Працяг. Пачатак у №2-3(104-105)/2004 >>

Актава (ад лац. octo – восем). Восем дзён (тыдзень), калі святкуюцца найбольшыя ўрачыстасці літургічнага года: Вялікдзень (актава Пасхі) і Божае Нараджэнне. Месцамі захавалася традыцыя адзначаць актаву Божага Цела.

Аллелюя (ад габрэйск. hallelujah, што азначае праслаўляйма Ягвэ, г. зн. Бога). Радасны заклік да праслаўлення Бога. Хвалебны спеў, узяты з псальмаў, які гучыць падчас Святой Імшы перад чытаннем Евангелля; у велікодны перыяд таксама дадаецца да антыфонаў, а падчас актавы Пасхі і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога да словаў рассылання народа на заканчэнне Імшы.

Баптыстэрый (ад грэцк. baptysterion – хрысцільня). Касцёльны будынак, які ўзводзіўся побач з касцёлам для ўдзялення сакрамэнту хросту. З VIII стагоддзя – адно з памяшканняў унутры касцёла, дзе знаходзіцца хрысцільня (часцей за ўсё, адна з бакавых капліц).

Баранак Божы (лац. Agnus Dei). Баранак (ягнятка) з’яўляецца сімвалам нявіннасці і бязгрэшнасці. У часы Старога Запавету пасхальнае ягнё, якое павінна было быць аднагадовым самцом, без заганы, юдэі спажывалі ў свята Пасхі на ўспамін вызвалення з егіпецкай няволі (Зых 12). У Новым Запавеце Ян Хрысціцель так называе Езуса (Ян 1, 29.36), які, будучы бязгрэшным, ахвяраваў сваё жыццё і прыняў смерць на крыжы, каб вызваліць чалавецтва з няволі граху. У літургіі гэтыя словы гучаць у спеве перад святой Камуніяй; святар прамаўляе іх, паказваючы народу кансэкраваную Гостыю.

Велікодны перыяд. Пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка (Рымскі Імшал, Агульныя нормы літургічнага года і календара, №№ 22-26).

Вігілія (ад лац. vigilia – чуванне).
1. Вечаровае набажэнства, якім распачынаецца літургічная цэлебрацыя ўрачыстасцяў і нядзеляў увечары напярэдадні. «Вернікі, згодна з напамінам Евангелля (Лк 12, 35-37), трымаючы ў руках запаленыя светачы, павінны быць падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго Пана, каб той, прыйшоўшы, знайшоў іх чуваючымі і запрасіў да свайго стала» (Рымскі Імшал).
2. Пасхальная вігілія. Адзначаецца ў святую ноч Змёртвыхпаўстання Пана і, згодна са словамі св. Аўгустына, лічыцца «маці ўсіх святых вігілій». Яна з’яўляецца літургічным успамінам ночы, у якую Езус Хрыстус уваскрос з памерлых, вызваліўшы чалавецтва з-пад улады граху і смерці (пар. Рым 8, 2). Яе правобразам у Старым Запавеце стала ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі (Зых 12). Пасхальная вігілія мае наступны парадак: пасля Літургіі святла і Абвяшчэння Пасхі (Экзультэт) (першая частка Вігіліі) святы Касцёл разважае пра цуды, якія Пан Бог учыніў для свайго народа, а таксама выяўляе веру ў слова і абяцанні Божыя (другая частка альбо літургія слова), а затым, з набліжэннем дня, Касцёл разам са сваімі новымі членамі, адроджанымі ў хросце (трэцяя частка), будзе пакліканы да стала, які Пан прыгатаваў свайму народу на ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення, пакуль Ён не прыйдзе ў хвале (чацвёртая частка). Усе абрады пасхальнай Вігіліі павінны адбывацца ўначы: яны не распачынаюцца да надыходу ночы, а закончыць іх належыць да світання (Рымскі Імшал).

Вялікдзень. Найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі. Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, свята Божага Цела і ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек (пісанак), якія з’яўляюцца неад’емным атрыбутам святочнага стала.

Вялікі тыдзень. Апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Святую ноч (святы пасхальны Трыдуум).

Гасанна (з габрэйск.). Першапачатковае значэнне: прыйдзі на дапамогу, ратуй. Гэтым заклікам Езуса віталі ў Пальмовую нядзелю падчас яго месіянскага ўваходу ў Ерузалем. Гэтыя словы гучаць таксама падчас кожнай Св. Імшы ў спеве «Святы, святы, святы» на пачатку эўхарыстычнай малітвы.

Зыход. Другая кніга Старога Запавету, якая на лаціне называецца Exodus (ад грэцк. eksodos – выхад, зыход). Яе асноўная тэма – выхад ізраільскага народа з егіпецкай няволі і яго вандраванне ў пустыні на чале з Майсеем.

Літанія (ад грэцк. litanea – маленне, прашэнне). Адна з формаў вуснай малітвы, якая пачынаецца словамі Kyrie, eleison (грэц. Пане, змілуйся над намі) і затым складаецца з асобных зваротаў, у якіх называюцца імёны, праявы святасці, а таксама цноты адной з Асобаў Тройцы, Найсвяцейшай Панны Марыі альбо пэўнага святога, якому прысвячаецца літанія. Пасля кожнага звароту паўтараецца просьба «змілуйся над намі» ці «маліся за нас». Падчас Пасхальнай вігіліі прамаўляецца літанія да ўсіх святых.

Пальмовая нядзеля. Нядзеля мукі Пана. У гэты дзень Касцёл успамінае ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы. На ўспамін гэтага ўваходу Пана Св. Імша пачынаецца працэсіяй ці ўрачыстым уваходам. Тады ж адбываецца асвячэнне галінак пальмаў альбо іншых дрэваў (найчасцей гэта галінкі вярбы, адсюль папулярная назва – Вербная нядзеля). Падчас літургіі слова чытаецца апісанне Мукі Пана паводле аднаго з Евангелляў. Пасха (ад габрэйск. pesah – пераход).
1. Галоўнае свята ў юдэяў, якое паходзіць з найстаражытнейшых рэлігійных звычаяў ізраільскага народа, але набывае сваё асноўнае значэнне ў сувязі з падзеямі, апісанымі ў кнізе Зыходу: вызваленне з егіпецкай няволі. Згодна з прадпісаннямі, для святкавання Пасхі выпякаўся хлеб без закваскі – праснакі, а таксама гатаваўся пасхальны баранак (ягнё), якога спажывалі з горкімі травамі. Езус Хрыстус, спажыўшы ў апошні раз Пасху са сваімі вучнямі (Лк 22, 15), перамяніў старое свята ў Пасху Новага Запавету, калі сам стаўся пасхальным Баранкам і нашаю Пасхаю (1 Кар 5, 7).
2. Адна з назваў хрысціянскага свята Вялікадня, якая падкрэслівае, што ўваскрасенне стала пераходам Хрыста ад смерці да жыцця.

Пасхал. Вялікая свечка, што запальваецца ад агню, які святар благаслаўляе падчас Літургіі святла на пачатку Св. Імшы Пасхальнай вігіліі. На гэтай свечцы змяшчаецца выява крыжа, грэцкія літары альфа і амега (пар. Ап 1, 8), лічбы бягучага года, а таксама пяць зерняў ладану (пяць сімвалічных цвікоў) на ўспамін пяці ранаў Хрыста. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста і запальваецца падчас урачыстых цэлебрацый на працягу Велікоднага перыяду. У іншы час пасхал захоўваецца ў баптыстэріі і запальваецца падчас удзялення сакрамэнту хросту, а ад яго запальваюцца свечкі новаахрышчаных.

Плашчаніца. Тканіна, у якую, згодна з паданнем, было загорнута цела Езуса, знятае з крыжа і намашчанае ў адпаведнасці з пахавальнымі звычаямі юдэяў. Яна была знойдзена ў пустой грабніцы раніцай першага дня тыдня вучнямі Хрыста пасля таго як жанчыны, якія прыйшлі намасціць цела, не знайшлі яго ў грабніцы (Ян 20, 1-7). На палатне выразна відаць адбітак укрыжаванага з характэрнымі ранамі на руках і нагах, а таксама са слядамі ранаў, нанесеных бічаваннем, цярновым вянцом і ўдарам дзіды. Гэты адбітак мог з’явіцца на тканіне ў момант уваскрэсення. Цяпер плашчаніца захоўваецца ў катэдральным саборы Турына (Італія) і таму яе часта называюць «турынскай».

Рэзурэкцыя (ад лац. resurrectio – уваскрасенне). Адна з назваў Св. Імшы Пасхальнай вігіліі, своеасаблівым дадаткам да якой з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія, што адбываецца адразу пасля Вігіліі, альбо, паводле мясцовай традыцыі, раніцай у нядзелю перад першай Св. Імшой. Гэтая працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста і мае сваю аналогію ў абрадах Пасхальнай вігіліі ўсходніх Цэркваў, дзе ёй надаецца адмысловае значэнне.

Секвенцыя. Святочны спеў, які гучыць падчас урачыстай Св. Імшы перад чытаннем Евангелля. Секвенцыя прадпісана на Вялікдзень і Спасланне Духа Святога, а ў іншыя ўрачыстасці з’яўляецца неабавязковай (Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, № 64).

Уваскрэсенне. Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Найважнейшая праўда хрысціянскай веры, а таксама гістарычны факт, які, акрамя Евангелляў, знаходзіць пацвярджэнне і ў іншых тагачасных крыніцах. У Бібліі гаворыцца, што Езус пасля сваёй смерці на крыжы быў пахаваны ў закрытай каменем грабніцы, каля якой стаяла варта, але на трэці дзень уваскрос (паўстаў з мёртвых) (Мц 28; Лк 24; Ян 20; 1 Кар 15, 3-7). Пасля гэтага Ён не вярнуўся да зямнога жыцця (як, напр., уваскрошаны Ім Лазар), а працягнуў жыццё ва ўслаўленым целе, настолькі перамененым, што нават некаторыя вучні (Лк 24, 13) і Марыя Магдалена (Ян 20, 14) не маглі Яго пазнаць. Пасля ўваскрасення Езус на працягу сарака дзён з’яўляўся сваім вучням (Дз 1, 3), пасля чаго ўзышоў на неба (Дз 1, 9-11), дзе сеў праваруч Бога Айца (Мк 16, 19).

Хрызма. Алей-хрызма. Сумесь аліўкавага алею і бальзаму. Гэты алей асвячаецца біскупам у Вялікі чацвер падчас Імшы, якая называецца Хрызма, на ёй успамінаецца ўстанаўленне Хрыстом сакрамэнту святарства, аднаўляюцца святарскія абавязкі, благаслаўляюцца алей для хворых, які ўжываецца ў сакрамэнце хворых, а таксама алей катэхуменаў, якім намашчаюцца тыя, хто рыхтуецца да хросту. Хрызма выкарыстоўваецца ў сакрамэнтах хросту і бежмавання на знак далучэння таго, хто прымае гэтыя сакрамэнты, да народа Божага, які з’яўляецца «каралеўскім святарствам» (1 П 2, 9), а таксама пры пасвячэнні біскупа і святароў на знак іх святарскай годнасці ў іерархіі Касцёла.

Хрысцільня. Прыгожа аздобленае начынне з каменю альбо з металу, якое знаходзіцца ў баптыстэрыі і служыць для захавання хрысцільнай вады, асвечанай падчас Пасхальнай вігіліі.

Экзультэт (ад першага слова лацінскага тэксту Exultet iam angelica turba caelorum – Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе). Абвяшчэнне Пасхі. Старажытны гімн, які спяваецца на пачатку Пасхальнай вігіліі пасля благаслаўлення агню і запальвання пасхалу, у якім праслаўляецца перамога ўваскрослага Хрыста.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў