[11 лютага – Сусветны дзень хворых]

Паэтка Надзея Салодкая – чалавек надзвычай жыццярадасны, хоць ёй давялося прайсці праз шмат выпрабаванняў. Але яны не надламалі яе, не зрабілі жорсткім сэрца, наадварот, перажытае стала крыніцай творчасці...

– Надзея Стэфанаўна, хрысціяне часта кажуць, што каго Бог моцна любіць, таго Ён і выпрабоўвае: болем, цярпеннем, хваробай. А часта можна пачуць, што хвароба – гэта кара за грахі. Як вы яе ўспрымаеце?

– Як дадзенасць, з якой сёння і заўтра трэба жыць. Я не думаю, што гэта Бог насылае на нас хваробы ды нягоды. Бог – добры. Важна толькі адчуваць і разумець гэтую дабрыню. Годнасць, прыстойнасць, цярпенне – у гэтым чалавек застаецца чалавекам, вартым павагі людзей. Але аднолькава любіць і дабрадзея, і злачынцу; проста яны па-рознаму да Яго ставяцца. А можа, гэтай маёй фізічнай нямогласцю Бог папярэдзіў нейкія мае цяжкія правіны, якія я ў сваім здаровым, беспраблемна-бяздумным жыцці магла б учыніць?

– Колькі гадоў вы ўжо, умоўна кажучы, непрацаздольная? Выраз «ўмоўна» ўжываю, ведаючы, што без працы вы не сядзіце.

– З працы рэдакцыйнай машыністкі я звольнілася 26 гадоў таму. Потым былі нейкія пошукі свайго месца ўжо ў статусе поўнага інваліда...

– Па адукацыі вы...

– Акушэрка.

– Як я разумею, праца машыністкаю ў рэдакцыі газеты была вымушанай?

– Безумоўна. Наогул, па спецыяльнасці я не працавала ніводнага дня. Зноў жа, з-за фізічнага стану. Прайшоўшы спецыялізацыю, я стала лабарантам у бальніцы в. Удзела, на Глыбоччыне. Потым па сямейных абставінах пераехала ў Полацк. На шчасце, я няблага ведала са школы беларускую мову і таму трапіла ў рэдакцыю, навучылася друкаваць на машынцы. Але здароўе пагаршалася, магчымасць рухацца абмяжоўвалася... Даводзілася прыстасоўвацца, каб не застацца проста пенсіянерам-інвалідам. Канешне, гэта адбывалася праз даволі жорсткую ломку звычак, жаданняў, нават характару. Сёння я рада, што не дазволіла адчаю, злосці, неспатольнасці запанаваць у маёй душы, бо гэта было б страшна.

–Хоць вы і перасталі хадзіць на працу, але не перасталі працаваць. Чаго тут было болей – жадання зарабляць грошы, альбо змагання з хваробай, імкнення даказаць, што не ўсё скончана?

– Ды нешта некаму даказваць я не імкнуся. Хачу жыць годна, вось і ўсё. Часта пра зусім нямоглага, неразумнага чалавека кажуць: «расліннае існаванне». Але ж і ў раслінаў, і ў жывёлаў свой свет і, мяркую, досыць напоўнены і багаты. Развітанне з рэдакцыяй было вельмі цяжкім – я там ўтульна пачувалася. Але іншага выйсця не было. Тыдні два пасля звальнення я была практычна ў прастрацыі. Былі і слёзы, і адчай. Катастрафічна не хапала зносінаў з людзьмі, бо, пагадзіцеся, пасля рэдакцыйнай мітусні закрыцца ў чатырох сценах... Зноў паспрабавала ўладкавацца машыністкаю, цяпер ужо ў бюро бытавых паслуг. Ды хоць тая праца і была насупраць дома, але занесеныя снегам высокія вулічныя бардзюры пазбавілі мяне і гэтай магчымасці.

Беларускамоўныя машыністкі тады былі рэдкай з’явай. Я набыла сабе добрую машынку, пераабсталявала яе на беларускі лад, і мы з ёю сталі запатрабаванымі ў сяброў, знаёмых і незнаёмых літаратараў. Гэта была вельмі цікавая праца, бо адна справа клеіць мяшэчкі, і зусім іншая – друкаваць рукапісы таленавітых аўтараў. Жыццё зноў зрабілася каляровым і цікавым.

– Хто вы па натуры: аптыміст ці песіміст?

– У мяне ўсё-ткі больш жыццярадасны характар, часам узрыўны, але не трагедыйна. Мяне нават калі-нікалі дакараюць: ат, табе ўсё ні па чым! Але я проста прымаю тое, што дадзена. Калі я не магу ўплываць на падзеі, дык які сэнс ірваць на сабе валасы ад усведамлення немагчымасці нешта змяніць? Можа, у вершах я і сапраўды трагедыйна-драматычная, але гэта ўжо даніна душэўнай шчырасці.

– Як прыйшлі да вас вершы?

– Раптам. У адзін самотны вечар. Як адкрыццё, як нейкая найвышэйшая ўзнагарода, праўда, невядома за што. 20 лістапада 1996 года я неспадзявана для самой сябе напісала верш... Я часта пыталася ў Бога: няўжо я прыйшла ў гэты свет, каб праліпець колькі цяжка-ўтомных гадоў і сысці, анічога адметна-добрага па сябе не пакінуўшы? Гэтае пытанне нарадзілася ўва мне і не давала спакою пасля таго, як я (таксама ў адначас!) убачыла Яго вочы, поўныя цеплыні, дабрыні і спагады. Прыміце, спадарыня Ірына, гэта як падзяку, бо я змагла ўбачыць Яго вочы, у многім дзякуючы і вашым творам. Было пытанне. Бог яго пачуў і даў мне адказ маімі ж вершамі.

– Часам паэты і пісьменнікі кажуць, што творчасць – гэта катарга...

– Што вы! Для мяне яна – найвялікшая асалода. Я амаль ніколі не бяру ў рукі аловак спецыяльна для таго, каб напісаць нейкі канкрэтны твор. Радкі прыходзяць самі, узнікаюць аднекуль, і я іх запісваю. Часам я нават баюся, ці не счытвае падсвядомасць неверагодным чынам нешта чужое... Бывае, калі верш «не ідзе» – не знаходзіцца патрэбнае слова, рыфма. Я тады спакойна адкладваю яго ўбок і займаюся іншым з надзеяй, што слова тое некалі прыйдзе і стане на сваё месца. І яно заўсёды прыходзіць. Ці ж гэта не радасць?!

– Прыйшлі натхненне, паэзія, а хвароба не скончылася, не адступіла. Як жа тут жыць?

– Так, хвароба не адступіла і не думае адступаць. Хутчэй, наадварот. І ўсё ж мне палягчэла. Таму што чалавеку, занятаму справай, якая прыносіць яму задавальненне, няма калі корпацца ў сваіх фізічных адчуваннях. Баліць, ну і ліха з ім – пацерпім! Але ж вершы ідуць! Таму жыць можна, і жыць хочацца!

– Многія з вашых вершаў сталі песнямі. Знаёмыя часам жартуюць: як ні ўключыш Беларускае радыё – пачуеш Салодкую. А самі вы любіце свае песні?

– Кожнай клетачкай душы. Таму што яны прапушчаныя і праз маю душу, і праз душы кампазітараў ды выканаўцаў. Мае асноўныя і галоўныя сустваральнікі песняў – Ізмаіл Капланаў і Нэлі Багуслаўская. Гэта яны падхапілі мае вершы і панеслі песнямі па Беларусі. Ну і канешне ж, я вельмі ўдзячная Леаніду Захлеўнаму з ягонай «Бяседаю» за мае-ягоныя песні.

– У вершах вы часта просіце ў Бога прабачэння. А ў жыцці вы самі ўмееце прабачаць?

– Без гэтага немагчыма было б нармальна жыць. Крыўда, а тым больш, задаўненая, разбурае чалавечую істоту як істоту духоўную. Пэўна ж, нездарма катэгорыя крыўды прысутнічае ў пераліку найвялікшых грахоў. Папросіш прабачэння за нейкую ўчыненую прыкрасць, свядомую ці не, і як жа лёгка робіцца на сэрцы!.. Хворы чалавек сёння ў нашым грамадстве часта пачуваецца нейкім ізгоем, недарэкай. І да мяне даволі часта вельмі дрэнна ставяцца ў крамах, аўтобусах, у майстэрнях (швэндаецца тут нейкая бабця з ляскаю замест таго каб сядзець дома!). З тых абразлівых выказванняў можна было б цэлы том скласці, але ці варта? Добрых, спагадных людзей нашмат больш, і дзякуй Богу за гэта!

Добра ведаючы, што часопіс «Ave Maria» чытаюць і ў вёсцы Удзела на Глыбоччыне, я хачу звярнуцца да сваякоў і землякоў па мужу. Некалі, даўным-даўно я прыехала туды на працу маладзенькай і амбіцыйна-камуністычнай дзеўчынёхай. Там выйшла замуж, палюбіла тамтэйшых людзей, большасць з якіх былі каталікамі. А вось што і па сёння пячэ маё сумленне. Калі памёр мой свёкар, у хаце пасля пахавання, за нейкі час да жалобнага стала, людзі, стоячы на каленях, маліліся за спачын ягонай душы. У мяне ж не хапіла розуму і веры стаць побач з імі, і я... сядзела за фіранкаю, чакаючы канца таго дзейства. Сёння я іншая і на каленях прашу прабачэння ў Бога, а таксама ў вас, мае шаноўныя землякі.

– Крыўды або прэтэнзіі да Бога за сваё няшчасце няма?

– Можа, не паверыце, але я ніколі не адчувала сябе няшчасненькай. Так, залішне шмат нязручнасцяў, абмежаванняў, няздзейсненых жаданняў, прыкрасцяў... Але я заўсёды старалася паводзіць сябе як звычайны чалавек. Прынамсі, каб хоць не назаляць іншым сваімі енкамі...

А прэтэнзій да Бога няма, адна ўдзячнасць. Звычайна кажуць: я прыйшоў да Бога. А я не ішла – ці па неразуменні, ці па камуністычна-савецкім выхаванні, ці па дурноце-ляноце. Ён сам прыйшоў да мяне, напоўніўшы жыццё сэнсам, святлом і радасцю. Той дарунак, які Ён паклаў на мой стол у выглядзе вершаў – якім коштам яго ацаніць? А якім коштам ацаніць саму магчымасць жыць, саму Боскасць жыцця?

– Ці выпрацавалі вы ў сабе ўменне перажываць страты?

– Я перастала адчуваць ліпучы жах перад небыццём пасля смерці маёй сястры Святланы. Вось неяк раптам прыйшло спакойнае адчуванне, што там ёсць твой вельмі блізкі, родны чалавек, які цябе чакае. Пасля смерці мужа гэтае адчуванне ўзмацнілася. Гэта ўжо не жах, а спакойнае разуменне-прыняцце непазбежнасці. Але боль ад страты дарагіх людзей ад гэтага не меншае...

– Нядаўна пачула цудоўнае выслоўе: «Калі хочаш насмяшыць Бога – будуй планы». У вас ёсць планы?

– Пасля такога выдатнага выразу што тут скажаш? Ды ў мяне хутчэй мары, а не планы. Вельмі хачу, каб гучалі мае песні, бо іх столькі ляжыць у стале... Хочацца, каб пабачылі свет ужо напісаныя і сабраныя ў кнігі вершы, якім таксама няпроста прабіцца, асабліва калі ўлічыць мае абмежаваныя фізічныя магчымасці. Калі ж будзе на тое Божая воля, дык нешта і яшчэ напішацца. Ну а ў будзённасці што планаваць? Даў Бог дзень – дасць і спажытак.

Гутарыла
Ірына Жарнасек

Надзея Салодкая

Ручаёк

Звонкі спеў абуджанага лёду –
Ручаёк звініць сярод зімы.
Жменькаю зачэрпну прахалоды –
Твар вадой агністаю абмыць.

Шэранню апушаны алешнік
У смузе прыцішана стаіць.
Цененькі ручай майго маленства
Мае сілу раны загаіць.

Ручаінка ўся не прамярзае,
Гаваркім струменьчыкам бяжыць.
Успамін ці сон, сама не знаю,
Ў памяці разгублена дрыжыць.

***

Пазіраю ў вочы Сына-Бога
І малю мяне не адлучаць
Ад Пагляду светлага, жывога,
Ад цвярдыні Боскага пляча.

Свечка плача, меншае, танчэе –
Адступае боль, сыходзіць страх.
Ведаю, сваім цяплом сагрэе,
Выбавіць з нягожых апранах.

Без Яго – ні кроку, ні паўкроку,
Без Яго – адзін нямы цяжар.
І адкрыты ўнутранаму зроку
Сіла й боль Гасподняга Крыжа.

***

Ствараю малітву з бяды і падзякі –
Мой Бог, не адкінь тыя словы!
Наведнік у храме я, можа, ніякі,
Ды храм Твой у сэрцы суворым.

Мне ёсць над чым плакаць, і ёсць за што дзячыць,
Душа мая ўпоравень з лёсам
Ляціць і трымціць, супыніцца няйначай,
Як толькі дасягне нябёсаў.

Між імі і мною – расстанне і слёзы,
І радасць зямное калыскі,
Высокія пальмы і гнуткія лозы
На трактах, сыпучых і слізкіх.

Ствараю малітву – сваю, як умею,
Зямная ў зямной крутаверці,
Па зернейку словы няўмерлыя сею
За век ці імгненне да смерці.