Ад маленькіх дзяцей часта можна пачуць, што яны хочуць стаць дарослымі і самастойнымі. Здаецца, што гэта іх найвялікшая мара: быць падобнымі да бацькоў, паводзіць сябе і апранацца, як яны. Для малых бацькі – ідэал, узор, да іх яны бягуць у радасці і ў роспачы, у іх ласкавых руках шукаюць суцяшэння.

Але, на жаль, вельмі часта ў штодзённым жыцці чалавек, асабліва дарослы і самастойны, забываецца на тое, што ўсе людзі – дзеці. Божыя дзеці. Езус кажа нам у Святым Пісанні: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не будзеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18, 3). І менавіта гэтыя словы сталі падмуркам рэкалекцый Руху Назарэтанскіх Сем’яў «Духоўнае дзяцінства», што праходзілі з 12 да 15 лютага ў Баранавічах. Моладзь з Мінска, Бабруйска, Стаўбцоў, Дзераўной сабралася разам, каб лепш зразумець, якім павінна быць Божае дзіця. Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і ветліва прыняла нас у сваім кляштары і стварыла ўсе ўмовы, каб мы маглі бесклапотна ахвяраваць свой час на малітву і разважанне над Божым словам. Праводзіў гэтыя рэкалекцыі, апроч Пана Бога, ксёндз Пётр Байгер, да якога далучыўся ксёндз Віктар Мыслюк з некалькімі асобамі з Гродна.

Гэтыя рэкалекцыі адрозніваліся ад іншых моладзевых рэкалекцый найперш сваёй духоўнай сканцэнтраванасцю ў цішыні: гэта і ранішняя медытацыя над Божым словам, і канферэнцыя, і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Дзякуючы разважанням над Божым словам у цішы капліцы часта вырашаеш для сябе нейкае важнае асабістае пытанне, разумееш тое, што даўно ўжо прагнуў спазнаць, пачынаеш глядзець на сваё жыццё зусім іншымі вачыма і заўважаеш у ім волю Бога. Пра сябе асабіста магу сказаць, што я нарэшце зразумела тое, што мне намагаўся сказаць Пан Бог праз пэўныя жыццёвыя сітуацыі і здарэнні, на якія я не звяртала, а можа не жадала звяртаць увагу. Я канчаткова вырашыла ісці за Езусам, якой бы незразумелай і дзіўнай для мяне ні была Яго воля. Упэўнена, што гэтая пастанова з ласкі Божай будзе трываць на працягу ўсяго жыцця і дапаможа мне нават у самыя цяжкія хвіліны.

Святая Імша, вячэрняя малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам – своеасаблівае разважанне над пражытым днём і пачутым Божым словам. Потым, у начной цішыні, намагаючыся пазбегнуць непатрэбных размоў, кожны спрабуе прыслухоўвацца да голасу Пана Бога. Бо, як пісаў Адам Міцкевіч, «гучней, чым у размове, Бог прамаўляе ў цішыні». Часам, укленчыўшы перад Езусам у Гостыі, адчуваеш незвычайнае цяпло і пяшчоту ў сэрцы. Стаіш, як дзіця, што нарэшце знайшло свайго Айца, блукаючы сярод тлумнага свету, і ўсёй істотай прытуляешся да Яго, баішся адпусціць хоць на хвілінку, каб не згубіць зноў.

А на кожнай Святой Імшы, прымаючы Святую Камунію, робіш пастанову: быць Божым дзіцем, якое цалкам давярае Айцу, прызнае сваю бездапаможнасць і ўсім сэрцам верыць у Яго вечную любоў, памятаючы, што без Айца нельга зрабіць нічога добрага і карыснага ні для сябе, ні для іншых. Усё, што мы маем – толькі вялікі падарунак з ласкі Божай. І гэта не проста словы, а голас душы, што ідзе з самага сэрца, гэта прага ісці да Пана Бога і прымаць яго шчырай дзіцячай істотай...

Напрыканцы рэкалекцый адбылося начное чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. За гэтыя два дні ўдзельнікі шмат спазналі, адчулі сябе адзінай Божай сям’ёй, дзе ўсе роўныя і любыя дзеці перад нашым Нябесным Айцом. І хоць усе ўжо вярнуліся да сваіх штодзённых спраў, але выглядаюць яны цяпер зусім інакш, бо адчуваюць прысутнасць Бога ў кожнай хвіліне свайго жыцця. Ён нясе кожнага з нас на сваіх магутных руках, быццам немаўлят. І нават падаць ужо не так балюча, бо ведаеш, што Айцец зразумее і прабачыць, калі шчыра пашкадуеш і вызнаеш перад Ім свае правіны. Ён любіць нас такімі, якія мы ёсць. Таму, звяртаючы больш увагі на Божую Міласэрнасць, а не на ўласныя памылкі, з новымі сіламі намагаешся стаць яго сапраўдным дзіцем і ра- зам з Езусам штодзень шчасліва ўсклікаеш: «Слаўлю Цябе, Айцец, Пан неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзецям» (Мц 11, 25).

Ларыса Дарашэнка