Няма больш за тую любоў...

«Давайце, і вам будзе дадзена, бо якою мераю мераеце, такою ж і вам адмераецца», – вучыць нас Святое Пісанне. Грунтуецца гэта спрадвечная ісціна на міласэрнасці і ахвярнасці. Гэтыя якасці чалавечай душы ў вачах Бога маюць найвялікшую каштоўнасць. Узгадаем бедную ўдаву з Евангелля. У Святым Пісанні сказана таксама, што няма нічога большага за тую любоў, калі жыццё сваё аддаеш за іншага. Такая ахвярнасць, вядома ж, пад сілу нямногім. Напэўна, Бог і не вымагае гэтага ад кожнага, але быць міласэрным, быць чулым на патрэбы і боль іншых павінен кожны хрысціянін.

У сувязі з гэтым хочацца прывесці дзве невялічкія гісторыі-сведчанні жывой хрысціянскай веры. Першую мне расказала 86-гадовая мінчанка, Ганна Феліксаўна Паташнікава. Другую я прачытала ў зборніку лістоў сябру айца-місіянера з Філіпінаў Джозэфіно Рамірэса.

Хлеб

Было гэта ў пасляваенны час у Мінску. Ганна Феліксаўна Паташнікава стаяла ў даўжэзнай чарзе па хлеб. І вось да прылаўка падышла бледная, схуднелая жанчына і, працягнуўшы прадаўшчыцы дробныя грошы, папрасіла даць хаця б лустачку хлеба, бо яна ўжо тры дні як нічога не ела. Прадаўшчыца, глянуўшы на тыя капейкі, рэзка сказала, што за іх яна нічога не можа даць. Жанчына, заплакаўшы, пачала прасіць адпусціць ёй хлеба ў доўг, але прадаўшчыца была няўмольная.

Сэрца Ганны Феліксаўны сціснулася ад жалю, і яна сказала прадаўшчыцы, каб тая дала галоднай жанчыне бохан хлеба, а яна за яе разлічыцца. Бедная жанчына не ведала, як дзякаваць сваёй выратавальніцы, прасіла адрас, каб потым аднесці грошы. Ганна Феліксаўна адказала, што не трэба гэтага рабіць і што яна ахвяруе ёй гэты хлеб дзеля Езуса Хрыста.

На двары стаяла восень, пад нагамі шапацела лісце. Ганна Феліксаўна думала сама сабе: дворнікі дрэнна прыбіраюць вуліцу. Глянула пад ногі, а там вялікая грашовая паперка. За яе можна было не адну, а 100 буханак хлеба купіць. Вось так Пан Бог адразу ж шчодра аддзячыў жанчыне за яе просты ўчынак міласэрнасці.

Наследаванне...

Дарагі айцец Томас, хачу напісаць табе пра мой пералёт з Манілы ў Себу. Перад пасадкай на самалёт я стаў сведкам таго, што мяне вельмі ўразіла. Жанчына, імя якой было Анжэла, стаяла ў чарзе, чакаючы свабоднага месца на рэйс. Яна ўмольвала служачага дапамагчы ёй, бо яе бацька вельмі хворы, і яна павінна быць побач з ім. Аднак зрабіць што-небудзь было немагчыма. Усе білеты на наступныя тры-чатыры дні былі ўжо разпраданыя.

І тут здарыўся цуд. Малады чалавек падышоў да Анжэлы і аддаў ёй свой білет. Ён згадзіўся правесці гадзіны, нават дні ў спякотным некамфартабельным аэрапорце толькі дзеля таго, каб Анжэла магла адразу паляцець да свайго хворага бацькі.

У самалёце я думаў пра самаахвярнасць яго ўчынка. Міжволі ўзгадваўся святы Максімільян Кольбэ, які аддаў сваё жыццё ў канцлагеры за іншага чалавека. Вядома ж, яго ўчынак быў непараўнальна больш значным, і ўсё ж у наш час эгацэнтрызму такая самаахвярнасць – вялікі прыклад для ўсіх.

Падрыхтавала Галіна Горская