Першы дзень
Просьба аб цярплівасці ў хваробе

Маці Божая Балесная, меч балесці працяў Тваё сэрца, але Ты з вялікаю цярплівасцю перажыла столькі пакутаў, выпрасі і мне цярплівасць у маёй хваробе:

– каб не павялічваў я свайго болю пастаяннымі нараканнямі і азлобаю;
– каб не абцяжарваў іншых бясконцым аповедам пра ўсе свае немачы;
– каб мая хвароба не сталася адзінаю і найважнейшаю справаю майго жыцця і каб яна не аддаліла мяне ад усяго, што адбываецца па-за ёю;
– каб з-за сваёй нецярплівасці не быў нязносным для тых, хто знаходзіцца побач са мною;
– каб стаў я падобны да Цябе, цярплівая Маці. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Другі дзень
Просьба аб правільным дыягназе і аб добрых адносінах лекараў

Умілаваная Матуля, вазьмі мяне пад сваю апеку, калі лекары будуць вызначаць мне дыягназ. Няхай яны не робяць паспешных высноваў і не ставяцца з пагардаю да маёй хваробы, думаючы, што бачылі яшчэ горшыя выпадкі. Няхай іх дыягназ будзе абдуманым і правільным.

Няхай яны не ўспрымаюць мяне як рэч, з якой можна як заўгодна абыходзіцца, але няхай маюць пашану да мяне і да майго цела.

Няхай не бракуе ім усмешкі, добрага слова, далікатнасці і клопату, якія Ты маеш да нас усіх.

Дапамажы, каб таксама і я навучыўся падпарадкоўвацца слушным патрабаванням лекараў і не падманваў іх.

Каб не патрабаваў іх пастаяннага догляду, часам, можа, шкодзячы іншым хворым.

Марыя, навучы нас усіх узаемнай любові. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Трэці дзень
Просьба аб зразуменні і дапамозе сям’і

Марыя, якая ў Кане паклапацілася аб патрэбах іншых, дапамажы маім родным сваёю малітваю і прыкладам, каб яны не пакідалі мяне без патрэбнай апекі. Няхай іх дапамога не будзе кінутаю з прымусу «міласцінаю», але сапраўдным клопатам пра маё здароўе.

Няхай яны ўбачаць маю слабасць і спадзяванне на іх дапамогу. Няхай зразумеюць, што мне хацелася б разлічваць толькі на свае сілы, але гэта, на жаль, немагчыма.

Няхай убачаць, што Бог мяне заклікае да цярплівасці, а іх да клопату пра мяне – такая Яго воля адносна маёй хваробы.

Прашу, каб іх сэрца не замыкалася ў эгаізме і жаданні займацца толькі ўласнымі справамі. Няхай яны не баяцца адмовіцца ад сваіх спраў дзеля вечных каштоўнасцяў. Няхай яны не забываюць: тое, што мы робім «найменшым», робім самому Хрысту.

Маці, якая цалкам прысвяціла сябе служэнню Сыну, навучы нас быць ахвярнымі ў сям’і. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Чацвёрты дзень
Просьба аб сіле і адвазе ў хваробе

Маці Балесная, хоць Тваё жыццё было пазначана глыбокім цярпеннем, Ты ніколі не ўпадала ў роспач, але мужна ўсё пераносіла.

Выпрасі для мяне адвагу і сілу ў змаганні з хваробаю. Калі буду слабнуць фізічна і ўсё менш буду валодаць сваім уласным целам, няхай умацуюцца мае духоўныя сілы.

Няхай хопіць мне смеласці прыняць непазбежнае цярпенне, звязанае з маёй хваробаю.

Няхай яно не пазбавіць мяне годнасці, а дапаможа прыпадабніцца да Твайго церпячага Сына і наблізіцца да Твайго балеснага Сэрца.

Маці Балесная, вучы мяне праўдзе, што пасля смутку надыдзе радасць, а пасля крыжа – змёртвыхпаўстанне. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Пяты дзень
Просьба аб выздараўленні

Маці Божая Балесная, Ты ведаеш пра ўсе пакуты чалавека, таксама і ў ліхэньскім санктуарыі выпрошваеш у Сына шматлікія аздараўленні. Гэта Ён аздараўляе, так як калісьці падчас сваёй вандроўкі па Палестыне, калі прыносілі да Яго шмат хворых, сляпых, глухіх, калек і пракажоных. І асабліва знамянальна, што ў адным з самых вялікіх санктуарыяў свету, у Люрдзе, адбываецца найбольш аздараўленняў у часе эўхарыстычнай працэсіі.

Таксама і ў Ліхэні, дзякуючы Твайму заступніцтву Твой Сын вяртае здароўе многім хворым. Пацвярджаюць гэта шматлікія сведчанні і воты.

Прашу Цябе, Марыя, выпрасі ласку выздараўлення таксама і для мяне. Ты ведаеш, як я моцна гэтага жадаю, і як яно мне патрэбна.

Веру, што Твой Сын можа мяне аздаравіць. Праз Тваё мацярынскае Сэрца аддаю сябе Яму ў апеку і прашу аб ласцы аздараўлення майго цела і душы.

Няхай будзе ўшанаваны Пан у сваёй моцы і міласэрнасці. Няхай будзе праслаўлена Маці Божая Балесная, абраз якой ласкамі славіцца ў Ліхэні. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Шосты дзень
Просьба аб надзеі ў хваробе

Маці Балесная, Ты з самага пачатку ведала, што Тваё жыццё будзе пазначана цярпеннем. Аднак Ты ішла цярнёвым шляхам за Хрыстом, не губляючы ніколі надзеі. Ведала, што Тваё, і асабліва Яго цярпенне і пакуты на Крыжы, вядуць да ўваскрэсення і жыцця вечнага.

І гэтую праўду Ты нагадваеш мне ў маім смутку, цярпенні, хваробе.

Якой бы цяжкай ні была гэтая хвароба, а боль нясцерпным, яны калісьці скончацца. І чым больш я паяднаю іх з Крыжам Хрыста, тым большай і ўпэўненай будзе мая перамога і радасць ўваскрашэння.

Праз сэрца Балеснай Маці дзякую Табе, Божа, за дар жыцця, хоць напоўнена яно пакутамі. Дзякую, што Ты паклікаў мяне з небыцця да існавання і прызначыў для шчасця вечнага, якое мяне не міне, нягледзячы на цяперашнія мучэнні.

Ведаю, што ў вечнасці я ўспомню свае зямныя пакуты, як маланку, што толькі на імгненне працінае неба падчас навальніцы.

Аднак цяпер, у хвіліну цярпення, падтрымай мяне, Маці, сваімі малітвамі, каб я не страціў надзеі. Дазволь мне мець надзею на будучую хвалу ў небе, дзе Ты мяне суцешыш і дзе Езус прыме мяне з любоўю, дзе спазнаю супакаенне пасля зямных пакутаў.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Сёмы дзень
Просьба аб вытрываласці перад спакусамі сатаны

Маці Божая Ліхэньская, у Тваім санктуарыі, дзе стаіць столькі спавядальняў, злыя духі адыходзяць ад многіх грэшнікаў.

Прашу Цябе, дапамажы мне не падаць духам падчас хваробы і пакутаў, не паддавацца спакусам сатаны, не сумнявацца ў Божым Провідзе і Яго любові да мяне.

Дапамажы мне зразумець, што сам Бог прыняў чалавечае цела, цярпенне і Крыж, каб менавіта мяне выбавіць ад гэтых пакутаў. Калі, можа, гэта вызваленне не прыйдзе да мяне на зямлі, а толькі ў небе, не дазваляй мне адчайвацца.

Калі б не Крыж Хрыста, то я мог бы пакутаваць на працягу ўсёй вечнасці.

Дапамажы мне, Маці Балесная, далучаючы мой крыж да Крыжа Хрыста, прычыніцца да збаўлення людзей, да барацьбы з сатаною і ніколі не паддавацца яго спакусам.

Будзь са мною ў хвіліны выпрабаванняў. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Восьмы дзень
Просьба аб адданні Божай волі

Маці Балесная, Ты таксама ў ліхэньскім санктуарыі паўтараеш: «Зрабіце, што вам гаворыць Сын, зрабіце ўсё, што вам гаворыць Бог».

Ты ведаеш найлепш, што няма для чалавека большай мудрасці і дабра, чым наследаваць Божую волю.

Ты дала нам прыклад, будучы паслухмянаю Богу ў цемры веры, калі мусіла перажыць столькі цяжкіх і незразумелых сітуацый. Аднак Ты даверылася Яму да канца. Па-чалавечы можна было глядзець на Тваё жыццё, як на ланцуг цяжкасцяў і цярпення, аднак жа Ты спазнала найбольшую пашану і шчасце сярод людзей. Не здарылася б гэтага, калі б Ты не падпарадкавалася Божай волі.

Дапамажы мне, калі не буду разумець сэнсу сваёй хваробы і цярпенняў, прыняць усё, падпарадкоўваючыся, як Ты, Божай волі. Навучы мяне глядзець на тое, што мяне напаткала, не толькі вачыма чалавека. Дазволь зразумець, што зерне павінна загінуць, каб даць плён.

Учыні, каб я памятаў, што той, хто давярае Богу, не асаромеецца навекі.

Маці Балесная, будзь для мяне прыкладам падпарадкаванасці Божай волі. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Дзевяты дзень
Просьба аб ахвяраванні хваробы

Маці Божая Балесная, навучы мяне падчас хваробы не пытацца: «чаму?», але «дзеля чаго?».

Гэтак жа, як Ты ахвяравала ў святыні Богу Айцу Дзіцятка Езус, пагаджаючыся на тое, каб меч прабіў Табе сэрца, учыні, каб і я не засяроджваўся на сваім болю, але з любоўю ахвяроўваў яго за людзей.

Пане, прашу Цябе праз Сэрца Балеснай Маці, прымі мае хваробы і цярпенні як ахвяру прыемную Табе.

Ахвярую іх Табе, каб перапрасіць і выпрасіць міласэрнасць для мяне, маіх блізкіх і для ўсяго свету.

Ахвярую Табе іх таксама з просьбаю аб благаслаўленні для мяне, маёй сям’і, для тых, каго люблю, для ўсіх, хто зрабіў мне якое-небудзь дабро. Ахвярую Табе маю хваробу, маё цярпенне, а таксама гэтую навэнну, асабліва ў інтэнцыі, у якой Цябе цяпер шчыра прашу... (трэба назваць уласную інтэнцыю).

Прымі маю хваробу і цярпенне таксама як ахвяру дзеля дабра Твайго Касцёла, Святога Айца, дзеля таго, каб выпрасіць добрых пастыраў для люду Божага.

А таксама ў інтэнцыі паяднання хрысціянаў у адным Касцёле, каб усе хрысціяне, усе людзі жылі згодна з Тваёю воляю. Каб жылі ў супакоі і разам імкнуліся да Твайго Валадарства. Каб настала Тваё Валадарства на зямлі. Каб усе праслаўлялі Адзінага і сапраўднага Бога. Прашу, Пане, прымі маю маленькую ахвяру.

Маці Божая Балесная, дапамажы мне ахвяраваць Богу маю хваробу і кожны крыж. Амэн.

Літанія да Маці Божай Ліхэньскай
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...