На міжнародным кангрэсе ў Люрдзе ў 1914 годзе было пастаўлена пытанне аб стварэнні для дзяцей арганізацыі эўхарыстычнага профілю. Па ініцыятыве Папы Бенедыкта ХV, які заахвочваў дзяцей усяго свету да малітвы аб супакоі на зямлі, ствараецца круцыята, заснаваная ў 1916 г. айцом-езуітам Бэсье. У 1921 г. Папа Бенедыкт ХV афіцыйна зацвердзіў круцыяту. Наступны Папа Рымскі Пій ХІ, пасля абрання ў 1922 г. на

Пятрову Сталіцу благаславіў удзельнікаў круцыяты (ужо тады іх колькасць складала 900 тысяч дзяцей).

Першыя яе колы былі заснаваны ў Францыі, дзе і сутыкнулася з імі святая Уршуля Ледухоўская – заснавальніца кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Мэтай яе жыцця была Эўхарыстыя. Святая Уршуля імкнулася заахвоціць іншых да культу Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, і таму на тэрыторыі Польшчы заснавала круцыяту. Яна пісала: «Святая Імша, згодна з вучэннем Касцёла, гэта аднаўленне крывавай ахвяры Хрыста. У ёй Пан Езус ахвяруецца як перапрашальная ахвяра за нас, даючы нам прабачэнне і ласкі. Сам Пан Езус на словы святара зыходзіць на алтар, сам моліцца за нас, становіцца пасрэднікам паміж бедным і слабым народам і магутным і святым Богам. Таму мы з вялікай пашанай павінны ўдзельнічаць у Святой Імшы».

Жывучы Эўхарыстыяй, св. Уршуля заахвочвала сваіх духоўных дачок да такога жыцця. Яна гаварыла: «Дзіцяці трэба даць Бога ўжо з першых хвілінаў яго існавання». Таму сёстры, закладаючы круцыяты там, куды іх пасылае Бог, імкнуцца рэалізаваць наступныя мэты:

Езус чакае ад дзяцей гэтай працы і дапамагае ў яе рэалізацыі. У практыцы круцыяты важную ролю адыгрывае штодзённы рахунак сумлення і ахвяраванне дня ў пэўнай інтэнцыі. Усё гэта павінна садзейнічаць развіццю ў дзіцяці ўсведамлення, што яно створана для найвышэйшых каштоўнасцяў і разам з Езусам можа іх дасягнуць. Сёстры імкнуцца таксама паглыбіць еднасць удзельнікаў Эўхарыстычнага руху маладых з Касцёлам і заахвоціць да апостальскай дзейнасці.

Круцыята – армія Хрыста-Валадара. Яе заданне – змагацца за Божае Валадарства, а заклік круцыяты: «Валадар над намі, Хрыстэ, цяпер і назаўсёды!».

Марыя як Маці Хрыста Валадара з’яўляецца Валадаркай круцыяты, бо яна заўсёды вядзе да свайго Сына. У эўхарыстычным выхаванні ёсць шмат набажэнстваў, прысвечаных Маці Божай. Апекуном круцыяты з’яўляецца св. Станіслаў Костка, а яе правадыром на зямлі – Папа Рымскі Ян Павел ІІ.

Удзельнікі круцыяты маюць жывыя сувязі з Касцёлам, цікавяцца яго жыццём і ў сваіх малітвах памятаюць пра ўсе яго справы. Абавязак кожнага ўдзельніка Эўхарыстычнага руху маладых:

  1. Шчыра маліцца раніцай і вечарам.
  2. Часта ўдзельнічаць у Святой Імшы і адараваць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
  3. Слухацца бацькоў і настаўнікаў.
  4. Пільна выконваць свае абавязкі.
  5. Быць шчырым у думках, словах і ўчынках.
  6. Быць добрым, не спрачацца, ахвотна дапамагаць іншым.
  7. Заўсёды гаварыць праўду.
  8. Жыць справамі Касцёла, Айчыны, парафіі, маліцца за Папу Рымскага.
  9. Несці ў навакольнае асяроддзе супакой і згоду.
  10. Не ўжываць алкаголю і наркотыкаў, не курыць.

У нашай парафіі круцыята дзейнічае з 2 сакавіка 2003 года. Дзеці імкнуцца выконваць абавязкі яе ўдзельнікаў, быць прыкладам для іншых і дзяліцца з людзьмі духоўнымі каштоўнасцямі. Яднае іх малітва, якой яны моляцца:

Пане, навучы нас выбіраць Цябе кожны дзень і адказваць табе «так» кожным нашым учынкам, як Марыя.

Учыні, каб мы бясстрашна ішлі за Табою і найперш любілі Цябе моцай Эўхарыстыі!

Учыні, каб мы сталі братамі для тых, каго сустракаем на нашым шляху!

Учыні, каб мы былі сведкамі ўсяго, што пачулі, у што верым і чым жывём!

Каб кожны, хто знаходзіцца побач з намі, мог распазнаць у Табе адзінага Бога. Амэн.

На шляху да Пана Бога сустракаюцца розныя перашкоды, якія мы павінны пераадолець. Прыкладаем да гэтага намаганні, і каб іх хапіла, мы павінны падмацавацца пасілкам, якім з’яўляецца Эўхарыстыя. Езус Хрыстус павінен стаць мэтай кожнага дзіцяці, каб у кожнай справе перамагаць зло дабром.

Езус Эўхарыстычны застаецца з намі назаўсёды і знаходзіцца ў табэрнакулюме. Тут можам Яго наведваць, адараваць, размаўляць з Ім як з Прыяцелем.

Сястра Часлава Навіцкая,
уршулянка Сэрца Езуса Канаючага.
Парафія св. Пятра і Паўла, Бешанковічы