Як вядома, 19 кастрычніка 2003 года Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў Маці Тэрэзу з Калькуты. Сотні тысяч пілігрымаў з усіх куткоў свету прымалі ўдзел у гэтай радаснай для ўсіх католікаў падзеі. Нікому з рэчыцкага касцёла Святой Тройцы не давялося пабываць на той урачыстасці ў Ватыкане, але мы мелі магчымасць адзначыць гэту падзею ў Гомелі разам з сёстрамі Ордэна Місіянерак Любові, які калісьці заснавала Маці Тэрэза.

Па запрашэнні сясцёр парафіяне разам са сваім пробашчам а. Гжэгажам Худэкам з вялікім хваляваннем і радасцю паехалі аддаць даніну павагі той цудоўнай жанчыне, якую ўжо пры жыцці многія называлі святой. У касцёле, дзе адбывалася ўрачыстая Імша, усё нагадвала пра Маці Тэрэзу. Асабліва кідалася ў вочы шматлікая колькасць тых, каму гэта благаславёная служыла ўсё сваё жыццё — бедных, хворых, абяздоленых. Усе яны туліліся вакол сясцёр місіянерак, сагрэтыя Хрыстовай любоўю, якую несла ў сабе і перадавала іншым Маці Тэрэза з Калькуты. Духоўная прысутнасць Маці Тэрэзы на гэтай урачыстасці была вельмі адчувальнай. Нават здавалася, што яна зараз увойдзе — старэнькая, але такая прыгожая, спакутаваная, але вельмі шчаслівая. Мы размаўлялі з ёю ў сваіх сэрцах. І многія з нас у той дзень пачулі ў душы асаблівы заклік любові да бліжняга, а менавіта да таго, каму патрэбная дапамога.

Пасля амаль трохгадзіннага набажэнства мы наведалі Дом міласэрнасці, у якім жывуць і працуюць сёстры місіянеркі. Звычайны двухпавярховы цагляны будынак. Не вельмі вялікі. Але колькі ў ім цеплыні, утульнасці і дабрыні! Мы даведаліся, што ён існуе ўжо 10 гадоў. Цяпер тут шэсць законных сясцёр. Праца іх вельмі разнастайная, у асноўным — дапамога самым няшчасным. У сталоўцы, дзе, дарэчы, і нас накармілі, харчуецца штодня (акрамя чацвярга і нядзелі) каля 140 чалавек. Заўсёды знаходзяць у гэтым доме прытулак і бяздомныя людзі — памяшканне для такіх разлічана на 20 асобаў. Многім з іх сёстры дапамагалі вырабіць дакументы і ўладкавацца ў дамы-інтэрнаты. Робяць сёстры і перавязкі хворым, а раз на тыдзень сюды прыходзяць памыцца тыя, хто не мае свайго жытла. Раз у месяц каля 130 бедных сем’яў атрымліваюць прадукты харчавання. Наведваюць сёстры і жаночую турму. У Доме міласэрнасці бывае і шмат дзяцей. Акрамя ўрокаў рэлігіі яны атрымліваюць тут вельмі добрыя ўрокі міласэрнасці і любові да Бога і бліжняга. Усё гэта яскрава адлюстроўваюць малюнкі, якія вісяць на стэндзе катэхетычнага класа.

Пілігрымка ў Гомель на свята Маці Тэрэзы з Калькуты, наведванне Дома міласэрнасці, дзе жывуць і працуюць яе духоўныя дочкі стала для нас незабыўнай падзеяй. Усе мы атрымалі цудоўны прыклад сапраўднай хрысціянскай веры, надзеі і любові, а таксама заклік спяшацца рабіць дабро.

Тамара Сергіевіч,
г. Рэчыца