[26 еўрапейская сустрэча ў Гамбургу]

Штогод у той самы час – праз некалькі дзён пасля Божага Нараджэння і напярэдадні Новага Года – пілігрымы накіроўваюцца ў адзін з гарадоў Еўропы. Яны збіраюцца на чарговую еўрапейскую сустрэчу моладзі, арганізаваную экуменічнай супольнасцю з Тэзэ. Маладыя хрысціяне працягваюць традыцыю пілігрымкі даверу, якая ўжо дваццаць шосты год крочыць па зямлі. Ініцыятарам гэтай незвычайнай ініцыятывы выступіў брат Ражэ, заснавальнік супольнасці Тэзэ і арганізатар сустрэчаў моладзі. Сам перыяд Божага Нараджэння, радасны настрой падштурхоўваюць да таго, каб дзяліцца з усім светам навінаю аб нараджэнні Хрыста, адкрываць сваё сэрца, паказваць сваю любоў да Бога і да бліжняга...

Зімовая сустрэча гэтым разам праходзіла ў Гамбургу, што гасцінна расчыніў дзверы для 68 тысяч пілігрымаў, сярод якіх было таксама каля 300 прадстаўнікоў беларускіх парафій з Мінска, Гродна, Ліды, Віцебска, Маладзечна, Брэста, Магілёва.

Шлях у Гамбург у кожнай з груп быў адметны, але няма сумнення, што ўсе адчулі сардэчнасць і добразычлівасць людзей у месцах прыпынку, у тых гарадах і вёсках, дзе яны спыняліся па дарозе ў Нямеччыну і дадому. Застануцца ў памяці прыемныя хвіліны, праведзеныя ў польскім горадзе Гожуве-Велькапольскім, мясцовая парафія якога на чале з кс. Генрыкам, нягледзячы на позні прыезд, прыняла пілігрымаў з Мінска, Ліды і Гродна на начлег; Казімежы Біскупім, дзе гасцявалі некалькі гадзін у супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, Ліхэні, дзе атрымалі благаславенне кусташа санктуарыя і памаліліся перад цудадзейным абразом Маці Божай; запомніцца Берлін, які патанаў у бляску святочных агнёў, і, зразумела, сам Гамбург, які прымаў гасцей...

Праграма сустрэчы была досыць цікавая і разнастайная. Кожны новы дзень у Гамбургу пачынаўся ранішняй малітвай у парафіі, потым адбывалася сустрэча ў малых групах, дзе разважалі над словамі з Евангелля і ўрыўкамі з ліста брата Ражэ «Да вытокаў радасці», дзяліліся сведчаннямі веры, распавядалі пра дзейнасць Касцёла ў сваёй краіне. Пасля паўдзённай малітвы адводзіўся час для асабістай малітвы і маўчання ў адной з залаў выставачнага цэнтра Messehallen, а таксама можна было ўдзельнічаць у семінарах, якія праходзілі ў розных кутках горада і закраналі не толькі пытанні рэлігіі і веры, але культуры, навукі, гісторыі і эканомікі. Была магчымасць паблукаць па вулачках горада, наведаць гістарычны музей і гарадскі музей выяўленчага мастацтва, дзе экспанаваліся творы майстроў паўночнай Германіі, паслухаць музыку на канцэртах. Вечарам моладзь ізноў збіралася на медытацыю і супольную малітву, каб падзякаваць Богу за пражыты ў згодзе дзень, за паразуменне, каб праславіць Яго спевам. Адметна, што моладзь, пачуўшы знаёмую мелодыю канона, падхоплівала яго на розных мовах, і гэта шматгалоссе злівалася ў адзін прыгожы спеў хвалы.

Сустрэча Новага Года традыцыйна пачалася малітвай за мір і за ўсіх тых, хто пакутуе ў свеце ад голаду, хваробаў, беднасці і войнаў, хто жыве ў рэгіёнах узброеных канфліктаў. Ва ўсіх парафіях Гамбурга і яго ваколіцах людзі розных канфесій – католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране, кальвіністы –маліліся разам, як адна вялікая і шматаблічная хрысціянская сям’я. Значыць, еднасць магчымая, нягледзячы на разнастайнасць культур і хрысціянскіх традыцый!

Маючы перад сабою чысты «ліст паперы» Новага года, хацелася б напісаць на ім словы парады 88-гадовага брата Ражэ: «Зрабі так, каб усе маглі жыць на гэтай зямлі, і блізкія, і тыя, хто знаходзіцца далёка, і тады ты ўпішаш сваё жыццё ў адну з самых прыгожых старонак Евангелля». Штогадовыя сустрэчы моладзі становяцца добрай нагодай для маладых хрысціянаў Еўропы, каб «паяднацца ў духоўным імкненні, каб перажыць важны дар сустрэчы адно з адным і адчуць нябачную прысутнасць народжанага Езуса».

Напрыканцы хацелася б сказаць вам, шаноўныя чытачы: «Аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасць з намі, а нашая лучнасць – з Айцом і Сынам Яго Езусам Хрыстом» (1 Ян 1, 3-4).

Iна Ламака