Кнігу ксяндза Язэпа Германовіча “Кітай-Сібір-Масква” доўга чакалі многія чытачы на Беларусі. Упершыню яна выйшла ў 1962 годзе ў Нямеччыне, потым у перакладзе на польскую мову яе атрымалі польскія чытачы. Мы ж, хто не меў доступу да тых выданняў, толькі ў 1994 годзе маглі пазнаёміцца з асобнымі ўрыўкамі гэтай кнігі ў часопісе “Спадчына”. І вось нарэшце ўспаміны беларускага ксяндза Язэпа Германовіча мы, беларусы, можам прачытаць асобным выданнем. Такім чынам, хоць і праз больш як 40 гадоў, але кніга ўсё ж дайшла да тых, для каго пісаў яе аўтар.

Горкія, балючыя ўспаміны “Кітай-Сібір-Масква” можна смела паставіць упоравень з такімі кнігамі як “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына, “Споведдзю” Ларысы Геніюш ды “У кіпцюрах ГПУ” Францішка Аляхновіча. Гэта – кніга-сведчанне вязня сталінскіх лагераў, кніга, у якой праўдзівым словам абвінавачваецца бесчалавечнае, звыродлівае сталінскае ўтварэнне – ГУЛАГ. І, безумоўна, абвінавачваецца сама сістэма, у якой ён быў магчымы.

Язэп Германовіч – ксёндз марыянін, выкладчык лаціны і тэалогіі, пісьменнік і паэт, грамадскі дзеяч, вядомы ў беларускай літаратуры яшчэ і як паэт Вінцук Адважны.

Ён нарадзіўся ў 1890г. у старажытных Гальшанах, скончыў Віленскую духоўную семінарыю, працаваў пробашчам на Беласточчыне, у вялікай Лапеніцы (каля Ваўкавыска), у Луконіцы (каля Слоніма), у Лужках (на Дзісеншчыне). У 1924г. кс. Германовіч уступіў у ордэн айцоў марыянаў, а ў 1932г. выехаў у Харбін (Кітай), каб удзельнічаць у каталіцкай місіі. Там жа і пачаўся ягоны крыжовы шлях. У 1948г. Язэп Германовіч быў арыштаваны кітайскімі камуністамі і перададзены савецкім уладам, якія беспадстаўна абвінавацілі яго як японскага шпіёна і асудзілі на 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Пасля смерці Сталіна ў 1955г. ксёндз Германовіч быў вызвалены, але права на сталае жыхарства ў Беларусі не атрымаў, таму быў вымушаны выехаць у Польшчу, а адтуль – у Лондан, дзе і служыў Богу і людзям да самай смерці ў 1978г.

Кніга “Кітай-Сібір-Масква” – успаміны кс. Язэпа Германовіча пра яго знаходжанне ў сталінскіх лагерах. Чытач знойдзе ў ёй шмат горкіх, балючых старонак, даведаецца шмат таго, пра што ў былым СССР старанна замоўчвалася доўгія гады. Ёсць у кнізе і старонкі, прысвечаныя айцам марыянам Андрэю Цікоту і Фабіяну Абрантовічу, чые лёсы былі таксама трагічныя і пакутныя, бо яны прайшлі крыжовы шлях у сталінскіх турмах ды лагерах, дзе і загінулі.

За час так званай галоснасці мы шмат даведаліся пра жудасную сталінскую рэчаіснасць, але ці не ўпершыню мы маем сведчанне пра гэтую горкую праўду з вуснаў каталіцкага святара. Пра тое, як ён пераносіў тую бесчалавечную катаргу, як знаходзіў у сабе сілы не дазволіць, каб у душы запанавалі злосць ды нянавісць да сваіх мучыцеляў, пра тое, як праходзілі доўгія допыты, як выпрабоўвалася вера рознымі спакусамі, як перажываў ён жудасную “адзіночку”, а потым ужо ў лагеры знаходзіў час і магчымасць на малітву і нават на справаванне Эўхарыстыі. Уражвае дзівосны аптымізм гэтага чалавека, які напісаў у эпіграфе да раздзела “Крыжовая дарога”:

Горкай бядзе і сонейка грэе,
і вецер вее, і салавейка пяе.

Гэтую кнігу вельмі балюча чытаць, але чытаць такія кнігі трэба, трэба ведаць пра тое, што перажыў наш народ, а разам з ім і ягонае святарства. Хоць бы і дзеля таго, каб мы, сённяшнія вернікі, умелі дзякаваць Богу за наша мужнае святарства мінулых гадоў і прасілі ў Яго мужнасці ды годнасці для сучаснага.

Кніга выдадзена клопатам айцоў марыянаў і Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі. Выданне прысвечана 80-годдзю кляштара марыянаў у Друі, да якога належаў і аўтар.

Прэзентацыі гэтага выдання прайшлі ў музеі Янкі Купалы і ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

І.Студзеньская