Дарагія чытачы, рэдакцыя атрымлівае ад вас шмат лістоў з просьбамі патлумачыць тыя ці іншыя рэлігійныя тэрміны, словы альбо паняцці. Таму мы вырашылі друкаваць на старонках «Ave Maria» кароткі тлумачальны слоўнік.
У гэтым нумары прапануем вам тлумачэнне некаторых слоў, звязаных з перыядам Вялікага посту.

Рэдакцыя

Абсалюцыя (лац. absolucio – вызваленне, апраўданне). Адпушчэнне грахоў у сакраманце пакаяння, разграшэнне. На лацінскай мове формула адпушчэння грахоў пачынаецца словамі: «Ego te absolvo...» («Я адпускаю табе...). У гэты момант з чалавека здымаюцца ўчыненыя ім грахі.

Абстыненцыя (лац. abstineo, -ere – устрымлівацца). Найчасцей ужываецца ў значэнні ўстрымання ад алкаголю, а таксама ад мясных страваў у перыяды пакаяння і вызначаныя Касцёлам дні (у пятніцу). Можа быць адной з формаў дабравольных пастановаў на Вялікі пост ці аскетычным практыкаваннем.

Адарацыя (лац. adoratio – ушанаванне, пакланенне). Праява ўшанавання і пакланення Богу. Найбольш распаўсюджаная форма – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Можа быць прыватнай, калі чалавек прабывае перад Хрыстом, укрытым у табэрнакулюме, а таксама публічнай, падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту. У Вялікую пятніцу Мукі Пана адбываецца адарацыя святога Крыжа на ўшанаванне збавеннай смерці Хрыста на Крыжы.

Адхлань. Месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем (Дз 3, 15; Рым 8, 11; 1 Кар 15, 20), зышоў Езус Хрыстус перш чым уваскрэснуць. Ён, прыняўшы смерць, як кожны чалавек, зышоў у адхлань як Збаўца, абвяшчаючы добрую навіну душам, якія там былі закрытыя (ККК, 632), і адчыніў для іх брамы неба (ККК, 637). Зыход Хрыста ў адхлань Касцёл узгадвае ў Вялікую пятніцу Мукі Пана.

Аскеза (грэцк. askesis – практыкаванне). Духоўныя практыкаванні, мэта якіх – удасканаленне ў цнотах і змаганне з кепскімі схільнасцямі дзеля з’яднання з Богам.

Віятык. Святая Камунія, якую прымае цяжка хворы чалавек разам з сакрамантам намашчэння хворых, які, як піша святы Якуб (Як 5, 14), павінен умацаваць чалавека ў цяжкія хвіліны хваробы.

Грэх. Свядомае і дабравольнае парушэнне Божых запаведзяў, якое аддзяляе чалавека ад Божай любові, пазбаўляе яго асвячальнай ласкі і парушае яго адносіны з Богам і з бліжнімі. Адрозніваюцца цяжкія грахі, якія часам называюць смяротнымі, бо яны пазбаўляюць чалавека надпрыроднага жыцця ў Богу (сур’ёзныя парушэнні, цалкам свядомыя і цалкам дабравольныя) і штодзённыя грахі.

Канфесіянал (ад лац. confessio – споведзь). Спавядальня. Закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамант споведзі. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.

Катэхумен. У раннім Касцёле так называліся людзі, якія рыхтаваліся да прыняцця хросту. Перад тым як быць ахрышчанымі, яны павінны былі пазнаёміцца з асновамі хрысціянскай веры. Час падрыхтоўкі называўся катэхуменатам. У наш час катэхуменамі называюцца дарослыя, якія рыхтуюцца да сакраманту хросту. Згодна са старадаўняй літургічнай традыцыяй, у першую нядзелю Вялікага посту адбываецца абрад прыняцця, альбо запісу катэхуменаў, якія будуць ахрышчаныя падчас Пасхальнай Вігіліі. У трэцюю, чацвёртую і пятую нядзелі Вялікага посту адбываюцца адпаведна першы, другі і трэці іспыт у падрыхтоўцы да хросту катэхуменаў, якія называюцца скрутыніямі.

Пакаянне. 1. Навяртанне ад грахоў праз жаль за грахі, пастанаўленне выправіцца і перапрашэнне Бога і бліжняга за нанесеныя крыўды.
2. Сакрамант споведзі, у якім святар адпускае грахі.
3. Пакута, вызначаная на споведзі: малітва, пост, добрыя ўчынкі.

Пасія (лац. passio – мука). Лацінская назва Мукі Пана. У рэлігійным значэнні пасіяй называецца апісанне Мукі Пана, паводле аднаго з Евангелляў, якое чытаецца ў Пальмовую нядзелю і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана. Таксама так часам называюць выяву ўкрыжаванага Хрыста. Пасійныя набажэнствы (казанні) – разважанні над збавеннай Мукай Хрыста, якія традыцыйна адбываюцца падчас Вялікага посту (Крыжовы шлях, Песні жальбы і г. д.).

Папялец, папяльцовая серада. Дзень, якім пачынаецца перыяд Вялікага посту. У гэты дзень адбываецца асвячэнне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

Пенітэнт. 1. Чалавек, які жадае паяднацца з Богам і бліжнімі праз сакрамант споведзі і атрымаць адпушчэнне грахоў.
2. Той, хто здзяйсняе пакаянне.

Пост. 1. Вялікі пост. Саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у Святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.
2. Абмежаванне ў ежы і піцці, якое з’яўляецца аскетычным практыкаваннем ці праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца сціслы пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Паняцце сціслы пост азначае, што на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных і малочных страваў, а таксама ад алкаголю. Сціслы пост прадпісаны Касцёлам у Папялец і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана (згодна з традыцыяй, захоўваецца і ў Вялікую суботу), але не з’яўляецца абавязковым для маленькіх дзяцей, кормячых маці і хворых. Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў.
3. Адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай.

Пракуратар. Паўнамоцны прадстаўнік рымскага імператара (цэзара), які прызначаўся для ажыццяўлення ўлады і забеспячэння парадку на асобных тэрыторыях, што ўваходзілі ў склад адной з правінцый Рымскай імперыі. У евангельскія часы Палестына ўваходзіла ў склад рымскай правінцыі Сірыі. У апошнія гады зямнога жыцця Збаўцы рымскім пракуратарам у Юдэі і Самарыі быў Понцій Пілат, які, знаходзячыся перад святам Пасхі ў Ерузалеме, разглядаў справу Езуса і хоць не знайшоў у Ім вартай пакарання віны, аднак саступіў патрабаванням юдэяў і, умыўшы рукі, аддаў Хрыста на ўкрыжаванне.

Прэторыя. У Новым Запавеце так названы палац, у якім жыў пракуратар Пілат. Туды на суд быў прыведзены Езус, і там Пілат дапытваў Яго. Там жа з яго здзекваліся жаўнеры ў той час, пакуль народ чакаў рашэння пракуратара на двары.

Рахунак сумлення. Адна з умоваў сакраманту споведзі. Выпрабаванне сумлення, мэта якога – згадаць усе цяжкія грахі, учыненыя пасля апошняй споведзі, што павінна выклікаць жаль за іх (другая ўмова сакраманту споведзі) і прывесці да цвёрдага пастанаўлення выправіцца (трэцяя ўмова).

Споведзь. Найбольш распаўсюджаная назва сакраманту пакаяння, які таксама называецца сакрамантам паяднання альбо прымірэння. У гэтым сакраманце пенітэнт праз святара (спаведніка) у імя Бога атрымлівае адпушчэнне грахоў, якія шчыра і ў таямніцы вызнае перад святаром. Менавіта такое вызнанне грахоў і называецца ў сціслым значэнні «споведдзю».

Стацыя (лац. statio – прыпынак). Адзін з чатырнаццаці традыцыйных элементаў Крыжовага шляху – пасійнага набажэнства, прысвечанага разважанню пра Муку Пана, пачынаючы ад несправядлівага прысуду Пілата, праз цяжкі шлях на Галгофу ў цярновым вянку і з крыжам на плячах, і сканчваючы смерцю на крыжы і пахаваннем. Часам гэтае разважанне ўключае таксама і Змёртвыхпаўстанне Хрыста (пятнаццатая стацыя). Выявы асобных эпізодаў Крыжовага шляху таксама называюцца стацыямі і традыцыйна размяшчаюцца на сценах касцёла.

Стула (лац. stola – доўгая вопратка). Доўгая вузкая стужка, падобная да шаліка, якую святар ускладае на шыю пад арнат для цэлебрацыі Святой Імшы, альбо без арнату для здзяйснення іншых сакрамантаў ці літургічна-душпастырскіх паслугаў. Стула з’яўляецца сімвалам святарскай улады. Дыяканы ўскладаюць стулу праз левае плячо і наўскос праз грудзі. Існуе звычай цалавання стулы пенітэнтам пасля споведзі.

Сынэдрыён (грэцк. сынэдрыён, габр. санхэдрын). Найвышэйшы суд у Ерузалеме, які складаўся з першасвятароў, старэйшын і законнікаў, – усяго 70 асобаў. Пераважна разглядаў справы, якія датычылі рэлігійных пытанняў, а таксама антыдзяржаўныя злачынствы, але не меў права выносіць смяротных прысудаў. Сынэдрыён дапытваў і асудзіў Езуса (Мц 26, 59); перад ім пазней сталі і апосталы (Дз 4, 1; 5, 21); св. Стэфан сведчыў перад ім пра Пана (Дз 6, 12).

Трыдуум, святы пасхальны Трыдуум. Тры дні, прысвечаныя разважанню над апошнімі днямі зямнога жыцця Збаўцы: Вялікі чацвер Вячэры Пана, Вялікая пятніца Мукі Пана і нядзеля Змёртвыхпаўстання. У гэтыя дні Касцёл у літургічных цэлебрацыях узгадвае муку, крыжовую смерць, пахаванне і ўваскрэсенне Хрыста.

Рэкалекцыі (лац. recolligo, -ere – зноў збіраць). Іншая назва – духоўныя практыкаванні. Некалькі дзён, асаблівым чынам прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі рэкалекцый прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый. Мэта рэкалекцый – паглыбленне ўнутранага кантакту з Богам і аднаўленне духоўнага жыцця. Яны завяршаюцца споведдзю і прыняццем Святой Камуніі. Рэкалекцыі бываюць адкрытыя (для ўсіх ахвотных) і закрытыя (у кляштарах і спецыяльных рэкалекцыйных цэнтрах, калі ўдзельнікі цалкам пакідаюць свае штодзённыя заняткі і ў маўчанні засяроджваюцца над малітваю і разважаннем). У перыяд Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел, прынамсі, у адкрытых рэкалекцыях.

Працяг №4(107)/2004 >>

Падрыхтаваў Мікола Гракаў