У жыцці кожнага храма, як і ў жыцці чалавека, бываюць цёмныя і светлыя дні. Толькі для чалавека яны вымяраюцца хвілінамі, гадзінамі, гадамі, а для святыні гэта цэлыя стагоддзі...

Касцяневіцкі касцёл Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны на Вілейшчыне не так даўно перажыў светлы дзень: 240 гадоў з дня збудавання. А калі зазірнуць глыбока ў мінулае, то гэтая дата яшчэ больш значная, бо каталіцкае жыццё прыйшло сюды ўжо ў 1652 годзе, калі «Павел Ляскоўскі, уладальнік гэтых мясцінаў, запісаў Касцяневічы віленскаму калегіуму езуітаў, і тут была заснавана місія ордэна».

Паводле архіўных звестак, першы парафіяльны касцёл быў збудаваны з дрэва ў 1662 годзе. Яго асвяцілі пад тытулам св. Ігнацыя Лаёлы, але толькі ў 1763 годзе ўзвялі каменны касцёл, які існуе і сёння. Гэта была супольная праца парафіянаў пад кіраўніцтвам іх пробашча, езуіта Феліцыяна Сулістроўскага.

Атрымаўся прыгожы будынак у стылі позняга барока, прамавугольны, з адной закрыстыяй і драўлянымі хорамі. Алтар аточвалі 6 стройных калонаў, а ў цэнтры яго быў цудоўны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, заключаны ў срэбную шату. Карону Божай Маці ўпрыгожвалі каштоўныя камяні. Панну Марыю атачалі цудоўныя анёлы, адзін з якіх трымаў у руках ружу...

На жаль, мала што з гэтага захавалася да нашых дзён, але сам касцёл выстаяў. Ён аб’яднаў 12 пакаленняў вернікаў, перажыў розныя ўлады, некалькі войнаў, рэвалюцыі, пажары і, нягледзячы на нягоды, існуе, радуе вока і сэрца.

...8 снежня 2003 года. Касцёл у Касцяневічах святочна ўпрыгожаны. Людзей вельмі шмат, нягледзячы на тое, што гэта працоўны дзень. Вернікі сабраліся, каб адзначыць слаўны юбілей.

Цішыню парушылі дзіцячыя галасы — гэта мясцовы парафіяльны хор «Санта Марыя» з Людвінова заспяваў песню:

Мы хочам Бога, Дзева Маці,
Сваіх дзяцей паслухай зоў.
Мы хочам Бога праслаўляці,
Яму жыццё аддаць і кроў.

Святочную Імшу вёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дзекан Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які працаваў у гэтым касцёле ў 1980-я гг.

Дзекан асвяціў таксама новыя стацыі «Крыжовай дарогі», якія касцёл атрымаў ад сваіх парафіянаў у падарунак да юбілею.

На Імшы прысутнічала шмат святароў і законных сясцёр з суседняй парафіі.

Са словамі шчырай удзячнасці ўсім, хто дапамог у арганізацыі свята, выступіў пробашч Андрэй Яркавец. За 2 гады працы ў нашым касцёле ксёндз Андрэй многае паспеў зрабіць: адноўлены табернакулюм, алтар, устаноўлена новая гукавая апаратура, адрамантаваныя плябанія, званіца. Добра-ўпарадкавана тэрыторыя вакол касцёла.

Перад святыняю, на месцы старога парку, цяпер узвышаецца фігура Пана Езуса, які стаіць на імітаванай скале з камянёў на раскрыжаванні дарог і як бы кажа кожнаму: «Бог чакае цябе!».

Асаблівую ўдзячнасць пробашч выказаў пралату з Мосара кс. Юзафу Бульку, які дапамагаў набыць цудоўную статую і, наогул, удзяляе шмат увагі маладым святарам.

Пасля Імшы пры дапамозе работнікаў людвіноўскага ДК і бібліятэкі была арганізавана літаратурна-музычная імпрэза ў гонар 240-годдзя касцёла.

Выступалі прадстаўнікі рознага ўзросту і пакаленняў, спявалі, чыталі вершы, гаварылі словы падзякі Пану Богу, святарам за магчымасць бачыць усю гэтую прыгажосць і ўдзельнічаць у ёй.

Галіна Ніжнік, бібліятэкар,
в. Людвінова Вілейскага р-на