Прыёмная сям’я стала роднай

12 гадоў – той узрост, калі дзяўчынкі перастаюць гуляць з лялькамі. У многіх з іх увага пераходзіць на малодшых дзяцей у сям’і. У Маргарыты ж не было ані малодшага браціка, ані малодшай сястрычкі. Затое ў суседкі цёткі Зіны з’явілася прыгожая дзяўчынка – Маша. Жанчына ўзяла яе з дзіцячага дома. Маргарыце вельмі спадабалася дзяўчынка і яна старалася праводзіць з ёю вольны час. Сваіх бацькоў Маргарыта часта прасіла, бывала і са слязьмі на вачах, таксама ўзяць з дзіцячага дому сіротку. Тыя і сур’ёзна, і жартам тлумачылі дачцэ, што гэта пакуль немагчыма.

– Менавіта тады я вырашыла, – сказала ў нашай размове Маргарыта, – што ў дарослым жыцці ў мяне абавязкова будуць прыёмныя дзеці.

Любоў да дзяцей вызначыла і прафесію Маргарыты – яна стала выхавацелькай дзіцячага садка. Выйшла замуж. Дзявочая мара аб усыноўленай сіротцы адышла на другі план, але так складваецца жыццё, што сваіх дзяцей у Маргарыты пакуль няма. І ў свае 35 гадоў яна цвёрда вырашыла не заглушаць голасу сэрца і ўрэшце ўзяць прыёмнае дзіця. Яна рыхтавала да такога кроку і свайго мужа Валерыя. Паціху пачалі афармляць дакументы. Вырашылі, што возьмуць хлопчыка.

– Я ўжо ў думках з ім размаўляла, – гаворыць Маргарыта. – Душа мне падказвала, што не толькі я шукаю гэта дзіця, але і яно мяне шукае.

«Прыёмная сям’я» – што гэта?

Заўважым, што ў апошні час наша дзяржава зрабіла вялікі крок насустрач бедным абяздоленым дзецям. У 1999 годзе ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ўнесена «Палажэнне аб прыёмнай сям’і». Прыёмная сям’я – вельмі гуманная форма ўладкавання асірацелых дзяцей. Прыёмныя бацькі – гэта бацькі і выхавацелі ў адной асобе. Аддзел адукацыі па месцы жыхарства прымае такога чалавека на працу і выплочвае яму зарплату выхавацеля. Прыёмнаму бацьку ці маці залічваецца стаж працы. Акрамя гэтага можна працаваць у іншым месцы на 0,5 стаўкі. Як працаўнік сістэмы адукацыі такі чалавек мае права на аплачаны адпачынак, прэміі і г. д. Больш таго, усе ільготы для дзіцяці-сіраты застаюцца (штомесячная грашовая дапамога, бясплатнае харчаванне ў школе, бясплатнае навучанне, а ў далейшым і атрыманне жылля).

Стэфан

Маргарыта і Валерый Гулько ў маі 2000 года пачалі афармляць дакументы на прыёмную сям’ю, а Божае Нараджэнне Юбілейнага году яны святкавалі ўжо ўтраіх, з сыночкам Стэфанам. Маргарыта знайшла яго ў мінскім доме для немаўлятаў. Як толькі ўбачыла, сэрца адразу падказала: гэта ён.

Пакуль цягнулася папяровая валакіта, яна пастаянна лётала да хлопчыка. Карміла яго, гуляла з ім. Пазней сваёй маці сказала: «Калі б мне яго не аддалі, я б, напэўна, памерла з гора». Імя Стэфан далі яны, прыёмныя бацькі, ахрысціўшы хлопчыка ў касцёле святога Роха, парафіянамі якога з’яўляюцца. Было тады Стэфану два з паловай гадкі.

Сімпатычны жвавы хлопчык выклікаў насцярожанасць у дактароў, якія паставілі яму дыягназ – ЗПР (затрымка псіхічнага развіцця). Аднак прыёмных бацькоў гэта не збянтэжыла: яны добра разумелі, што нават расліна дрэнна развіваецца без належнага догляду, а тут – дзіця.

Маргарыта не шкадавала і не шкадуе ні сіл, ні сродкаў для Стэфана. Яна водзіць яго ў басейн, а таксама ў секцыі і групы па развіцці дашкольнага навучання. Калі трэба, знаходзіць найлепшыя лекі, але самае галоўнае – хлопчык нарэшце знайшоў любоў. Яго любяць тыя, каго ён так доўга чакаў немаўляткам, сам таго не разумеючы. І ўжо вельмі хутка ад былога дыягназу нічога не засталося. Толькі за першы год жыцця ў сям’і Стэфан падрос на 20 сантыметраў пры норме 6-8. Сёння ён у развіцці абганяе сваіх аднагодкаў.

Дамініка

Год таму Маргарыта і Валерый забралі з дзіцячага дому і родную сястру Стэфана – Дамініку (гэта імя таксама далі прыёмныя бацькі пры хрышчэнні). Было Дамініцы тады 10 гадоў.

– З нашым сярэднім матэрыяльным дастаткам мы не змаглі б забраць дзяўчынку, – гаворыць Маргарыта Гулько. – Толькі дзякуючы пастанове аб прыёмнай сям’і і звязанай з ёю дапамогай гэта стала магчымым.

Пяшчотная і чулая дзяўчынка, якая так доўга пакутавала без бацькоўскай ласкі, увайшла ў новую сям’ю як да родных, даўно знаёмых людзей. Прыёмных бацькоў адразу назвала мамай і татам. Праблема пакуль адна – дзяўчынка моцна раўнуе бацькоў да Стэфана.

Сірочы сіндром, на жаль, пакідае свой глыбокі след у дзіцячых душах. І пакуль адтае гэта душа, пакуль спатоліцца бацькоўскім цяплом і ласкай, пройдзе нейкі час. Маргарыта і Валерый усё гэта добра разумеюць і стараюцца засцерагаць дзяўчынку ад балючых перажыванняў.

Падчас нашай сустрэчы з гэтай цудоўнай сям’ёй Дамініка старалася не адпускаць маму ні на крок. Стэфан жа, вясёлы і няўрымслівы, круціўся ўюном навокал. Падумалася: сапраўды на дзіцяці менш адбіваюцца наступствы сіроцтва, калі яно хутчэй трапіць у сям’ю. Але, бачачы шчырую прывязанасць Дамінікі да прыёмных бацькоў, разумееш, што не трэба баяцца браць і падрастаючых дзетак: тут ёсць свае перавагі – яны надзвычай ласкавыя і даверлівыя. Не кожная родная маці, напрыклад, пачуе тое, што нядаўна сказала Маргарыце Дамініка: «Мамачка, я цябе так люблю, што гатова за цябе жыццё аддаць».

Што і гаварыць, Стэфану і Дамініцы пашанцавала – яны трапілі ў добрую хрысціянскую сям’ю. Маці Маргарыты Валянціна Іосіфаўна з дзяцінства прывіла сваім дзецям асновы каталіцкай веры і дапамагае ў гэтым цяпер прыёмным унукам. Дамініка ў маі 2003 года прыняла першую Святую Камунію, а потым разам з бабуляй пайшла ў пілігрымку да Будслава, да цудоўнага абраза Маці Божай. Такое ўражанне, што яна не можа дачакацца наступнага лета, каб зноў пяць дзён ісці пешкі з малітвамі і песнямі да Будслаўскай Багародзіцы.

Родныя павінны ведаць адзін аднаго

Стэфан і Дамініка маюць яшчэ трох родных братоў і дзвюх сясцёр. Акрамя старэйшага, Фёдара, якому ўжо 21 год, усе знаходзяцца ў школе-інтэрнаце для сіротаў. Валянціна Іосіфаўна са сваёй дачкой робяць ўсё, каб дзеці ведалі і любілі адно аднаго, дзе б яны ні былі. Часта на канікулы і выхадныя дні бабуля забірае дадому малодшых з іх – Сашу і Сяргея, якім пры хрышчэнні далі яшчэ імёны Ян і Тадэвуш. Думаюць усіх, і старэйшых, і малодшых, прывесці на катэхізацыю, каб падрыхтаваліся да Першай Камуніі.

Аднойчы Валянціна Іосіфаўна ў нашай размове прызналася, што даўно ўжо моліцца за ненароджаных дзяцей, якім пагражае небяспека аборту. І вельмі шчыра, з дзіцячым даверам неяк сказала: «А можа, гэта і ёсць тыя дзеці, за якіх я малілася?»

Нядаўна баба Валя растлумачыла Дамініцы, што яна павінна маліцца і за сваю родную маці, дзякуючы якой яна жыве на гэтым свеце. «У мяне мама Маргарыта, а іншай я не ведаю», – рэзка адказала дзяўчынка.

– Нічога, падрасце, многае зразумее. Яна добрая дзяўчынка і некалі зможа прабачыць той жанчыне, якая дала ёй самае дарагое – жыццё, – разважае Валянціна Іосіфаўна.

Няма на зямлі больш годнай і пачэснай місіі, чым місія гадаваць дзяцей. Гадаваць чужых дзяцей – пачэсней удвая. У Бібліі гаворыцца, што сіротаў і ўдоваў Бог апякуе асаблівым чынам. Робіць Ён гэта праз сваіх выбраных – добрых і міласэрных людзей. Якая ж вялікая ласка быць памочнікамі Бога ў гэтай святой справе!

Галіна КАЛЕВІЧ

P.S. Сям’я Гулько з радасцю падзеліцца сваім вопытам з усімі, хто захоча ўзяць пад апеку дзіця-сірату. Па гэтым пытанні можна звяртацца і ў аддзел адукацыі па месцы жыхарства.