«Еўропа Духа» — так называўся V міжнародны з’езд, які адбыўся 12-14 сакавіка ў Польшчы, у старажытным Гнезне. Горад святога Войцеха ў гэтыя дні прымаў удзельнікаў з розных краін Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Яго пачатак быў азмрочаны тэрарыстычнымі актамі ў Іспаніі, рэха якіх балюча адгукнулася ў зале музея Польскай дзяржавы, дзе праходзілі паседжанні з’езда. Таму форум распачаўся супольнаю малітваю ў інтэнцыі ахвяраў у Мадрыдзе. «У салідарнасці з ахвярамі замахаў мы хочам быць знакам надзеі для Еўропы і для свету», — сказаў, адкрываючы з’езд, яго гаспадар, гнезненскі Мітрапаліт арцыбіскуп Генрых Мушынскі.

У з’ездзе ўдзельнічалі 28 чалавек з Беларусі. Сярод іх — рыма-католікі, праваслаўныя, грэка-католікі, прадстаўнікі евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Наша выдавецтва «Pro Christo» і праваслаўны адукацыйны Цэнтр імя святых Кірыла і Мяфодзія наладзілі кніжныя выставы. (Што праўда, выглядалі яны зусім сціпла на фоне польскіх каталіцкіх выдавецтваў). Увогуле, на працягу ўсяго з’езда не пакідала адчуванне выпадковасці нашай, беларускай, прысутнасці на гэтым форуме, бо гаворка ўвесь час вялася аб праблемах аб’яднанай Еўропы, увага акцэнтавалася на тых краінах, якія альбо ўжо ўступілі ў Еўрасаюз, альбо стаяць на яго парозе... Хоць, па вялікім рахунку, духоўныя праблемы, ці то ў аб’яднанай, ці ў раз’яднанай Еўропе застаюцца, на жаль, адны і тыя ж. Менавіта клопатам пра захаванне агульнай еўрапейскай традыцыі і яе вытокаў было прасякнута спецыяльнае пасланне Святога Айца Яна Паўла ІІ удзельнікам з’езду. Папа падкрэсліў, што «юдэа-хрысціянская традыцыя ўцелаўлёнай Праўды, Прыгажосці і асабліва Дабра, якія ў Хрысце набылі сэнс збаўчай ахвяры Крыжа, дала пачатак новаму этапу фармавання еўрапейскай самасвядомасці, ад якой сёння нельга адысці, не адрываючыся ад каранёў, заглыбленых у жыццядайную глебу веры. Такі адрыў азначаў бы духовае самазнішчэнне».

Пра крыніцы духоўнага адраджэння Еўропы гаварылі на з’ездзе таксама заснавальнікі вядомых ва ўсім свеце рэлігійных супольнасцяў і рухаў К’яра Любіх (рух Факаляры), Андрэа Рыкардзі (супольнасць св. Ідзія), а. Марыя Дамінік Філіпэ (супольнасць св. Яна)...

Тэму еднасці хрысціянаў закрануў у сваім выступленні заснавальнік супольнасці «Новы шлях» (Chemin Neuf) а. Лаўрэн Фабрэ з Францыі. Ён слушна зазначыў, што «Падзел хрысціянаў — гэта не толькі галоўная перашкода ў евангелізацыі, але і вялікая перашкода для міру ва ўсім свеце, бо перашкаджае Хрысту быць сярод нас Князем Спакою».

Сапраўднаю экуменічнаю падзеяй стаў Крыжовы шлях вуліцамі Гнезна з удзелам 8 іерархаў розных хрысціянскіх Цэркваў на чале з Прымасам Польшчы кардыналам Юзафам Глемпам. На пранізлівым ветры было цёпла ад супольнай малітвы і светла не толькі ад высокіх запаленых паходняў.

Другі дзень з’езду запомніўся малітваю яго ўдзельнікаў ў інтэнцыі ўсяе Еўропы ў старажытнай гнезненскай катэдры. Галоўны момант набажэнства — Ружанец з Янам Паўлам ІІ. Незвычайная сустрэча і малітва адбыліся дзякуючы саталітарнай сувязі з ауляй Паўла VI у Ватыкане ўсіх краін Еўропы, якія 1 мая г. г. увойдуць у Еўрасаюз.

Тэлемост звязаў з Ватыканам таксама і гнезненскую катэдру. Удзельнікі з’езда маліліся разам з Папам Радасную частку Ружанца: «Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі».

Трэці, заключны дзень з’езду распачаўся дыскусіяй, прысвечанай «абмену дарамі паміж Усходам і Захадам», у якой прынялі ўдзел вядомыя іерархі Каталіцкага Касцёла: кардынал Карл Леман з Германіі, Мітрапаліт Прагі Мілослаў Вылк, кіраўнік Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай супольнасці біскуп Ёзаф Гамэйер і арцыбіскуп з Масквы Тадэвуш Кандрусевіч. «Гісторыя Усходу паказала, што толькі на падмурку Евангелля можна будаваць Еўропу», — падкрэсліў арцыпастыр расійскіх католікаў.

Еўропе, як супольнаму багаццю, якое трэба берагчы і памнажаць, была прысвечана апошняя дыскусія гнезненскага форуму. У ёй удзельнічалі вядомыя еўрапейскія палітыкі: міністр еўрапейскіх спраў Італіі прафесар Рокко Бутыльёнэ, былы прэзідэнт Румыніі Эміль Канстанцінеску і былы прэм’ер Польшчы Тадэвуш Мазавецкі.

Непасрэдна перад дэбатамі выступіў прэзідэнт РП Аляксандр Кваснеўскі.

Завяршыла з’езд Эўхарыстыя ў гнезненскай катэдральнай базыліцы, якую канцэлебраваў Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп разам з біскупамі і святарамі — удзельнікамі гэтага прадстаўнічага еўрапейскага форуму.

Пасля ўрачыстай Святой Імшы было зачытана «Пасланне да еўрапейцаў», у якім гаворыцца: «Мы, прадстаўнікі розных хрысціянскіх Касцёлаў, сустрэліся ў Гнезне пры труне св. Войцеха, біскупа непадзеленага Касцёла Усходу і Захаду. Мы зразумелі тут, што не будзе супольнай Еўропы, калі хрысціяне будуць надалей так драматычна падзеленыя. Нашаму кантыненту (як ніколі ў гісторыі) сёння патрэбна супольнае сведчанне хрысціянаў. Падзел хрысціянаў — гэта не толькі галоўная перашкода для сапраўднасці Касцёла, але таксама перашкода для міру. Калі мы хочам эфектыўна несці Хрыста сённяшняй Еўропе, то павінны даць сведчанне нашай еднасці ў разнароднасці, пераадолець існуючыя сярод нас падзелы, даць свету сведчанне прабачэння, паяднання і братэрства ў духу цывілізацыі любові».

Няхай дапамагае нам усім у гэтых высакародных памкненнях Уваскрослы Хрыстус, бо «Еўропа Духа» сапраўды залежыць ад кожнага з нас.

К. Лялько
Фота М. Новікава