Прынятае ў мінулым годзе палажэнне «Аб унясенні зменаў і дадаткаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях»»1 артыкула № 1/24 сцвярджае наступную норму: «Рэлігійныя арганізацыі ў сваёй дзейнасці павінны кіравацца сваімі статутамі і абавязаны выконваць патрабаванні Канстытуцыі РБ, дадзенага Закона і іншых актаў заканадаўства РБ».

Як відаць з вышэйсказанага, прынцыпам унутранага юрыдычнага парадку рэлігійных арганізацый з’яўляюцца іх уласныя статуты. Грамадзянскі заканадаўца не толькі дапускае такую магчымасць, але адкрыта прапаноўвае яе як неабходную ўмову іх легальнай дзейнасці, выкарыстоўваючы слова павінны і гэтым самым прызнаючы яе ў некаторай ступені неабходным элементам юрыдычнага парадку РБ, які датычыць юрыдычна празнаных рэлігійных арганізацый.

Звяртаючыся да вышэйзгаданай нормы, можна спаслацца на існаванне непасрэднай сувязі паміж юрыдычным парадкам РБ і юрыдычным парадкам Каталіцкага Касцёла, які паводле Закона «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» прызнаны не толькі як рэлігійная арганізацыя, але і непасрэдна згаданая ў дадзеным юрыдычным дакуменце з вызначэннем яе духоўнай і культурнай ролі на тэрыторыі РБ2.

Паводле згаданага палажэння быў вызначаны прыклад звароту грамадзянскага заканадаўства да прадпісанняў рэлігійных арганізацый. Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца спроба акрэсліць агульныя прынцыпы супрацьлеглай з’явы, а дакладней, выпадкаў звароту кананічнага права да грамадзянскага.

Гэтая з’ява мае спецыяльнае вызначэнне ў кананічным праве, а менавіта кананізацыя грамадзянскага права. У дадзеным артыкуле акрэсліваецца сама з’ява кананізацыі грамадзянскага права, яго абмежаванні, а таксама даецца апісанне нормаў Кодэкса кананічнага права, у якіх гэтая з’ява мае месца.

1. Паняцце кананізацыі грамадзянскага права

З’ява кананізацыі грамадзянскага права мае месца ў тых выпадках, калі кананічнае права замест урэгулявання пэўнай матэрыі, якая знаходзіцца ў яго кампетэнцыі, прадпісвае частковае або поўнае выкарыстанне нормаў грамадзянскага права3. Нормы грамадзянскага права, якія ў матэрыяльных адносінах, а таксама па сваім змесце маюць іншы юрыдычны парадак, фармальна робяцца ўласнымі нормамі Касцёла і маюць значэнне ўнутранага права для яго вернікаў4.

Аперацыя гэтага тыпу адбываецца не таму, што заканадаўца не ў стане ажыццявіць юрыдычнае рэгуляванне ў канкрэтнай галіне з-за адсутнасці кампетэнцыі ці юрыдычных інструментаў, а для таго, каб пазбегнуць супярэчнасці паміж кананічным правам і грамадзянскім. Існуюць пэўныя сумесныя для дзяржавы і Касцёла сферы, якія належаць да грамадскай сферы, а заканадаўца павінен паклапаціцца пра тое, каб пазбегнуць непатрэбных разыходжанняў паміж двума юрыдычнымі парадкамі, што магло б прывесці да непажаданых канфліктных сітуацый5. У гэтай аперацыі выяўляецца клопат касцёльнага заканадаўцы пра развіццё плённага супрацоўніцтва з дзяржавай і яе юрыдычным парадкам. У кананістыцы адрозніваюць юрыдычную норму, якая адсылае да грамадзянскага права і мае тытул кананізуючай нормы, і юрыдычную норму, на якую яна спасылаецца і якая называецца кананізаванай6. Кананізуючая норма заўсёды павінна інтэрпрэтавацца ў адпаведнасці з дэтальнымі крытэрыямі кананічнага права. Гаворка ідзе пра вызначэнне значнасці і неабходнасці такой адсылкі і акрэсліванні пэўных прадпісанняў, да якіх мы хочам звярнуцца. Гэтыя прадпісанні павінны выконвацца ў кананічным праве на такіх жа ўмовах, якія яны маюць у грамадзянскім праве. У выніку гэтыя нормы будуць інтэпрэтавацца паводле прынцыпаў, якімі кіруецца юрыдычны парадак, з якога яны паходзяць, а дакладней – юрыдычны парадак РБ. Такім чынам кананісту неабходна азнаёміццца не толькі з канкрэтнымі нормамі, але таксама з юрыдычнай культурай і прынцыпамі, якімі кіруецца юрыдычны парадак у РБ. У гэтым працэсе неаднойчы могуць узнікнуць цяжкасці, якія заключаюцца ў тым, што не заўсёды магчыма адразу знайсці адпаведны пункт для кананізуючай нормы ў дадзеным юрыдычным парадку і ўказаць на норму кананізаваную7.

Перад увядзеннем ў 1917 г.8 першага Кодэкса кананічнае права ў спасылках на нормы грамадзянскага права абмяжоўвалася выключна нормамі рымскага права, якое служыла дадатковай крыніцай у выпадках сітуацый грамадскага характару, якія не рэгуляваліся канкрэтнымі кананічнымі нормамі, што часта практыкавалася касцёльнымі судамі. З моманту ўвядзення Кодэкса кананічнага права (далей – ККП) у 1917 г. рымскае права страціла сваю юрыдычныю сілу ў касцёльным юрыдычным парадку, а новы Кодэкс пачаў спасылацца на грамадзянскае права канкрэтных краін. Асаблівае значэнне мае канон 15299 ККП ад 1917 г., які непасрэдна адсылае да грамадзянскага права.

Вышэйзгаданая норма ў існуючым ККП, прынятым 25 студзеня 1983 г., паслужыла асновай для канона 22 таго ж Кодэкса: Can. 22 – Leges civiles ad quas ius Ecclesiae remittit, in iure canonico iisdem cum effectibus serventur, quatenus iuri divino non sint contrariae et nisi aliud iure canonico caveatur10.

Гэты канон быў змешчаны ў Кнізе Першай новага ККП пад назвай De normis generalibus (Агульныя нормы) у раздзеле De legibus ecclesiasticis (Касцёльныя законы). Ён санкцыянуе з’яву, якая ў кананічным праве называецца кананізацыяй грамадзянскага права і заключае ў сабе агульныя прынцыпы, якімі павінен кіравацца Касцёл. Адначасова гэты канон прызнае грамадзянскае права як дадатковую крыніцу кананічнага права ў выпадках непасрэднага звароту касцёльнага заканадаўцы да таго ж права.


  1. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, № 123 от 06.11.2002, № 2/886, О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О свободе вероисповеданий и религиозных организациях», с. 11.
  2. Тамсама, с. 4.
  3. Feliciani G. Canonizzazione delle Leggi civili, у: Nuovo Dizionario di Diritto Canonico, [red. C.C. Salvador, V. De Paolis, G. Ghirlanda], с. 120-121; Minambres J., Analisi de la tecnica de la remision a otros ordenamientos juridicos en el Codigo de 1983; Ius Canonicum vol. XXXII n. 64 (1992) c. 713-749, s. 719.
  4. Ciprotti P., Le «leggi civili» nel Nuovo Codice di diritto canonico, Ephemerides Iuris Canonici, 39 (1983), s. 189-202.
  5. Chiapetta L. Il Codice di Diritto Canonico Commento giuridico-pastorale, v. I, Napoli 1988, s. 46.
  6. Feliciani G. Canonizzazione... s. 120.
  7. Minambres J., Analisi... s. 749.
  8. Chiapetta L. Il Codice... s. 46.
  9. 121. Codex Iuris Canonici 1917, can. 1529: Quae ius civile in territorio statuit de contractibus tam in genere, quam in specie, sive nominatis sive innominatis, et de solutionibus, eadem iure canonico in materia ecclesiastica iisdem cum effectibus serventur, nisi iuri divino contraria sint aut aliud iure canonico caveatur.
  10. Грамадзянскія законы, да якіх адсылае права Касцёла, у кананічным праве трэба выконваць на тых жа умовах – у той ступені, у якой яны не пярэчаць Божым запаведзям і калі гэта не прадугледжана інакш кананічным правам.

Працяг >>>

Працяг будзе.
Ксёндз Генрых Ягадзінскі,
сакратар Апостальскай нунцыятуры