«Праз крыж і смерць – да змёртвыхпаўстання і хвалы» – гэта дэвіз супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак, якія вось ужо шэсць гадоў працуюць на Беларусі. Адной з першых на Беларусь прыехала сястра Барбара (Тэрэза Янкоўская). Напачатку яна працавала ў Лепелі, потым — у Параф’янаве, а цяпер – у Ваўкалаце Докшыцкага раёна.

Парафія ў Ваўкалаце даўняя, мае свае традыцыі і прыгожую гісторыю. Прыгожую, таму што касцёл тут быў заўсёды адчынены. Людзі здолелі аберагчы яго ў самыя цяжкія часы атэізму, і цяпер гэтым плёнам карыстаецца маладое пакаленне, якое і з’яўляецца галоўным клопатам сястры змёртвыхпаўстанкі Барбары Тэрэзы. Бо яна ж і знаходзіцца ў Ваўкалаце галоўным чынам дзеля таго, каб дзяліцца скарбам змёртвыхпаўстання з тымі, хто яшчэ не ўсвядоміў для сябе ягоную вартасць. А як ім падзелішся? Вядома, найперш катэхізуючы дзяцей і адкрываючы ім праўду пра Змёртвыхпаўсталага Езуса Хрыста. У Ваўкалаце і Гарадзішчы, Янчуках і Станіслаўцах.

Ды толькі, катэхізуючы дзяцей, сястра Барбара Тэрэза ўбачыла і яшчэ адну вельмі важную ды характэрную для Беларусі праблему: бацькам таксама патрэбныя ўрокі рэлігіі, бо, як кажа сястра Барбара Тэрэза, калі вучыць толькі дзяцей, то гэта тое самае, што будаваць дом без падмурка. Да каго найперш звернецца з нейкім пытаннем дзіця? Вядома, да маці альбо бацькі. Каму даверыць свае пытанні, сумненні, надзеі? Зноў жа, ім. А калі бацькі не змогуцуь па-хрысціянску падтрымаць сваё дзіця ў хвіліну выпрабаванняў, асцерагчы яго ад неразумнага кроку, проста пагаварыць з ім з пазіцый хрысціянскай веры, то не выключана, што неакрэплага яшчэ чалавека можа падсцерагчы ды выкарыстаць для сваіх чорных спраў суровы праціўнік Хрыста. Хіба ж можна такое дапусціць?

І таму аднойчы пасля каляднай сцэнкі, якую ставілі перад сваімі бацькамі дзеці, сястра Барбара Тэрэза аб’явіла ўдзячным гледачам, што той з дарослых, хто хацеў бы паглыбіць свае веды і веру, таксама можа гэта зрабіць. Для гэтага трэба прыходзіць на сустрэчы для дарослых у доме сястры Барбары Тэрэзы.

Пра гэты дом варта, відаць, сказаць дадаткова. Маленькая ды старэнькая вясковая хацінка, якая пасля рамонту стала ўтульнай і гасціннай для ўсіх, хто ў Ваўкалаце хоча больш ведаць пра Пана Бога. Пакойчык, у якім праводзяцца сустрэчы з дарослымі па абмеркаванні праўдаў веры, Божых запаведзяў і іншых асноў хрысціянскага веравучэння, даволі цесны, але ж, як кажуць, дзе цесна, там пацешна.

На першай сустрэчы дарослых сястра Барбара Тэрэза запыталася ў сваіх гасцей, пра што яны хацелі б даведацца, і пачула ў адказ:«Растлумачце нам, што адбываецца на Святой Імшы, у часе асобных яе частак, раскажыце пра тое, што азначаюць святыя сакраманты, навучыце нас чытаць Святое Пісанне, навучыце маліцца...». Пытанні гэтыя няпростыя, асабліва, калі ўспрымаць веру не як механічныя абрады, а як стан душы, што прагне сустрэчы з жывым Богам. Так пачаліся тыя штотыднёвыя сустрэчы, якія почасту доўжацца не гадзіну і не дзве, а больш. На кожнай з іх, якая пачынаецца і сканчваецца малітвай, узнікае шмат пытанняў, разважанняў, нават дыскусій. Вядома, вясковы ўклад жыцця не вельмі багаты на вольны час, але тыя, хто ўжо зведаў кошт пазнання Божай праўды, робяць усё магчымае, каб іх не прапускаць. Часам дзеля таго каб на іх папрысутнічаць, даводзіцца прыспешыць нейкую працу альбо адкласці яе на пазней, часам трэба прасіць суседзяў прыгледзець за дзецьмі і г.д. Але ўсе гэтыя мітрэнгі напоўніцу аплочваюцца тым зарадам хрысціянскага духа, з якім потым і працуецца лягчэй, і на штодзённыя праблемы глядзіцца іншым, больш аптымістычным паглядам.

У тым жа цеснаватым пакойчыку праходзяць і рэпетыцыі хору, якім кіруе сястра Барбара Тэрэза. Касцёльны хор у Ваўкалаце быў здавён, але ж, як і паўсюль, старэйшыя вернікі пастарэлі, а маладыя ў савецкі час не тое што не спявалі ў хоры, але почасту і проста не былі ў касцёле. Таму і для сястры Барбары Тэрэзы, і для ўсёй парафіі вялікая радасць, што ў хор прыйшлі маладыя жанчыны, з’явіліся нават мужчынскія галасы. І цяпер калі сястра Барбара Тэрэза вымушана па нейкіх неадкладных справах ад’ехаць з парафіі, то і тады Святая Імша не застанецца без прыгожага спеву.

Абавязкаў у сястры Барбары Тэрэзы шмат: катэхезы дзяцей не толькі ў касцёле, але і ў вясковых хатах ды капліцах, якія абслугоўвае пробашч ваўкалацкай парафіі, айцец Пётр Ясевіч, гаспадарчыя праблемы, ад якіх таксама нікуды не дзенешся, асабліва, калі жывеш у вясковым дамку без звыклых гарадскіх камунальных зручнасцяў. Працы шмат, ды толькі я не пачула ад сястры Барбары Тэрэзы і кроплі наракання на працу, якой можа трохі і зашмат, на ненайлепшыя побытавыя ўмовы, нязручнасці транспарту (Ваўкалата знаходзіцца не ў вельмі выгодным месцы ад вялікіх шляхоў ды гарадоў), а зрэшты, не было нараканняў і на тое, што чалавек увогуле не надта ўтульна пачувае сябе, жывучы на такой вось самоце. Нічога такога ў нашай размове не было. Але затое сястра Барбара Тэрэза з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю распавядала мне, якія добрыя людзі жывуць у Ваўкалаце і яе ваколіцах, як спрыяе вясковая ціхамірнасць, прыгажосць прыроды медытацыям ды разважанням пра Змёртвыхпаўсталага.

– Я адчуваю сябе ў Ваўкалаце, нібы ў роднай сям’і, – прызналася сястра Барбара Тэрэза і з усмешкаю дадала: – Ведаю, што я заўсёды магу тут разлічваць на людскую дапамогу, шчырасць ды зычлівасць. Не, такія людзі не дазволяць іншаму быць у бядзе.

На Беларусі сёстры з супольнасці змёртвыхпаўстанак працуюць у Лепелі, Наваполацку ды ў Ваўкалаце. І ўсюды яны застаюцца верныя дэвізу супольнасці, які хоць і можа здацца на першы погляд трагічным, але ўсё ж ён дае вялікую надзею чалавеку. «Праз крыж і смерць – да змёртвыхпаўстання і хвалы», – такая праўда хрысціянства. Шчаслівы той, хто адкрые яе для сябе. А дзеля таго каб гэта здаралася як найчасцей, і працуюць сёстры змёртвыхпаўстанкі, несучы людзям праўду пра Езуса Змёртвыхпаўсталага.

Ірына Жарнасек