Ліст з Тэзэ 2004

Шмат маладых людзей на ўсёй зямлі прагне спакою, еднасці, радасці. Яны адкрытыя на невымерную глыбіню пакутаў бязвінных. Яны бачаць, што беднасць у свеце павялічваецца1. Не трэба думаць, што толькі нейкія асаблівыя правадыры народаў ствараюць будучыню. Самы сціплы, самы непрыкметны чалавек можа садзейнічаць усталяванню будучага спакою і даверу. Мы бяссільныя, але Бог дазваляе нам несці згоду туды, дзе процістаянне, і надзею туды, дзе трывога. Ён заклікае нас сваім жыццём паказаць Яго спагаду да чалавека2. Калі маладыя людзі прысвячаюць сваё жыццё спакою – там, дзе яны жывуць, заззяе святло3.

Аднойчы я запытаў юнака аб тым, што падтрымлівае яго жыццё. Ён адказаў: «Радасць і дабрыня сэрца». Трывога, страх перад пакутамі адбіраюць радасць. Калі радасць, зачэрпнутая ў Евангеллі, абуджаецца ў нас, яна прыносіць подых жыцця. Гэтую радасць ствараем не мы, яна – дар Бога. Яна пастаянна аднаўляецца пад поглядам даверу, з якім Бог глядзіць на наша жыццё4. Дабрыня сэрца зусім не наіўная, яна прадугледжвае чуванне. Яна дапамагае нам рызыкаваць. Яна не дазваляе ставіцца да людзей з пагардаю5. Яна звернута да самых прыгнечаных, да тых, хто ў бядзе, да пакутаў дзяцей. Яна паказвае – праз выраз твайго твару, праз інтанацыі, – што кожнаму чалавеку патрэбна любоў6. Так, Бог дазваляе нам ісці наперад з іскаркай дабрыні ў глыбіні душы, з іскаркай, якая прагне стаць полымем7.

Але як ісці да вытокаў дабрыні, радасці, да вытокаў даверу? Мы знаходзім шлях, аддаючы сябе Богу. Веруючыя мінулых гадоў і стагоддзяў данеслі да нас свой вопыт: у малітве Бог прыносіць святло, духоўнае жыццё. Яшчэ да таго як Хрыстус прыйшоў на зямлю адзін веруючы маліўся так: «Душа мая імкнецца да Цябе ўначы, і дух мой шукае Цябе ў глыбіні душы з раніцы»8. Спрадвеку караніцца ў сэрцы чалавека прага еднасці з Богам. Таямніца гэтай еднасці закранае самую патаемную глыбіню, саму сутнасць быцця. І мы ўслед за Пятром можам сказаць Хрысту: «Куды нам ісці, як не да Цябе? Ты маеш словы, што вяртаюць душу да жыцця»9.

Проста быць перад Богам у сузіральным чаканні – не ёсць для нас чымсьці непасільным. У такой малітве прыадчыняецца заслона над вераю, над тым, што не могуць выказаць ніякія словы. І невыказнае кліча нас да ўшанавання. Бог прысутнічае і тады, калі знікае запал, калі душа не адгукаецца. Ніколі мы не застаемся без Яго спагады. І Бог не аддаляецца ад нас, гэта мы часам адсутнічаем. Сузіранне дапамагае ўбачыць евангельскія знакі ў самых простых падзеях. Яно распазнае прысутнасць Хрыста нават у самым занядбаным чалавеку10. Яно дазваляе бачыць ззянне прыгажосці створанага свету.

Многія задаюць сабе пытанне: чаго чакае Бог ад мяне? І вось, чытаючы Евангелле, мы пачынаем разумець, што Бог просіць нас у кожнай сітуацыі быць водбліскам Яго прысутнасці. Ён заклікае нас зрабіць жыццё тых, каго Ён нам даручыў, прыгожым. Хто хоча ўсім сваім жыццём адказаць на заклік Бога, можа маліцца такімі словамі: Духу Святы, нікому гэта не пад сілу – выканаць сваё «так» на вякі; але Ты прыходзіш запаліць ува мне крыніцу святла. Ты праліваеш святло на мае ваганні і сумненні, калі змагаюцца ўва мне «так» і «не». Духу Святы, Ты дазваляеш мне прыняць маю ўласную абмежаванасць. Няхай Твая прысутнасць зменіць маю няўпэўненасць.

І вось нас ужо вабіць да рызыкі гэтага «так», якое павядзе нас далёка... Гэтае «так» – просты і зразумелы давер. Гэтае «так» – любоў самой любові.

Хрыстус – гэта еднасць. Ён прыйшоў на зямлю не дзеля таго, каб заснаваць яшчэ адну рэлігію, але каб прапанаваць усім жыць у еднасці з Ім11. Яго вучні закліканы быць пакорлівай закваскай даверу і спакою сярод людзей. У гэтай непаўторнай еднасці, якой з’яўляецца Касцёл, Бог дае ўсё патрэбнае, каб мы прыйшлі да вытокаў: да Евангелля, Эўхарыстыі, да мірнага прабачэння... І святасць Хрыста ўжо не штосьці недасягальнае – яна тут, яна зусім блізка.

Праз чатыры стагоддзі пасля ўцелаўлення Хрыста Аўгустын, хрысціянін з Афрыкі, пісаў: «Любі і скажы гэта ўсім сваім жыццём». Калі еднасць – гэта жыццё, а не проста тэорыя, то яна выпраменьвае надзею. Больш таго, яна дапамагае шукаць згоду, якая так патрэбна людзям зямлі.

А таму, як хрысціяне могуць заставацца падзеленымі? Заклік да еднасці нарадзіў у апошнія гады бясцэнны дыялог. Гэта – першы плён жывой еднасці хрысціянаў12. Еднасць – гэта пробны камень. Яна спачатку зараджаецца ў сэрцы кожнага хрысціяніна, у цішыні і ў любові13. На працягу гісторыі мноства хрысціянаў сталі падзеленымі, часам яны нават не разумелі прычыны гэтага. Сёння важна зрабіць усё, каб як мага большая колькасць хрысціянаў, невінаватых у падзеле, адкрыла гэтую еднасць14. Іх вельмі шмат – людзей, якія да глыбіні душы прагнуць згоды. Іх натхняе гэта бясконцая радасць: адна любоў, адно сэрца, адны стасункі15.

Духу Святы, прыйдзі і абудзі ў нашых сэрцах прагненне ісці да еднасці, бо Ты сам нас да яе вядзеш.

У пасхальны вечар Езус суправаджаў двух сваіх вучняў, якія ішлі ў Эмаус. Нейкі час яны не заўважалі, што Ён ідзе побач16. Вось так і мы часам не ўсведамляем, што праз Духа Святога Хрыстус знаходзіцца побач з намі. Ён пастаянна нас суправаджае. Ён асвячае нашы душы святлом, калі мы не чакаем. І мы разумеем, што, нягледзячы на гэтую цемру, якая ў нас, ёсць у кожным з нас самае галоўнае – таямніца Яго прысутнасці. Будзем жа памятаць пра тое, на што можна спадзявацца! Што гэта? Хрыстус гаворыць кожнаму: «Я цябе люблю любоўю, якая ніколі не зменшыцца. Ніколі Я цябе не пакіну. Духам Святым Я заўсёды буду з табою»17.

  1. Паглыбленне ўнутранага жыцця зусім не аддаляе нас ад сучаснасці, яно пабуджае задаваць сабе пытанні. Ці дастаткова ясна мы ўсведамляем, што 54 краіны свету цяпер сталі бяднейшыя, чым у 1990 годзе? Спадар Кофі Анан, генеральны сакратар ААН, пісаў нам у мінулым годзе з нагоды еўрапейскай сустрэчы ў Парыжы: «Шмат маладых людзей у свеце пазбаўлены ўсялякіх надзеяў на будучыню. Іх дні праходзяць у цяжкай барацьбе з голадам, хваробамі і галечай. Акрамя таго, многія людзі жывуць у рэгіёнах узброеных канфліктаў. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб даць ім надзею».
  2. Папа Ян Павел ХХІІІ пісаў: «Кожны хрысціянін пакліканы быць у сённяшнім свеце ззяючай іскаркай, цэнтрам любові і закваскаю для ўсіх людзей – па меры свайго набліжэння да Бога. На самай справе спакой не запануе сярод людзей да таго часу, пакуль ён не запануе перш за ўсё ў кожным чалавеку» (Pacem in terris, 1963, 164-165).
  3. Апостал Павел заклікае вернікаў быць «светачамі на свеце» (гл. Флп 2, 15-16).
  4. Калі Пан прыйдзе, «тыя, што прагнуць, яшчэ больш будуць радавацца ў Пане, і бедныя цешыцца будуць» (гл. Іс 29, 18-19). «Суцеш сэрца тваё і аддалі ад сябе смутак, бо смутак многіх забіў і карысці ў ім няма» (гл. Сір 31, 21-25).
  5. У жыцці супольнасці дабрыня сэрца бясцэнная. Гэта выразны водбліск прыгажосці яднання.
  6. Маленькае дзіця ўжо разумее, што значыць дабрыня сэрца бацькі або маці, брата або сястры. Гэта яснае адлюстраванне Евангелля. Дзіцяці так важна ведаць, што яго любяць, гэта на ўсё жыццё дае яму магчымасць ісці далей і разумець, што Бог і нас заклікае да ўзаемнай любові.
  7. Падчас свайго наведвання Тэзэ філосаф Поль Рыкер гаварыў: «Дабрыня глыбейшая за самае бяздоннае зло. Якім бы радыкальным ні было зло, яно не настолькі глыбокае, як дабрыня».
  8. Іс 26, 9.
  9. Калі некаторыя людзі пакінулі Хрыста, Ён сказаў вучням: «Ці не хочаце і вы адысці?» Пётр адказаў Яму: «Да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага» (гл. Ян 6, 67-68).
  10. Жывучы ў еднасці з Богам, ты прыходзіш да еднасці з іншымі. Чым больш мы набліжаемся да Евангелля, тым бліжэй мы адно да аднаго. Праваслаўны багаслоў Аліўе Клеман пісаў: «Чым больш ты становішся чалавекам малітвы, тым больш становішся адказным чалавекам. Малітва не вызваляе ад задачаў, якія ставіць свет: ты разумееш, што таксама ў нейкай ступені адказны. Няма нічога больш адказнага, як малітва. Гэта можа рэалізоўвацца ў тым, што ты апынешся побач з людзьмі, якія пакутуюць ад занядбанасці, беднасці, як, напрыклад, апынуліся тыя браты з Тэзэ, якія жывуць у трушчобах на іншых кантынентах, – і гэта заклікае нас быць вынаходлівымі, быць творцамі ва ўсіх сферах: у эканоміцы, цывілізацыі планеты, культуры» (Тэзэ – зямля даверу і надзеі).
  11. Зусім маладым, у 21 год, нямецкі багаслоў Дзітрых Бонхёфер сфармуляваў: «Хрыстус існуе як Касцёл». Ён напісаў, што «праз Хрыста чалавецтва сапраўды ўваходзіць у еднасць з Богам» (Sanctorum communio, Берлін 1930).
  12. На пытанне аб экуменічным пакліканні праваслаўны патрыярх з Антыёхіі Ігнацы ІV напісаў з Дамаска: «Цяпер вельмі патрэбны прарочыя дзеянні, каб экуменізм выбраўся з балота, у якім ён засеў. Патрэбны прарокі і святыя, каб дапамагчы нашым Касцёлам звярнуцца да ўзаемнага прабачэння». Патрыярх заклікаў «абапірацца больш на мову юрысдыкцый». У мінулым годзе ў Рыме падчас сустрэчы з іерархам грэцкай праваслаўнай Царквы Папа Ян Павел ІІ гаварыў: «Разам са святымі мы сузіраем экуменізм святасці, ён прывядзе нас да паўнаты еднасці – гэта не паглынанне адно аднаго, не змяшанне, але сустрэча ў ісціне і ў любові».
  13. Прымірэнне пачынаецца ўжо цяпер, у кожным. Прымірэнне, перажытае ў сэрцы, выклікае давер і нараджае дух прымірэння ў еднасці любові, якой з’яўляецца Касцёл. Гэты шлях азначае, што нельга пагарджаць ніводным чалавекам.
  14. Ці можа Касцёл паказваць знакі большай адкрытасці, каб стала зразумела: сёння людзі ўжо не падзелены, як раней, яны ўжо жывуць у еднасці? Крок да прымірэння будзе зроблены тады, калі можна будзе гаварыць аб сапраўданай еднасці, якая дзе-нідзе ў свеце ўжо існуе. Спатрэбіцца смеласць, каб гэта прызнаць і зрабіць адпаведныя высновы. Толькі пасля гэтага дакументы зафіксуюць. Калі спадзявацца на дакументы, ці не аддаліць гэта нас ад евангельскага закліку: пагадзіцеся, не адкладаючы?
  15. Гл. Флп 2, 2
  16. Гл. Лк 24, 13-35
  17. Гл. Ер 31, 3 і Ян 14, 16-18