У межах Палескай нізіны, у самай глыбінцы Мазырскага Палесся, знаходзіцца невялікі горад Хойнікі. Палеская артэрыя-рака Прыпяць з прытокамі Віць і Несвіч ды навакольныя лясы надаюць хойніцкай зямлі непаўторную прыгажосць...

Першыя звесткі пра Хойнікі ў гістарычных дакументах датуюцца 1512 годам. Мястэчка належала ў розныя гады магнатам Вішнявецкім, Канецпольскім, Парышэвічам, Шуйскім, Прозарам. З сярэдзіны ХVI ст. Хойнікі вядомыя як мястэчка ў Рэчыцкім павеце, з канца XVII ст. – цэнтр воласці. У той час тут існаваў замак, дзе была невялікая капліца (замак у 1721 г. быў выкуплены біскупам Юзафам Парышэвічам).

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, з 1793 года, мястэчка апыну- лася ў складзе Расійскай імперыі. У канцы XIX ст. у Хойніках было 2,7 тысяч жыхароў, дзейнічалі касцёл, царква і 3 сінагогі. Сёння Хойнікі — райцэнтр, дзе жыве каля 14,5 тысяч чалавек.

Каталіцкія традыцыі гэтага краю вельмі старадаўнія. У «Апісанні касцёлаў і парафій Мінскай дыяцэзіі» ад 1886 г. ёсць запіс пра тое, што хойніцкі парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіўся ў цэнтры мястэчка. Ён быў пабудаваны ў 1863 г. на сродкі Уладзіслава Прозара. Вядома, што дзейнічала парафіяльная школа. На жаль, ад будынка былога касцёла няма і следу.

У Хойніках і навакольных вёсках жыве шмат каталікоў. Рэлігійнае жыццё пачало актыўна адраджацца ў 1990 годзе, калі з Мазыра стаў рэгулярна прыязджаць ксёндз Юзаф Дзеконьскі, які згуртаваў мясцовых вернікаў. У хуткім часе была створана парафія, але Святая Імша цэлебравалася ў дамах вернікаў, бо касцёла не было.

У 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў крыж на пляцоўцы і камень пад будоўлю хойніцкай святыні. У хуткім часе пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа пачалося ўзвядзенне касцёла. Пробашч праявіў сябе не толькі як цудоўны арганізатар, але і як добры муляр і цясляр. Парафіяне сталі актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва, нават старыя бабулі прыходзілі выносіць цэглу і смецце, жанчыны гатавалі абеды будаўнікам. Будаўніцтву значна спрыяла братняя дапамога вернікаў замежжа.

Асвячэнне новай святыні адбылося 18 кастрычніка 2003 года. Кансэкрацыю правёў біскуп Казімір Велікаселец. Гэта быў незабыўны дзень для хойніцкіх парафіянаў, якія шчыра дзяліліся радасцю з гасцямі свята. Усіх сардэчна вітаў пробашч кс. Юзаф Дзеконскі. На ўрачыстасць прыехалі вернікі з Мазыра, Лельчыцаў, Калінкавічаў, Мінска. Удзельнікамі Святой Імшы сталі кс. Ян Саламон, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, кс. Чэслаў Бісага з Калінкавіч, кс. Ян Рэсь з Баранавічаў, кс. Віталь Мысонаў з Лельчыцаў, кс. Мечыслаў Ліпняцкі з Бялай Падляскі (Польшча). Павіншаваць парафіянаў прыйшлі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, вернікі праваслаўнай Царквы і пратэстанты. Парафіяльны хор з Мазыра і псальмісты-легіянеркі Святлана і Марына з Мінска парадавалі цудоўнымі спевамі, міністрантам з Мазыра і Мінска таксама знайшлася праца.

Біскуп Казімір асвяціў ікону Маці Божай Юравіцкай – копію славутага цудатворнага абраза апякункі Мазырскага Палесся, з імем якой звязваюць мясцовыя католікі адраджэнне Касцёла на іх зямлі.

Узняліся крыжы над святыняю яшчэ аднаго палескага куточка Беларусі, і яны – сведчанне жывой веры палешукоў.

Пажадаем жа хойніцкім парафіянам, ксяндзу пробашчу Юзафу Дзеконскаму Божай апекі і заступніцтва Маці Божай Юравіцкай. Няхай новапабудаваная святыня заўсёды будзе сапраўдным Домам Божым, дзе не сціхае шчырая малітва, дзе кожнага прагнучага чакаюць хлеб Слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны.

Руслан Гародка
Фота з архіва парафіі