Працяг. << Пачатак у папярэднім нумары.

Базыліка святога Пятра ў Ватыкане – San Pietro in Vaticano.

Гісторыя гэтага самага велічнага і чароўнага храма каталіцкага свету пачыналася вельмі сціпла і непрыкметна. Недзе паміж 160 і 200 гадамі хрысціянскай эры, на Ватыканскім узгорку, дзе ўжо быў паганскі Некропаль, першахрысціяне пачалі будаваць невялікія помнікі ў памяць пра мучанікаў-аднаверцаў. Адным з такіх помнікаў была пляцоўка памерамі 5 на 7 метраў, над якой узнімаўся манумент «Здабытак Пятра», што праслаўляў перамогу апостала над смерцю. Згодна з паданнем, помнік быў узведзены менавіта на тым месцы, дзе пахавалі святога Пятра пасля яго пакутніцкай смерці непадалёку ад гэтага месца, у цырку Нерона. Вакол помніка, які і сёння захоўваецца пад алтаром храма, па просьбе Папы Сільвестра імператар Канстанцін пачаў будаўніцтва базылікі ў імя апостала Пятра (адбылося гэта паміж 319 і 324 гадамі ад Нараджэння Хрыстова).

Падчас апошніх археалагічных даследаванняў 1940–1949 гадоў быў знойдзены алтар той старадаўняй базылікі і завернутыя ў пурпуровую тканіну з залатымі ніцямі рэшткі апостала. 26 ліпеня 1968 г. Папа Павел VI зацвердзіў вынікі археалагічных, тапаграфічных, гістарычных, эпіграфічных і антрапалагічных даследаванняў, якія пацвердзілі, што знойдзеныя парэшткі належаць апосталу Пятру. На другі дзень святыя мошчы, змешчаныя ў 12 каўчэжках з празрыстага матэр’ялу (адпаведна колькасці часткаў цела апостала), былі пакладзены на ранейшае месца і закрыты шклом.

Для будаўніцтва храма святога апостала Пятра была нават зрэзана частка Ватыканскага ўзгорка. Нягледзячы на тэхнічныя цяжкасці і велізарныя памеры (фундамент меў 290 метраў у даўжыню і 90 метраў у шырыню), базыліка ўзрастала вельмі хутка, але паміж 329 і 337 гадамі памёр імператар Канстанцін і будаўніцтва спынілася. Раскопкі, апісанні і шматлікія графічныя сведчанні дазваляюць навукоўцам зрабіць рэканструкцыю касцёла IV ст., які цалкам знік у выніку будаўніцтва новага храма ў XVI ст.

Тая першапачатковая базыліка святога Пятра ў Ватыкане часоў імператара Канстанціна была і месцам шанавання мучанікаў, і пахавальнай залай. Гэты велічны храм неаднаразова аднаўляўся і перабудоўваўся. Кожны з рымскіх першасвятароў намагаўся неяк упрыгожыць базыліку мазаікай ці новай капліцай, але з цягам часу храм ужо не адпавядаў усім жаданням і задумам, таму ўзнікла думка пабудаваць новы храм святога Пятра, больш велічны і самы вялікі ў свеце. У 1450 г. старажытны храм, які прастаяў больш за 1100 гадоў, пачалі разбіраць па загадзе Папы Мікалая V (1447–1455).

Згадаем, што ў 1500 годзе ў тым антычным храме была ўсталявана знакамітая скульптура Мікеланджэла Pieta – вобраз Тужлівай Маці Божай, якая аплаквае свайго Сына. Гэта адзіная скульптура, пакінутая ў храме вялікім майстрам, і сёння прыцягвае шматлікіх вернікаў.

На пачатку XVI ст. былі зроблены першыя праекты новай базылікі, быў выбраны план дойліда Брамантэ, які кіраваў пачаткам будаўніцтва (пасля яго ў якасці архітэктараў базылікі працавалі Рафаэль, Балтазарэ Перуццы, Мікеланджэла і шмат іншых майстроў). Першы камень быў урачыста закладзены 18 красавіка 1506 г., а ўрачыстае асвячэнне адбылося 18 лістапада 1626 г. – зрабіў гэта Папа Урбан VIII. Такім чынам, храм будавалі 120 гадоў, але вынік быў паспяховы.

...Лепей за ўсё падыходзіць да базылікі па вуліцы Замірэння – Via della Conciliazione, адкуль адкрываецца цудоўнае відовішча святыні. Перад уваходам у храм пашыраецца плошча, якую працягваюць крытыя каланадныя галерэі – дзесяцігадовая праца (з 1657 па 1667 год) выдатнага дойліда Жана Ларэнца Берніні. На версе каланадаў стаяць 140 фігураў святых. У цэнтры плошчы ўзвышаецца абеліск з чырвонага егіпецкага граніту, ледзь бачныя іерогліфы. Гэты абеліск быў прывезены ў Рым у 39 годзе ад Нараджэння Хрыстова з егіпецкага горада Геліаполя па загадзе імператара Калігулы і стаяў на гэтым жа месцы, калі тут быў Ватыканскі цырк. Падчас захопу Рыма варвары звалілі абеліск на зямлю, але потым, па загадзе Папы Сікста V, ён быў пастаўлены на месца.

Да храма святога Пятра вядзе шырокая лесвіца, а перад фасадам па баках стаяць скульптуры святых: Пётр з ключамі ад рая і Павел з мечам (яны былі ўсталяваныя ў 1612 годзе). Непадалёку – конныя статуі Канстанціна Вялікага і Карла Вялікага, імператараў, якія садзейнічалі распаўсюджванню Хрыстовай веры. На фасадзе базылікі – сем балконаў (з цэнтральнага Папа дае народу сваё благаславенне, тут абвяшчаюць імя новага Папы). На версе фасада падчас пантыфіката Папы Пія VI (1775–1800) былі ўсталяваныя статуі Езуса Хрыста, святога Яна Хрысціцеля, 12 апосталаў, а таксама два гадзіннікі з боем. Унутраны выгляд галоўнага храма каталіцкага свету – базылікі святога Пятра ў Ватыкане – патрабуе асаблівай увагі, і пра яго раскажам асобна.

Сяргей Кірык
Працяг у №4(107) >>