У Віцебскай дыяцэзіі адбылася чарговая сустрэча моладзі Віцебскага дэканата на тэму «Ахвяруй жыццё Хрысту». Гэтым разам адказнымі за яе арганізацыю і правядзенне былі маладыя вернікі парафіі Езуса Міласэрнага на чале з пробашчам Тадэвушам Дабравольскім і сёстрамі Ніколай і Стафаніяй, сама ж сустрэча праходзіла ў капліцы парафіі святога Антонія. Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, удзел у канферэнцыі і ў працы па групах прынялі каля 60 маладых католікаў з віцебскіх парафій, а таксама з парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (Гарадок) і святога Язафата (Шуміліна). Асаблівую цікавасць выклікала ва ўдзельнікаў сустрэчы гадзіна сведчанняў, падчас якой пра варункі ўласнага паклікання расказалі сястра Кацярына і ксёндз Гжэгаж Ваўжэняк з Шуміліна, кандыдатка Святлана і ксёндз Вячаслаў Дашкевіч з Віцебска. На заканчэнне сустрэчы адбылася Святая Імша, якую цэлебраваў пробашч парафіі святога Антонія Алег Буткевіч. На думку арганізатараў, сустрэча прайшла ўдала і засведчыла цікавасць моладзі Віцебскага дэканата да законнага і святарскага жыцця як узроўняў служэння Богу і найбольш яскравых праяваў ахвяравання сваіх учынкаў Яго справе.

Ф. Дубраўскі