмі важна зразумець, што Бог не робіць чалавека цвярозым – Ён дае яму сілы не піць. А з нашага боку павінна быць праца.

– За які час можна асвоіць «Праграму 12 крокаў»?

– Праца па праграме – гэта праца ўсяго жыцця. Я 25 гадоў піў і жыў невядома як. Цяпер па гэтай праграме я вучуся жыць нанова. Бачу, што характар мой паступова мяняецца да лепшага. Вяртаецца кантроль над учынкамі, я вучуся пакоры і любові да сваіх бліжніх. «Праграма 12 крокаў», сапраўды, праграма ад Бога. Яе цяпер узялі за аснову іншыя ананімныя супольнасці, напрыклад, наркаманы, эратаманы, абжоры, ігракі ў азартныя гульні.

– Вядома, што ў сям’і алкаголіка пакутуюць усе. Гэта, часцей за ўсё, псіхічна змучаныя людзі. Ім, напэўна, таксама патрэбная дапамога?

– Для такіх людзей створаны ананімныя групы «Ал-анон». Мая жонка, дарэчы, наведвае такую супольнасць.

– Што Вы маглі б параіць са свайго вопыту жанчынам, якія жывуць у сям’і з алкаголікам?

– У нас у АА ёсць такое паняцце, як «отстранение с любовью». Самае галоўнае – жонка не павінна садзейнічаць алкагалізму мужа, як было, на жаль, у маёй сям’і. Напрыклад, раніцай я прашу жонку купіць мне піва. Пакуль яна збіраецца, угаворваю на бутэльку віна. Абяцаю, што гэта ў апошні раз. І так пастаянна. Не іду на працу – яна мяне прыкрывае ад начальства. Гэта няправільна. Вядома ж, яна хацела як лепей, а выходзіла наадварот.

– «Возьмёмся за руки друзья, чтоб не пропасть поодиночке». Думаецца, словы гэтай вядомай песні вельмі добра падыходзяць для дэвіза супольнасці АА?

– Безумоўна. Адзін алкаголік ніколі не зможа справіцца са сваёй праблемай. Два алкаголікі, якія хочуць кінуць піць, ужо сіла. Калісьці заснавальнік нашага руху, спрабуючы выйсці з гэтай залежнасці, прапанаваў другому алкаголіку паспрабаваць рабіць гэта разам. У іх атрымалася. Да канца жыцця яны ўжо не бралі ў рот спіртнога.

– Цяпер у Вас ёсць добрая магчымасць камусьці дапамагчы. Падкажыце, куды звяртацца таму, хто захоча звязацца з групамі АА у Мінску і ў іншых кутках рэспублікі?

– У Мінску цяпер 12 такіх груп. Шмат іх і па ўсёй Беларусі. У мясцовых тэлефонных даведніках павінны быць нумары АА. Кантактны тэлефон нашай супольнасці: 224-26-23; 8-0296-14-26-23 (Мінск).