29 снежня ў Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францішка Скарыны адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Конана «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі». Кніга выйшла ў свет у серыі «Бібліятэка часопіса “Наша вера”» (выдавецтва «Pro Christo»). Сярод ганаровых гасцей на вечарыне прысутнічаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іван Юркавіч, сакратар нунцыятуры кс. Генрых Ягадзінскі, святары, вядомыя літаратары і навукоўцы, сярод якіх былі Ніл Гілевіч, Арсен Ліс, Мікалай Крукоўскі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і іншыя госці.

Уладзімір Міхайлавіч Конан – прафесар, вядомы літаратуразнаўца, крытык і філосаф, расказаў у сваёй кнізе пра жыццё і смерць ксяндза Адама Станкевіча, пра яго душпастырскую, літаратурную і грамадскую дзейнасць у першай палове ХХ стагоддзя – перыядзе каталіцкага адраджэння ў Беларусі.

Прафесар Уладзімір Конан перш за ўсё падзякаваў выдавецтву «Pro Christo» і згадаў, што пачаў пісаць гэтую кнігу яшчэ ў 1995 годзе, карыстаючыся архівамі і творамі ксяндза Адама Станкевіча, якія захоўваліся менавіта ў Скарынаўскім навукова-асветніцкім цэнтры. Аўтар сказаў, што кс. Адам Станкевіч належыць да тых слаўных рыцараў рэлігійнага і нацыянальнага адраджэння Беларусі, якія апошнімі вяртаюцца ў нашу культурную традыцыю. Бальшавікі помсцілі яму пры жыцці за ахвярную службу Беларусі, замучыўшы ў далёкай расійскай глыбінцы. Помсцілі пасля пакутніцкай смерці паклёпамі і лаянкай, а таксама інфармацыйнай блакадай, забаронай навуковай і літаратурнай спадчыны, замоўчваючы самое імя Адама Станкевіча. Прафесар Конан падкрэсліў, што ксёндз Адам Станкевіч у сваіх казаннях і публікацыях аб’яднаў Веру і Розум.

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іван Юркавіч гаварыў пра прадбачлівасць беларускага святара, бо тое, аб чым марыў айцец Адам 50 гадоў таму, здзяйсняецца сёння. Вядома, што ў студзені 1945 года святар напісаў зварот да савецкага кіраўніцтва «Католическая проблема в БССР» (к сведению правительства СССР), а потым у сакавіку 1947 г. – «Католический вопрос в БССР и проект его разрешения». У гэтых зваротах кс. Адам Станкевіч пісаў аб неабходнасці стварэння беларускай каталіцкай дыяцэзіі, беларускіх біскупстваў, аб неабходнасці беларусізацыі Каталіцкага Касцёла. Святар спрабаваў пераканаць савецкую ўладу ў тым, што беларусізацыя Касцёла мае вялікае значэнне для народа і ўрада. Цяпер жа ў Беларусі існуе чатыры каталіцкія дыяцэзіі, ёсць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, дзве духоўныя семінарыі, правы вернікаў і ўсіх людзей сталі аднымі з асноўных правоў грамадства.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы таксама адзначыў, што кс. Адама Станкевіча можна лічыць тыповым прадстаўніком еўрапейскага духавенства, якое заўсёды змагалася за правы чалавека і што такія людзі з’яўляюцца сумленнем нацыі, а іх духоўны капітал – шлях у заўтрашні дзень.

Доктар Арсен Ліс гаварыў пра кс. Адама Станкевіча, як пра аднаго з апосталаў беларускай нацыі, які спалучаў беларускі менталітэт з хрысціянствам.

Паэт Ніл Гілевіч вызначыў кнігу У. Конана, як навуковы подзвіг аўтара і сказаў, што духоўныя і маральныя праблемы не сталі меншымі з часоў Адама Станкевіча. Ён таксама дадаў, што ў гісторыі Еўропы не было больш трагічнага лёсу, чым лёс беларускай духоўнай ды інтэлектуальнай эліты, якая мэтанакіравана вынішчалася. Ніл Гілевіч адзначыў вялікую ролю святароў у адраджэнні славянскіх народаў і як прыклад назваў некалькіх каталіцкіх святароў са Славеніі, а потым прачытаў верш «Наш Дом» славенскага ксяндза другой паловы ХІХ ст. Сымана Грыгорчыка – класіка тамтэйшай літаратуры. Ніл Гілевіч сказаў, што ў Славеніі, нягледзячы на панаванне Аўстрыйскай імперыі, народ жыў і мова жыла, бо духоўнымі лідэрамі былі каталіцкія святары – правадыры нацыі і нацыянальна-вызваленчага руху.

На прэзентацыі кнігі Уладзіміра Конана «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі» былі таксама ўзгаданы яшчэ некалькі святароў, пра якіх дасюль не напісаны вартыя іх кнігі. Гэта заснавальнік хрысціянскага кірунку ў беларускай паэзіі ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы пад літаратурным псеўданімам Андрэй Зязюля, кс. Канстанцін Стаповіч, вядомы ў паэзіі і публітыстыцы як Казімір Сваяк, грэка-каталіцкі святар Язэп Германовіч, якога ведалі як Вінцука Адважнага. Яны былі першымі ў Беларусі, каму ўдалося злучыць навуку і багаслоўе, душпастырства з народнай адукацыяй, царкоўнае красамоўства з прыгожай пісьменнасцю, прапаведванне Божага слова з грамадскай дзейнасцю. З іх пачалося паяднанне Каталіцкага Касцёла з беларускай мовай і нацыянальнай традыцыяй.

Сяргей Кірык