На Вялікдзень, як вядома, наш стол упрыгожваюць рознакаляровыя яйкі. Хто з нас з дзяцінства не ведае, што яны не толькі нашмат прыгажэйшыя за звычайныя, нефарбаваныя ды несвянцоныя, але яшчэ і нашмат смачнейшыя? Той жа з нас, хто не пашкадуе часу ды фантазіі на фарбаванне яек, можа і яшчэ больш расквеціць святочны стол. Для гэтага, напрыклад, трэба перад афарбоўкай аперазаць яйка некалькі разоў крыж-накрыж тонкай гумкай, каб потым, ужо пасля афарбоўкі, на ім засталіся белыя палоскі. Можна таксама прымацаваць да яйка лісток пятрушкі, акуратна загарнуць яйка ў капрон і апусціць у фарбу, каб пасля на месцы лістка застаўся ягоны белы адбітак. А можна на ўжо зваранае белае яйка накапаць свечкай кропелькі воску, апусціць яйка ў халодную фарбу, пасля афарбоўкі і прасушкі асцярожна патрымаць яго над агнём, каб расплавіць воск і выцерці. І на нашым чырвоным яйку застануцца мілыя, белыя, нібы кропелькі расы, плямкі. Усе гэтыя няхітрыя фантазіі дапамогуць зрабіць наш стол яшчэ больш прыгожым.

А вось Вольга Агапончык з Полацка валодае цэлым мастацтвам роспісу велікодных яек. Дакладней, яна распісвае ўжо не самі яйкі, але іхнія шкарлупінкі, ствараючы, так бы мовіць, прыгожы вобраз велікоднага яйка. І што атрымліваецца ў выніку? Прыгожы раслінны арнамент, народныя ўзоры, тэматычны малюнак, а то і велікодны надпіс.

Ужо колькі гадоў запар грэка-каталіцкая парафія св. Параскевы ў Полацку ладзіць цэлыя выставы велікодных пісанак. Вольга на тых выставах незаменны экскурсавод і настаўнік, гатовы падзяліцца з гледачамі сваім даволі рэдкім майстэрствам.

Аказваецца, традыцыя велікодных пісанак на Беларусі, як і на суседняй Украіне, даўняя. Адно, што на Украіне яна лепш захавалася, але, дзякуючы такім энтузіястам як Вольга, паступова адраджаецца і ў нас, павялічваючы тым самым велікодную радасць. Памятаю, калі я ўпершыню ўбачыла на адной такой выставе цэлае дрэўца, якое расквечвалі ўсімі колерамі вясёлкі велікодныя пісанкі, мне адразу прыгадаўся дзівосны свет майго ўлюбёнага казачніка Оскара Уальда з ягонай бясконцай дабрынёй ды такой светлай, добрай фантазіяй. Такія асацыяцыі ўзніклі, мабыць, ад шчодрага патоку дабрыні ды цяпла, якімі прамянілася тое дзівоснае велікоднае дрэўца.

Дык як жа нараджаецца такі цуд?

– Вельмі проста, – адказвае мілая прыгажуня з доўгай шаўкавістай касой Вольга Агапончык. – Бярэм сырое яйка, праколваем з абодвух бакоў маленькія дзірачкі і альбо выцягваем змесціва шпрыцам, альбо проста выпіваем яго. Потым пісачком (так называецца спецыяльная прылада для роспісу яек, якую лёгка зрабіць самому) залепліваем дзірачкі расплаўленым воскам. Затым праціраем яйка ваткай, змочанай у 9-працэнтным воцаце і высушваем яго. Шкарлупінка гатова для роспісу.

– Ну а цяпер, – прашу я Вольгу, – выдай самы важны сакрэт пра тое, як ствараецца малюнак.

І тут аказваецца, што я нават не падазравала пра такую тэхніку.

– Малюнак, – цярпліва тлумачыць Вольга, – наносім алоўкам на яйка. Калі мы задумалі сіметрычны роспіс, то тады напачатку трэба накрэсліць на яйку вертыкальныя, гарызантальныя, а калі трэба, то і касыя лініі. Потым у гэтых ячэйках размяшчаем узор. На тое месца, дзе нам патрэбны белы колер, мы наносім пісачком расплаўлены воск і апускаем яйка ў фарбу іншага колеру (роспіс трэба пачынаць ад светлых таноў). Фарбуем яйка, напрыклад, у жоўты колер. Потым на тыя месцы, дзе нам патрэбны жоўты колер, зноў жа наносім пісачком расплаўлены воск і апускаем яйка ў нейкую іншую фарбу, напрыклад, чырвонага колеру. І далей па гэтай жа схеме. Атрымліваецца так, што воск нібы хавае для будучага роспісу патрэбны колер. Калі наша задума будзе поўнасцю выканана, мы асцярожна патрымаем яйка над агнём, каб воск на ім расплавіўся і вытрам сурвэткай. Пасля можна працерці нашу пісанку яшчэ кавалкам ваўнянай тканіны. І ўсё – пісанка гатова.

Вось такая тэхналогія. Для беларускіх пісанак найбольш характэрныя бела-чырвоныя колеры, для ўкраінскіх – бела-жоўта-сінія. Але, вядома, людская фантазія ўносіць свае карэктывы.

Вольга Агапончык ахвотна дзеліцца сваім майстэрствам з тымі, хто, як і яна, хоча яго асвоіць. Для гэтага парафія св. Параскевы праводзіць курсы роспісу пісанак і ў Полацку, і ў Мінску. Ахвотных навучыцца ствараць велікодныя пісанкі хапае. Калі ж мы прапанавалі Вользе пашырыць кола майстроў праз наш часопіс, яна з радасцю згадзілася, за што мы ёй шчыра дзякуем ад імя ўсіх, хто не палянуецца паспрабаваць асвоіць гэтае майстэрства і на чыім стале ў выніку, напэўна ж, з’явяцца прыгожыя велікодныя пісанкі.

Смачнага ўсім велікоднага яйка!

Ірэна Задарожная