Нярэдка можна пачуць, што канфесійная прыналежнасць даецца Богам ад нараджэння, раз і назаўсёды, а навяртанне ў сталым узросце немагчымае. Напэўна, усё гэта правільна, ды з усялякіх правілаў бываюць выключэнні, асабліва ў нашых умовах, калі не-не ды і праб’ецца ў чалавеку праз павуцінне нядаўняй масавай антырэлігійнай прапаганды ды гвалтоўнага пазбаўлення людзей пастырскай апекі ўсепераможная прага веры, сапраўднай духоўнасці. Як правіла, такія прыклады найбольш характэрныя для рэгіёнаў, цягам доўгіх гадоў адарваных ад веры – калі і засталося што ў свядомасці чалавека з таго, як некалі было і як мае быць заўжды, дык на ўзроўні цьмянага дзіцячага ўспаміну, згадкі, аповедаў бабулі ці дзядулі.

Валянціна Шадзько нарадзілася ў вёсцы Шэдзькі на Шуміліншчыне. Усе жыхары вёскі, за выключэннем адной стараверскай сям’і, былі католікамі, але, як і шмат дзе, не мелі касцёла, куды можна было б пайсці ці паехаць на набажэнства. Маліліся ў адной з хатаў. Валю ахрысціла спачатку адна з вясковых бабуляў, пазней маці завезла дачку для належнага ўдзялення сакраманту Хросту ажно ў Ленінград.

Пасля трэцяга класа Валю, каб даць дзіцяці магчымаць вучыцца далей, узяла да сябе ў Бешанковічы старэйшая сястра. Касцёла на той час у гарадку таксама не было, затое працавала царква, але і туды наведвацца было небяспечна: дня не мінала, каб у школе не страшылі наступствамі. Асабліва ўзмацняўся ціск на вучняў і іх бацькоў напярэдадні святаў.

У 1982 г. Валянціна Шадзько паступіла вучыцца ў віцебскую бухгалтарскую школу. Скончыўшы вучобу, трапіла на працу ў райфінаддзел Віцебскага раёна. Там і пазнаёмілася з сынам адной з калег Юрыем Ганчаровым, за якога неўзабаве выйшла замуж. Зразумела, шлюб быў цывільны.

Пра тое, што ў горадзе адчыніўся касцёл і рэгіструецца парафія, Валянціна даведалася выпадкова, ад пляменніцы. Наведаўшы колькі разоў Святую Імшу, што ладзілася тады яшчэ ў капліцы пры касцёле святой Барбары, пачала памалу ўцягвацца ў парафіяльнае жыццё. Нягледзячы на тое, што сына хрысцілі ў царкве, брала і яго з сабою на набажэнствы, аддала ў нядзельную школу.

Паваротным для сябе ў сталым замацаванні веравызнання жанчына лічыць 1994 год, калі паўстала пытанне аб першай споведзі сына Сярожы. Хлопчык да гэтага часу паспяхова прайшоў катэхізацыю, але маці-каталічка па-ранейшаму заставалася без сакрамантаў Першай Камуніі і шлюбу. Каб выправіць становішча, Валянціна запісалася на катэхезу.

Касцельны шлюб Ганчаровы ўзялі ў 1994 г., напярэдадні першай споведзі сына. Усё нібыта наладзілася, ды заставалася ў сэрцы жанчыны стрэмка: Юрый па-ранейшаму ігнараваў і касцёл, і царкву. Ахрышчаны похапкам у 27-гадовым узросце ў царкве падчас вянчання пары, у якой Ганчаровы былі за сведкаў, муж Валянціны лічыў сваю прыналежнасць да праваслаўя сімвалічнай, але і ніякіх крокаў да каталіцтва не рабіў, аж пакуль, паддаўшыся на ўгаворы жонкі, пачаў наведваць Святую Імшу і сустрэчы сем’яў, што ладзіліся ў капліцы пры касцёле.

Паваротным у яго, Юрыя, лёсе стаў 1998 год. Менавіта тады прыйшоў ён да пробашча і сказаў пра свой намер стаць католікам. У многім такое рашэнне малады мужчына прыняў пад уплывам прыкладу жонкі і сына, не менш, аднак, паўплывала і жаданне змяніць лад жыцця. Працуючы на абутковай фабрыцы, Юрый, як сам цяпер прызнаецца, часам дазваляў сабе прыходзіць дадому нападпітку, што, вядома ж, не спрыяла спакою ў сям’і. А яшчэ паўплываў на яго лёс адзін кур’ёзны выпадак. Неяк, калі быў нападпітку, моцна забалеў у яго жывот. І такім невыносным быў той боль, што не вытрываў, папрасіў Бога: «Дай палёгкі, а я слова даю: кіну піць». І... боль адпусціў. Абяцанне ж засталося, і яго трэба было выконваць.

І вось – Першая Камунія ў 1999 г. З гэтага моманту і пачалося актыўнае каталіцкае жыццё Юрыя Ганчарова, а з ім усталяваліся ў сям’і спакой і гармонія, калі ўсё робіцца сумесна, і галоўнае – калі кожны крок аналізуецца, абдумваецца.

Самыя шчаслівыя дні ў гэтай сям’і – пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, дзе Ганчаровы пабывалі ўжо тры разы і дзе яшчэ неаднойчы спадзяюцца пабываць. А яшчэ – гадзіны малітвы падчас Святой Імшы, калі гэтак хораша і светла запаўняюць душу і сэрца высокі сэнс і хараство Боскіх запаветаў. Ды служэнне Богу – не толькі малітва. Шмат робіць сям’я Ганчаровых для побыту сваёй парафіі: памыць, прыбраць, падрамантаваць – усё гэта для іх не толькі абавязак, але і асалода.

Гонар Валянціны і Юрыя – сын. Мала таго, што вунь колькі пахвальных лістоў мае за добрую вучобу, дык яшчэ і музычную школу скончыў. А якім міністрантам быў усе гэтыя гады!

З маленства Сяргей марыў стаць ксяндзом. І вось сёлета, па сканчэнні школы, зрабіў першы крок да ажыццяўлення мары – паступіў у пастулат Кракаўскай вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў дамініканаў.Выбар свайго жыццёвага шляху Сяргей зрабіў свядома, вядома, не без уплыву святароў. Манаскае жыццё, як сам ён кажа, яму падабаецца і толькі ўзмацняе жаданне стаць ксяндзом.

Што да бацькоў, дык яны абое таксама рады. «Я шчаслівая, – кажа Валянціна. – А ўжо як далей будзе – сын сам вырашыць, мы навязваць нічога не будзем». Пазіцыя, годная сапраўднага хрысціяніна.

Такая вось простая гісторыя адной, зусім яшчэ маладой сям’і, але можа і яна каму-небудзь з тых, хто заблудзіўся ў роспачы і сумневе, дапаможа ў пошуках сябе і Бога. Бацькам жа Ганчаровым і сыну іх пажадаем поспехаў і духоўнае моцы пад шатамі Боскай дабрыні.

Франц Сіўко.
Фота з альбома сям’і Ганчаровых