Айцец Юзаф Маціс

«Бог хоча, каб усе людзі ўратаваліся і пазналі ісціну» (гл. 1 Цім 2, 4).

Шаноўныя чытачы часопіса «Ave Maria»!

Вітаю вас з Тамбова, горада цэнтральнай часткі Расіі, які налічвае каля 400 тысяч жыхароў. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя тут жыло 700 ссыльных каталіцкіх сем’яў, у большасці гэта былі работнікі культуры, настаўнікі, чыноўнікі. У 1896 годзе, калі палітычная сітуацыя крыху палепшылася, пабудавалі неагатычны касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Пасля рэвалюцыі 1918 г. цяжкі лёс расійскіх святыняў не мінуў і тамбоўскі касцёл: яго адабралі ў католікаў і ператварылі ў завод. Пробашча Юзафа Вярбіцкага вывезлі ноччу, і след яго згінуў. У «чорную» камуністычную эпоху з вялікай колькасці парафіянаў мала хто ацалеў. Толькі ў 1997 г. амаль што цалкам адрэстаўраваны будынак касцёла быў вернуты адноўленай парафіяльнай супольнасці.

У 1998 г. я скончыў вучобу ў Рыме і атрымаў размеркаванне ў Тамбоў як першы сталы пробашч. Айцы вербісты, якія працавалі ў Маскве, да гэтага часу раз на месяц прыязджалі ў Тамбоў, дзе арганізавалі парафію і распачалі рамонт. Тады вяліся працы па замене касцёльнага даху, вокнаў, тынкаваліся сцены ў сярэдзіне касцёла, бо ў часы камунізму ён быў падзелены на два паверхі гэтак жа, як і мінская катэдра, толькі з розніцай у тым, што тут не было памяшканняў для заняткаў спортам, а стаялі вялікія завадскія машыны, у падлозе была прароблена вялікая яма, праз якую ў сутарэнне зліваліся масла і змазка. У падвале касцёла дзейнічаў гальванічны цэх, які таксама паўплываў на знішчэнне касцёльных муроў.

Ужо тады, у жніўні, я марыў, каб першая за апошнія 70 гадоў перапынку Пастэрка цэлебравалася ў касцёле, каб менавіта тут «нарадзілася» Дзіцятка Езус. Здавалася, што гэтыя мары нерэальныя, але з Божаю дапамогаю іх удалося ажыццявіць. На Божае Нараджэнне ў 1998 г. у тамбоўскім касцёле было гэтак жа холадна і сціпла, як у Бэтлееме, але чыста, светла і радасна. У першы дзень святаў у Святой Імшы ўдзельнічаў мэр горада, якога напрыканцы службы я папрасіў выправіць памылку, зробленую яго папярэднікамі, і запаліць над табэрнакулюмам вечную лампадку на знак таго, што Езус жыве ў тамбоўскім касцёле.

У новым 1999 г. мы распачалі разам з тады яшчэ нешматлікімі парафіянамі падрыхтоўку да сакрамэнту бежмавання, які павінен быў удзяліць у пачатку чэрвеня наш біскуп з Саратава Кліменс Пікель. Трое дарослых рыхтавалася да хросту, які меркавалі прыняць на Вялікдзень. Уся гэтая праца і радасць падрыхтоўкі была злучана з вонкавым аднаўленнем святыні. З дапамогаю парафіянаў і часткова гарадскіх уладаў мы вывезлі больш за 20 камазаў смецця, якое загрувашчвала прыкасцёльную плошчу, пачалі разбіраць «кітайскую» сцяну – высокую і непрыгожую агароджу з чырвонай цэглы, якая цалкам засланяла касцёл. Са здабытай такім чынам цэглы ўзяліся за пабудову дома для сясцёр дамініканак з Кракава, якія абяцалі прыехаць на пастаянную працу ў Тамбоў напрыканцы жніўня. Мне пашчасціла нават купіць батарэі для касцёла і хадайнічаць аб падключэнні газу.

Велікодныя святы сталі адраджэннем духоўнага жыцця парафіі праз далучэнне да супольнасці Касцёла новаахрышчаных і праз глыбокае перажыванне імі, ужо як вернікамі, свядомага ўдзелу ў зразумелай для іх літургіі. У пачатку чэрвеня амаль што ўсіх парафіянаў умацаваў сілаю Духа Святога наш біскуп Клеменс Пікель (пасля прызначэння новых біскупаў і новых дыяцэзій Расіі ў 1998 г. Тамбоў адносіцца да Саратаўскай дыяцэзіі), бо да гэтага часу ні ў каго з тамбоўскіх католікаў не было магчымасці прыняць сакрамэнт бежмавання. Некаторыя з прысутных, якія атрымалі сакрамэнт хросту і адначасова бежмавання ў праваслаўнай Царкве, ажывілі ў сабе гэты сакрамэнт праз асабістае благаславенне біскупа. У сувязі з прыездам біскупа адбылася радасная падзея, якой стала сустрэча нашага іерарха з праваслаўным Тамбоўска-Мічурынскім уладыкам Яўгенам (сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, сяброўскай і добразычлівай атмасферы можа таму, што ўладыка Яўген нарадзіўся ў Наваградку на Беларусі, яго бацькі ведалі і ўшаноўвалі наваградскіх мучаніц – сясцёр назарэтанак).

26 жніўня 1999 года прыехалі тры сястры дамініканкі. Дзякуй Богу, з большага ўдалося абсталяваць для іх дом. Да нас далучыўся таксама брат вербіст Мацей з Славакіі, так што наша «Божая дружына» значна ўзрасла. Ужо разам мы падрыхтавалі дзве залы для катэхізацыі і сустрэчаў, капліцу для сясцёр, у якой у Вігілію 1999 г. я цэлебраваў першую Св. Імшу. Атрымалася аднавіць частку касцёльнай агароджы з боку вуліцы, з Божаю дапамогаю перад маразамі паспелі зрабіць газавае ацяпленне ў касцёле, хоць з цяжкасцю атрымалі дазвол на яго падключэнне. Аднак падлогу ў касцёле яшчэ не здолелі пакласці з прычыны перашкодаў з боку аддзела архітэктуры.

Апрача гэтых знешніх рэчаў, сталі бачнымі вынікі Божага дзеяння ў чалавечых сэрцах. Павялічылася лічба парафіянаў, распачаліся біблійныя сустрэчы для дарослых, быў створаны парафіяльны хор, які ўпершыню праспяваў на Пастэрку, рэгулярнымі сталі катэхезы для дзяцей і моладзі як у Тамбове, так і ў вёсцы Яраслаўка, якая знаходзіцца за 75 кіламетраў ад горада і дзе жыве шмат католікаў – «немцаў Паволжа». Працягвалася індывідуальная падрыхтоўка дарослых да святых сакрамэнтаў. Па магчымасці мы наведвалі старэйшых і хворых парафіянаў. Удалося нават арганізаваць вігілійную вячэру для 30 старэйшых самотных асобаў. Гэта была вельмі ўзрушальная падзея, бо першы раз у жыцці гэтыя людзі маглі падзяліцца з кімсьці аплаткам, заспяваць разам калядкі, адчуць сябе як у сям’і. Вельмі ўзрадавала нас усіх колькасць людзей, якія прыйшлі на Пастэрку, іх было каля 150 чалавек. А гэта для расійскага горада, дзе пасля 70 гадовага перапынку толькі другі год як дзейнічае касцёл, сапраўды шмат.

Напрыканцы старога года ўсёй парафіяй мы праспявалі Богу гімн падзякі, але ўжо на пачатку новага Юбілейнага 2000 года рабілі планы на будучыню, тым больш што наш тамбоўскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа атрымаў прывілей юбілейнай святыні. Паколькі нам было дадзена з Божай ласкі на гэтай зямлі, злітай крывёю многіх мучанікаў за веру і свабоду, распачаць трэцяе тысячагоддзе хрысціянства, мы прагнулі таксама асабліва ўшанаваць памяць тых, хто тут калісьці жыў, маліўся, пакутаваў і як сведчанне сваёй веры пабудаваў гэты касцёл.

Мы паабяцалі на знак нашай удзячнасці Богу за захаванне гэтай святыні і веры сярод мясцовых людзей адбудаваць знішчаныя камуністамі касцёльныя вежы. Здавалася, што гэты намер звыш нашых сілаў, але навошта сябры? Звярнуліся па дапамогу да католікаў Славакіі і Польшчы. Адказ быў хуткі і шчодры, так што з надыходам вясны можна было пачынаць рэканструкцыю вежаў.

Адначасова з рамонтна-будаўнічымі працамі аднаўляліся «святыні» людскіх сэрцаў. На Вялікдзень таго ж года 7 асобам быў удзелены сакрамэнт святога хросту, некалькіх дарослых упершыню прыступілі да сакрамэнту паяднання. Ва ўрачыстасць Божага Цела 12 дзяцей прынялі Першую Святую Камунію, у гэты ж дзень адбылася першая пасля закрыцця касцёла (1936 г.) працэсія Божага Цела. Моладзь парафіі разам з сёстрамі прыняла ўдзел у агульнарасійскай сустрэчы моладзі ў Саратаве. У часе канікулаў група дзяцей з Тамбова і Яраслаўкі адпачывала ў хрысціянскім летніку, упершыню арганізаваным ў гэтым краі. Шмат сужэнцаў заключыла перад алтаром касцёльны шлюб (многія з іх пражылі больш за 40 гадоў без шлюбу). Тры парафіянкі ездзілі на Эўхарыстычны кангрэс у Маскву, 5 маладых людзей і 2 сястры былі дэлегаваныя парафіяй у Вадавіцы, а таксама ў Рым, дзе праходзілі Сусветныя дні моладзі.

У касцёле паклалі новую падлогу з мармура. 31 жніўня 2000 года паўторна прыехаў біскуп Клеменс, каб асвяціць адноўленыя вежы і новыя крыжы для іх увянчання. Пасля ўрачыстай Святой Імшы замацавалі крыж на першай з вежаў, а на наступны дзень – на другой. Такім чынам Пан Бог дазволіў з дапамогаю шчырых сэрцаў ахвярадаўцаў рэалізаваць мары аб поўнай рэстаўрацыі касцёла ў яго першапачатковым выглядзе. Цяпер касцёл бачны здалёк, і дзякуючы гэтаму збірае ўсё больш і больш людзей. Але як жа цяжка задаволіць чалавечае прагненне: у маёй галаве нарадзілася чарговая мара! Калі б былі званы... Касцёл стаў бы больш жывы, склікаў бы людзей. Ізноў заклік да католікаў Польшчы і Славакіі – цяпер збіраем на званы!

Тым часам набліжаўся да канца Юбілейны год. Яшчэ да поўдня 24 снежня я разам з братам Мацеем рыхтаваўся да прыёму гасцей. А потым была вігілійная вячэра, батлейка, падрыхтаваная дзецьмі. На Пастэрку прыехаў нават губернатар з букетам чырвоных ружаў, каб падзякаваць супольнасці католікаў, што за такі кароткі час яны змаглі падняць з руінаў і адбудаваць касцёл, які з’яўляецца помнікам архітэктуры не толькі мясцовага, але і федэральнага значэння. Прыемна было пачуць такія словы, але, вядома, каму трэба дзякаваць. Калі б не Божая ласка, малітвы і ахвяры людзей, дарэмная была б наша праца.

З надыходам 2001 года скончыўся год Вялікага Юбілею 2000-годдзя хрысціянства, стаў бачны і ягоны плён. Перад Вялікаднем для парафіянаў праводзіў велікапосныя рэкалекцыі айцец Марыюш Возьняк, які прыехаў з Кіева. Падчас літургіі Вялікай суботы яшчэ 5 асобам быў удзелены сакрамэнт святога хросту. У маі таго года пасля некалькіх папярэдніх выездаў у Мічурынск, які знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Тамбова, першы раз цэлебравалася Св. Імша. Невялікая група католікаў з 12 чалавек з энтузіязмам узялася тут за працу, так што ў хуткім часе мы купілі маленькі стары дом, які перарабілі ў капліцу. У вёсцы Яраслаўка таксама купілі і прыстасавалі пад капліцу драўляны дом, дзе ўжо праз некалькі дзён арганізавалі хрысціянскі летнік. Пасля вяртання з летніка 6 дзяцей з Тамбова прынялі Святую Камунію. Ва ўрачыстасць Божага Цела ў Яраслаўцы вернікі ўпершыню ў гісторыі прайшлі з працэсіяй па цэнтральнай вуліцы вёскі, а трое мясцовых дзяцей прынялі Цела Хрыста.

А 29 жніўня здзейснілася наша мара: з польскага горада Пшэмысля прывезлі тры званы для нашага касцёла. Іх зрабілі ў ліцейні братоў Фяльчынскіх. На самым большым 500 кілаграмовым звоне былі выявы св. Кірыла і Мятода, св. Пятра і Паўла і Святога Айца, ён атрымаў імя Ut unum sint (каб усе былі адно); сярэдні – Марыі, вагою 300 кг з выявамі Маці Божай Чэнстахоўскай, Вастрабрамскай і Нястомнай Дапамогі, а таксама самы маленькі – з іменем і выяваю св. Юзафа, апекуна добрай смерці. Званы ўсталявалі, і цяпер яны тры разы на дзень заклікаюць жыхароў Тамбова жыць з Богам.

Прыгожы будынак касцёла быў спраектаваны і пабудаваны для Бога архітэктарам Тэафілам Сверчакоўскім. Лёс касцёла мае штосьці падобнае да лёсу яго будаўнікоў, якіх шантажавалі, пераследавалі, арыштоўвалі, высылалі ў Сібір, давалі рускія імёны, але не маглі знішчыць іх сэрцы, змяніць кроў, зламаць дух. Памятаю маю збянтэжанасць, калі адразу пасля прыезду глядзеў на «мой» касцёл, стоячы ў цэнтры завода, які жадаў яму смерці, а цяпер сам знік. А сёння радасць перапаўняе маё сэрца, бо наша святыня пасля столькіх гадоў прыніжэння і апаганьвання зноў паўстала чыстая і прыгожая насуперак ворагам, якія хацелі яе знішчыць і зруйнаваць. Лічу, што гэта сапраўдны знак і сведчанне гэтага касцёла, якога «нават брамы пякельныя не перамаглі».