Уладзімір Кіслы, мастак і рэстаўратар, нарадзіўся ў в. Дубна Мастоўскага раёна ў 1957 г. Скончыў геафак БДУ у 1979 г., з 1983 працуе мастаком і рэстаўратарам музея гісторыі рэлігіі ў Гродне. Майстэрству рэстаўрацыі вучыўся ў Мінску, Варшаве, Рызе, Львове.

Выратаваў сотні абразоў і іншых твораў сакральнага мастацтва. Наладзіў шмат аўтарскіх выставаў як жывапісец.

Узнагароджаны ордэнам «Заслужаны для культуры польскай» за адшуканне крыпты караля Станіслава Аўгуста ў вёсцы Воўчын на Брэстчыне ў 1991 г.

Я спаткала Уладзіміра Кіслага на вуліцы. Ён вярнуўся з Рыма з пілігрымкі да Святога Айца на 25-годдзе пантыфікату.

Якое ўражанне ад пілігрымкі?

– Мяне як чалавека сучаснай культуры ашаламіў Рым, вір жыцця на тле ўсяго велічнага, класічнага, прыгожага. Два тысячагоддзі таму створаны рэчы, якія сёння складана стварыць пры найдасканалейшай тэхніцы. І ўсё гэта так густа пастаўлена і зусім няма безгустоўшчыны. І прырода адпавядае гэтай класічнасці, манументальнасці. Лісты дрэваў – як з воску злепленыя.

Але вы ж былі і ў Асізі...

– Так. Але Рым прыглушыў усё астатняе. Пакуль што я не ў стане пераварыць тое, што бачыў.

А сам Святы Айцец?

– Святы Айцец для мяне такі знаёмы і блізкі з аглядання пілігрымак Яго Святасці па свеце... Калі з’явіўся ў акне на развітанне, паблагаславіў нас і зачыніў акно, то сціснула ў грудзях і дрыготка пайшла па целе.

... Прадоўжылі гутарку ў майстэрні, куды я зайшла паглядзець на абраз Маці Божай Снежнай, які прынеслі Уладзіміру на рэстаўрацыю з гарышча фарнага касцёла (гэта 6-я пазіцыя ў кнізе Аляксандра Ярашэвіча «Маці Божая Снежная ў Беларусі», 2003 г.).

Уладзімір зняў шаты. Дошка, на якой напісаны абраз, знаходзіцца на стале. Спачатку абраз быў квадратным. Датачылі дошку знізу і зверху ў ХVІІІ ст., і шаты дапоўнілі. Гэта відаць і ў кнізе А. Ярашэвіча... Дошка ўся на дзірачках ад цвікоў і, магчыма, ад куляў... Тут шмат работы. Абраз Уладзімір наклеіць на новую дошку. На кароне Маці Божай не хапае каляровых шкельцаў, але ёсць і лішнія дэталі, няўмела прымацаваныя...

Уладзімір, якія абразы ў фары рэстаўраваў ты?

–За Маці Божую Кангрэгацкую не браўся – гэта зрабілі мае настаўнікі з Мінска. Я адрэстаўраваў чатыры абразы ў два бочныя алтары: Маці Божай Шкаплернай, перад Ёю на каленях святы Сымон Сток, аўтар абраза Антон Грушэцкі, сябра гродзенскага старасты Антона Тызенгаўза, XVIII ст. У авале над Маці Божай Шкаплернай святы Юда Тадэвуш. Адрэстаўраваў і правы бочны алтар святога Юзафа, а над абразом св. Юзафа ў авале – св. Яна Непамука.

У фары няма абраза святога Францішка Ксаверыя. Калі б біскуп па просьбе вернікаў замовіў такі абраз, ты змог бы стварыць вобраз св. Францішка Ксаверыя па фрэсках і скульптурах?

– Мог бы і з вялікім энтузіязмам зрабіў бы гэта.

Адна наша агульная знаёмая шукае мастака, які б напісаў абраз Маці Божай для касцёла Унебаўзяцця Маці Божай, узарванага ў 60-я гады, ці для фары Вітаўта, каб маліцца да Маці Божай аб адбудове касцёла. Ты можаш напісаць такі абраз?

– Вядома. Напісаў жа я абраз Маці Божай Жыровіцкай па просьбе Веры і Вітаўта Рамушкоў для царквы Хрыста Збаўцы ў Чыкага.

Напісаў некалькі копій Маці Божай Кангрэгацкай з залатымі шатамі. Вось як выглядаў абраз Маці Божай Карміцелькі да рэстаўрацыі, а вось як выглядае цяпер (паказвае). Гэты абраз францішкане падарылі касцёлу ў Івянцы. Дошка Маці Божай Анёльскай з францішканскага касцёла была прабіта куляй. Я даставаў тую кулю...

Рэстаўраваў абраз св. Антонія для касцёла ў Камянцы, а людзі са Струбніцы патрабавалі гэты абраз у свой касцёл. Я намаляваў дакладную копію і вернікі Струбніцы ўсцешыліся... Абраз «Перамяненне Пана» ўдалося зрабіць па свайму ўяўленню, адзін чалавек узяў яго, і я не ведаю, у якую святыню. У царкву беларускіх святых, якая будуецца ў Гродне, я зрабіў вынасны крыж. Некалькі абразоў падараваў у Каложу.

Раскажы пра супрацоўніцтва з шчучынскім пробашчам.

– У Шчучыне працаваў пробашч-піяр Казімір Вуйцяк. Падняў касцёл з руінаў, пабудаваў цэнтр для піяраў, падрыхтаваў усё неабходнае для дзейнасці ордэна і паехаў назад у Польшчу. Касцёл у Шчучыне быў зачынены з 1961 па 1991 г. – абразы знаходзіліся ў Ішчолне. Я ўсе абразы рэстаўраваў і напісаў з маленькага абразка св. Казіміра як падарунак касцёлу.

Адрэстаўраваў рэліквярый з астанкамі святога Інацэнта, прывезены з Рыма ў 1734 годзе – наклейваў кавалачкамі дрэва, «перамываў костачкі», каб захаваць іх ад далейшага разбурэння.

Ксяндзу давялося перажыць шмат непрыемных клопатаў з свецкімі ўладамі, каб вярнуць астанкі святога на месца, дзе яны знаходзіліся да закрыцця касцёла.

Вось перад табою абраз. З якімі пачуццямі ты да яго набліжаешся?

– Як хірург набліжаецца да пацыента. Асцярожна вымаю з рамы. Здымаю шату. Чышчу, здымаю пашкоджанні і ўважліва разглядаю, што трэба дамаляваць. У рэстаўрацыі свецкага аб’екту можна пакінуць знішчанае месца як пляму, але ў касцёле нельга. На такое месца я кладу спецыяльны слой лаку, каб можна было лёгка знішчыць маю работу, не закрануўшы першаснай. Пасля раблю пунктаванне і таніроўку. Рэстаўрацыя – гэта кансервацыя.

Але бывае і інакш. Рэстаўраваў абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, то давялося пакінуць і наклеіць на новую дошку толькі выступаючыя з шатаў твар і рукі. А шата была драўляная, пазалочаная... Яе адчысціў і пазалаціў нанава...

Тут у цябе святыя, якіх я не пазнаю.

– Гэта абразы з гарышча францішканскага касцёла. Пробашч Юзаф прывёз мне францішканаў у цёмных шатах, калі я пачаў іх даследаваць, то з-пад чорнага праявілася белая вопратка дамініканаў. І надпісы лацінкай. Знайшлі на гарышчы і фундатарку касцёла, і святога Бонавентуру. Мне не хапае ведаў па гісторыі мастацтва і па тэалогіі, вядома.

Уладзімір, ты праваслаўны, але духоўная еўрапейская культура, якая грунтуецца на каталіцтве, ідзе з таго Рыма, які так цябе захапіў, і далучае нас да Еўропы, і яна табе не чужая...

– Усё, што ёсць на нашай зямлі, я лічу нашым. Мне не чужое тое, што ёсць у Касцёле на Беларусі. Мая маці святкуе праваслаўныя святы і мяне як традыцыяналіста да гэтых святаў, да гэтай традыцыі прывучыла.

Мой дзед Сідар і бабуля Тэкля былі грэка-католікамі, дзед служыў у польскім войску ў Варшаве. Бабуля на суседку, калі тая лаялася, казала «сызма», г.зн. «схізма», не нашае веры.

Я не цураюся ўсёй сваёй спадчыны, гісторыі гэтай зямлі. Мне добра, што Касцёл моліцца па-беларуску, што ёсць каталіцкі друк на беларускай мове. З адукаванымі ксяндзамі прыемна размаўляць і мець справы.

Дарэчы, вось наш зямляк граф Яўстахій Сапега напісаў і пра мяне ў сваёй кнізе «Так было. Недэмакратычныя ўспаміны Яўстахія Сапегі» (Сафары-Полянд, 1999 г.)

Граф Сапега быў некалькі разоў у Гродне. Я ездзіў у Варшаву на прэзентацыю кнігі, якую ён мне падарыў з аўтографам. Мой пейзаж з Нёманам граф возіць з сабою па свеце, гэта – кажа – мой Край...

Жадаю табе натхнення, здароўя і спакою, вялікай ласкі і апекі святых, абразы якіх ты рэстаўруеш, каб цёплай і моцнай была наша малітва да Бога.

Данута Бічэль