8 красавіка спаўняецца 65 гадоў святарскага пасвячэння Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. У гэтыя дні ўсе мы, супрацоўнікі і чытачы часопіса «Ave Maria», шчыра віншуем шаноўнага Юбіляра і памятаем пра яго ў сваіх малітвах. Дзякуем Пану Богу за гэты незвычайны дар святарства, просячы для ксяндза кардынала моцнага здароўя, сілы і Божага натхнення на яшчэ доўгія гады шчаслівага служэння Каталіцкаму Касцёлу. Няхай Маці Божая заўсёды падтрымлівае і атуляе нашага арцыпастыра сваёю міласэрнаю апекаю.

Напярэдадні юбілею ксёндз кардынал ласкава згадзіўся адказаць на некаторыя пытанні.

Юбілей святарства Вашай Эмінэнцыі прыпадае акурат на Вялікі чацвер. Такое супадзенне здаецца глыбока сімвалічным, бо Вялікі чацвер – дзень устанаўлення сакрамэнту святарства і сакрамэнту Эўхарыстыі – надзвычай важны для кожнага святара. У сувязі з гэтым, можа, Эмінэнцыя прыгадаў бы асаблівыя моманты ці месцы цэлебрацыі Эўхарыстыі ў сваім святарскім жыцці?

– Перадусім хацеў бы сапраўды падкрэсліць, што калі глядзеў у каляндар, то думаў пра юбілей: на які дзень ён прыпадзе. І калі ўбачыў, што на Вялікі чацвер, то вельмі ўзрадаваўся, бо лепшага дня нельга нават прыдумаць. Не ведаю, хто гэтым кіраваў, але тое, што менавіта ў Вялікі чацвер я павінен адправіць Святую Імшу падзякі за 65 гадоў святарства – гэта сапраўды штосьці незвычайнае і цудоўнае!

Што датычыць Святых Імшаў у іншыя дні і пры іншых абставінах, у нейкія асаблівыя моманты ці ў асаблівых месцах, то трэба сказаць, што кожная Святая Імша, дзе б і калі б яна ні адпраўлялася, мае тую самую найвышэйшую, звышнатуральную вартасць. Наша асабістае, унутранае ці знешняе адчуванне не змяняе сутнасці Святой Імшы, Боскай Эўхарыстыі. Напрыклад, тыя Святыя Імшы (хоць і было іх не так шмат), якія я адпраўляў у савецкіх лагерах. Там я ніколі не адпраўляў Імшы адкрыта, усё адбывалася ў самай строгай канспірацыі, пакрыёма. Я ўставаў недзе за гадзіну да агульнага пад’ёму, на золку. Звечара меў усё падрыхтаванае: парцалянавы кубачак, у бутэлечцы трохі размочаных разынак і аплатак, прысланы на Божае Нараджэнне з Украіны. Тэкст кансэкрацыі ведаў напамяць і шэптам паўтараў яго. Усе вязні яшчэ спалі, ахоўнік пад самую раніцу не заходзіў да нас, бо не сумняваўся ў поўным спакоі і парадку ў бараках. Пасля таго як я спажываў Камунію, браў пусты карабок ад запалак і складаў туды кансэкраваныя камуніканты: я ведаў, колькі маю «парафіянаў», якім пасля працы, увечары, ходзячы па бараках, таксама ўпотайкі удзяляў св. Камунію.

І было гэта своеасаблівым працягам ранішняй Св. Імшы. Усё тое добра памятаю, усе адчуванні і перажыванні. Такое не забываецца.



У энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia Папа Ян Павел ІІ называе Марыю «Жанчынай Эўхарыстыі». Вядома, што Ваша Эмінэнцыя вялікі паклоннік Маці Божай. Калі і як гэта пачалося?

– Думаю, што пачаткам гэтага Марыйнага культу я абавязаны свайму ксяндзу прэфекту Карповічу. Менавіта ў той час мая мама, брат і я пачалі штодзённа адгаворваць усе малітвы да Маці Божай. Ксёндз Карповіч здолеў так паўплываць на мяне, што схіліў да ўступлення ў Марыянскую Садаліцыю.

А што гэта была за арганізацыя?

– Гэта была моцная каталіцкая арганізацыя, якая аб’ядноўвала дарослых і моладзь. Я ўступіў у моладзевую Садаліцыю. У той час актыўна развівалася таксама гарцэрства. І, магчыма, было нават своеасаблівае спаборніцтва паміж гэтымі дзвюма арганізацыямі. Трэба сказаць, што тагачаснае гарцэрства было таксама глыбока каталіцкае, але не скіроўвалася так, як Садаліцыя, на культ Маці Божай. Першы год лічыўся выпрабавальным, такі своеасаблівы кандыдацкі тэрмін. Пасля прэфект дапускаў да складання садаліцкай прысягі. Апекуном Марыянскай Садаліцыі быў св. Станіслаў Костка. Я складаў прысягу ў сваім парафіяльным касцёле ў Баранавічах. У абавязкі членаў Садаліцыі ўваходзілі штомесячная споведзь, св. Камунія на кожнай Святой Імшы (па магчымасці) і штодзённы, ажно да смерці, абавязак маліцца тры разы «Вітай, Марыя...». Уявіце сабе, колькі гадоў назад я складаў садаліцкую прысягу! Гэта было ў 6-м класе гімназіі, значыць, больш за 70 гадоў таму. І за ўвесь гэты час я ніколі свядома не прапусціў ніводнага дня, каб не памаліцца да Маці Божай. Здавалася б, што тут такога – тры «Вітай, Марыя...», аднак гэта штодзённая памяць пра Маці Божую, штодзённая малітва да Яе. Зразумела, вялікі ўплыў мела і штомесячная споведзь, частая св. Камунія. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўтварылася пэўная моладзевая эліта, менавіта садаліцкая.

У гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Як, на думку Эмінэнцыі, гэта праўда пра Беззаганнае Зачацце можа сёння прамовіць да нашых сучаснікаў?

– Догмат пра Беззаганнае Зачацце ўводзіць нас у саму сутнасць таямніцы стварэння і адкуплення. Як піша Папа Ян Павел ІІ, «Беззаганнае зачацце Марыі распачало вялікую справу адкуплення, якое здзейснілася праз праліццё бясцэннай крыві Хрыста. Кожны чалавек пакліканы, каб у Ім цалкам рэалізаваць сябе, імкнучыся да дасканалай святасці. Таму Беззаганнае Зачацце – гэта як заранка, якая звястуе прамяністы дзень Хрыста, які праз сваю смерць і змёртвыхпаўстанне верне поўную гармонію паміж Богам і чалавецтвам».

На жаль, сённяшні зматэрыялізаваны свет занадта далёка зайшоў у сваім матэрыялізме, у скажоным уяўленні пра свабоду і ўседазволенасць, каб зразумець сутнасць Беззаганнага Зачацця Марыі, каб прыняць у сваё сэрца гэту галоўную і адвечную праўду. Зразумела, я не кажу пра сапраўдных практыкуючых вернікаў, пра сапраўдных католікаў, для якіх гэтая праўда была і застаецца непахіснаю і вельмі важнаю. Думаю, што менавіта ў гэты час і менавіта ў гэтым свеце Касцёл павінен як мага больш заакцэнтаваць праўду пра

Беззаганнае Зачацце, імкнуцца развіваць гэтую навуку, гэтую экзэгезу. Варта прыгадаць таксама, што 25 сакавіка спаўняецца таксама 20 гадоў з дня прысвячэння Янам Паўлам ІІ усяго свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Размаўляем з Эмінэнцыяй у часе Вялікага посту. Менавіта ў гэты час хрысціяне найбольш разважаюць пра збаўчую ахвяру Хрыста, пра сэнс цярпення, смерці і ўваскрaсення. У сувязі з гэтым згадваюцца словы св. Максімільяна Кольбэ пра тое, што для «кампенсацыі за людскія грахі не трэба было, каб Пан Езус памёр на крыжы, хапіла б для таго адной кроплі Яго Крыві, адной слязы. Але Ён не толькі хацеў нас адкупіць, але хацеў паказаць бязмежнасць свае любові». Як Эмінэнцыя думае, чаму чалавек заўсёды быў такі абыякавы да гэтай «бязмежнасці» Божай любові? Можна нават сказаць, што гэтая любоў незапатрабаваная светам...

– Думаю, што гэта бязмежнасць любові Пана Езуса, увогуле Божая любоў проста несуразмерная з магчымасцямі людской любові. Людская любоў, як і людское ўспрыманне любові, на жаль, абмежаваныя. Нельга ставіць на адзін узровень людскую любоў да Бога і любоў Бога да чалавека, бо чалавек – гэта толькі стварэнне, а Бог – Творца. Менавіта дзеля гэтай любові да чалавека Хрыстус аддаў жыццё да апошняй кроплі крыві. А яшчэ, напэўна, і дзеля таго, каб хоць трохі павялічыць магчымасці нашай любові, каб узрушыць нашыя зацвярдзелыя сэрцы, каб адкрыць іх на гэтую незвычайную ласку. Для мяне паняцце Божай любові – неспасцігальны, бязмежны акіян святла, без якога гэты свет даўно ўжо згінуў бы ў цемры.

Вядома, што на святарскім шляху Эмінэнцыі было больш церняў, чым ружаў. Што найчасцей дапамагала прайсці праз гэтыя церні?

– Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы...

?!

– Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру – белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!

А камера смяротнікаў? А 10 гадоў ГУЛАГу?

– Я не разумею такога ўспрымання, такога размежавання паняццяў. Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці...

І ў адным, і ў другім выпадку – адно і тое ж выкананне волі Божай. І там – ружа, і тут. Толькі колер у іх розны... Мяне выводзіць з раўнавагі, калі пачынаюць (асабліва ў сувязі з юбілеямі) клеіць ярлыкі: мучанік, герой, абраннік Божы... Ні тое, ні другое, ні трэцяе! Я – звыклы, нармальны, смяротны чалавек, які ад пачатку прыняў Божую волю і ўсюды імкнуўся, наколькі ставала сілы, яе выконваць. Увогуле, я лічу, чым хутчэй чалавек пагодзіцца ў сваім жыцці і ў сваім лёсе з воляю Божаю, тым лягчэй і прасцей будзе ўспрымаць усё, што яго ў гэтым лёсе сустрэне, і не будзе нерваваць ні сябе, ні сваё атачэнне. Больш за тое, толькі тады чалавек будзе ўпарадку перад Богам і сваім сумленнем, а таму зможа разлічваць таксама на Божую ласку.

Няўжо ніколі Эмінэнцыя не наракаў на лёс, ці як той старазапаветны Ёў, ніколі не спрабаваў дыскутаваць з Панам Богам, не спрабаваў высвятляць: за што мне гэта і навошта?

– Можа, Пан Бог выбраў мяне такога, але мне нават не прыходзіла ў галаву наракаць на лёс, а тым больш на Пана Бога. Зрэшты, я ніколі да канца не разумеў пазіцыі Ёва... Возьмем, напрыклад, той крытычны момант, калі я сядзеў у камеры смяротнікаў у Брэсце. Памятаю кожную хвіліну... Не было там такіх думак: «Божа, за што мне гэта?» Было іншае: «Пане Божа, дай мне сілы, дадай мне моцы». Я лічыў, што такі, відавочна, Божы Провід. Дарэчы, мне заўсёды дапамагаў жыць і панаваць над сітуацыяй поўны давер Божаму Провіду. І гэта не мая заслуга: за ўсё жыццё ў мяне сабралася шмат самых незвычайных і вельмі канкрэтных доказаў дзеяння Провіду Божага...

Згадайце, калі ласка, які-небудзь прыклад такога дзеяння. Можа, з гадоў маладосці, з пачаткаў святарства...

– З самых пачаткаў, калі хочаце. З выбару святарскага шляху пасля рэкалекцый у Пінску і наведвання крыпты біскупа Зыгмунта Лазінскага. Пра гэта я ўжо неаднойчы расказваў. Я не збіраўся быць святаром, марыў пра філалогію, збіраўся паступаць у Віленскі універсітэт. А тут, раптам, такое рашэнне. Прычым ісці вучыцца ў Пінскую духоўную семінарыю. Чаму не ў Віленскую? Пінск – Палессе, глыбінка. Да таго ж, прыняты я быў «у выглядзе выключэння», бо тэрміны прыёму ўжо скончыліся. Чаму было зроблена тое «выключэнне»? Далей – болей. Праз два тыдні вучобы пачаліся праблемы з лёгкімі. Пайшоў да доктара, а той: як найхутчэй выязджаць з Пінска, з Палесся ў іншы клімат. Прыйшоў да рэктара, паказаў лекарскае заключэнне, а ён кажа: «Ну што ж, нам хворыя не патрэбны». Я паехаў дадому, у Баранавічы. Праз пару тыдняў хатняга лячэння кажу маме: «Паеду зноў у Пінск, да біскупа Лазінскага».

Паехаў, прыйшоў у крыпту да труны й кажу: «Паслухаў я цябе, біскупе, абраў святарскі шлях, а бачыш, што з таго выйшла...» Памаліўся і пайшоў зноў да доктара, упрасіў, каб ён яшчэ раз мяне абследаваў. Хоць і неахвотна, доктар згадзіўся, а пасля доўга дапытваў, як маё прозвішча і ці я той самы, хто да яго прыходзіў два тыдні таму. Не мог паверыць, бо лёгкія былі абсалютна чыстыя. «Тут, кажа, штосьці не так, прызнавайся». Я кажу: «Тут не штосьці, а хтосьці, тут – біскуп Лазінскі...»

Доктар быў сапраўдны католік, адразу паверыў: «Разумею. Гэта магутны заступнік. Ідзі да рэктара». Давялося і рэктару прывесці гэты найважнейшы аргумент заступніцтва біскупа Лазінскага. Мне дазволілі працягваць вучобу. Увогуле, немагчыма пералічыць усіх выпадкаў умяшальніцтва ў мой лёс Вышэйшай Сілы, дзеяння Божага Провіду, якому (як я ўжо казаў) давяраю бязмежна і заўсёды.

Азіраючы сёння такі салідны адрэзак святарскага шляху, пра што найчасцей думае Ваша Эмінэнцыя, за што найбольш прагне дзякаваць Пану Богу?

– Дзякую за кожны пражыты дзень, за ўсе атрыманыя ласкі, за ўсе дабрадзейнасці. Лічу, што трэба дзякаваць за кожную хвіліну. Калісьці, яшчэ вікарыем, я казаў сваім парафіянам: «Чым часцей мы будзем казаць Пану Богу «дзякуй», тым радзей давядзецца казаць «просім». У мяне яно сапраўды так складваецца ў жыцці, што ў маіх малітвах, размовах з Панам Богам найбольш бывае актаў перапрашэння і падзякі, а просьбаў амаль няма, бо, калі падумаць, то ці будзе тая просьба згодная з воляю Божаю і ці не давядзецца праз нейкі час з жалем сказаць сабе: неразумны, прасіў, а Бог цябе выслухаў. Уласна кажучы, усе нашыя просьбы – гэта такі своеасаблівы недавер да Пана Бога: як бы мы лепш за Яго ведаем, што нам патрэбна. А калі ўжо й звяртацца з просьбаю, то абавязкова з агаворкаю: «Калі Ты, Пане Божа, лічыш гэта сапраўды неабходным для мяне...» Усё яно здаецца такім простым, нават прымітыўным, а гэта – праўда жыцця, якая не раз пацвердзілася за мае 65 гадоў святарскага жыцця. Менавіта ў гэтым вялікім святарскім досведзе ўсё маё багацце, уся мая сіла і моц, за якія я не перастаю дзякаваць Пану Богу.

Размаўляла Крыстына Лялько.