Працяг. << Пачатак у нумары №12-1(103-104) 2003-2004

У мінулы раз, расказваючы пра галоўны каталіцкі храм, – базыліку святога Пятра ў Ватыкане, мы прыпыніліся каля яго брамаў. Іх пяць, некаторыя – старажытныя, часоў італьянскага Адраджэння. Адна называецца Святой Брамай; яе ўрачыста адчыняе і зачыняе сам Папа на пачатку і напрыканцы кожнага Юбілейнага Года, што і адбылося зусім нядаўна. Цэнтральная нава базылікі мае амаль 187 метраў даўжыні ад брамы да апсіды. Храм святога Пятра ўражвае не толькі сваімі памерамі, але і чароўнай, велічнай прыгажосцю. Вядома, што не ўсе цяперашнія мармуровыя кампазіцыі, залатыя і паліхромныя ўпрыгожванні адпавядаюць арыгінальным праектам архітэктара Брамантэ і мастака, скульптара, архітэктара Мікеланджэла. Першай была пабудавана капліца Папы Рыгора ХІІІ (1572–85) пад адным з чатырох меншых купалаў базылікі. У гэтай працы зацвердзілася новая мазаічная тэхніка, якая потым выкарыстоўвалася для ўпрыгожвання купала храма святога Пятра. Упершыню яго можна было ўбачыць у Юбілейным 1600 годзе, а канчатковая праца над ім скончылася толькі праз некалькі гадоў. Гэтае велічнае стварэнне, якое нібыта абдымае хрысціянаў усяго свету, мае ў дыяметры 42 метры, а яго даўжыня ад падлогі да крыжа – 136 метраў.

Тамбур купала ўпрыгожаны цудоўнай залатой рамай, дзе напісаны словы з Евангелля, сказаныя Езусам Пятру: «Ты Пётр, і на камяні гэтым пабудую Касцёл Мой і дам табе ключы ад Валадарства нябеснага». Уся базыліка нібы ілюструе словы Хрыста. Храм багата аздоблены золатам, уражваюць статуі святых фундатараў, урачыстыя пахавальныя манументы рымскіх папаў, а таксама мастацкі шэдэўр архітэктара Жан-Ларэнцо Берніні – бронзавы балдахін над вялікім алтаром, пад якім знаходзяцца рэліквіі апостала Пятра. Месца іх захавання можа ўбачыць кожны наведвальнік, калі спусціцца ўніз у так званыя Ватыканскія пячоры. У невялікім гроце, пад мазаічнай выявай Хрыста, захоўваецца труна першага біскупа Рыма – святога Пятра. Праз гэтае фізічнае і духоўнае месца Каталіцкі Касцёл асабліва паяднаны з Нябесным Заснавальнікам. Побач з магілай Пятра, у Ватыканскіх пячорах і ў базыліцы, спачываюць 147 рымскіх папаў. Пахаваны тут і знакамітыя святыя. Вялікі гонар быць пахаваным у гэтым храме выпаў і на долю беларускага святога Язафата Кунцэвіча – грэка-каталіцкага біскупа, рэліквіі якога знаходзяцца ў правай наве базылікі.

Усё ў храме нагадвае пра нябесны Ерузалем. Калі з вокнаў базылікі падаюць промні, яны нагадваюць лесвіцы, спушчаныя з неба. Знакаміты французскі пісьменнік Стэндаль пасля наведвання базылікі святога Пятра напісаў: «Немагчыма не пакланіцца той рэлігіі, што стварыла падобны твор».

Унізе пілястраў, на якіх усталяваны купал, у нішах стаяць велічныя скульптуры святога Лангіна з кап’ём, святой Алены з Крыжам Хрыста, святой Веранікі з хусткай і святога Андрэя з крыжам. Высока над імі ўзвышаюцца цудоўныя мазаічныя выявы евангелістаў: святых Яна, Марка, Мацея і Лукі з іх старажытнахрысціянскімі сімваламі. За балдахінам, у глыбіні апсіды, месціцца фантастычная катэдра, якая ўслаўляе Першынство Папы (пабудаваная таксама архітэктарам Берніні ў 1658–66 гадах). У сярэдзіне кампазіцыі – трон, які нібы падтрымліваюць чатыры статуі айцоў Касцёла, два з іх заходнія – святыя Амброзій і Аўгустын, і два ўсходнія – святыя Афанасій і Хрызастом. Над тронам анёлы падтрымліваюць папскую ціяру. Уверсе – жоўта-залацісты вітраж у пышным атачэнні анёлаў і промняў, а ў цэнтры кампазіцыі – белы голуб, святло якога падае на папскі трон – сімвал Святога Духа, ад якога зыходзіць папская ўлада.

Немагчыма пералічыць усе хрысціянскія рэліквіі і выдатныя помнікі мастацтва ў базыліцы. Адзін з іх – бронзавая статуя святога Пятра работы невядомага сірыйскага аўтара IV ст., якая вельмі шануецца вернікамі. Ёсць там і трон, падараваны Папу Яну VIII імператарам Карлам у 875 г. падчас яго каранацыі ў старажытнай базыліцы. Заўсёды шмат людзей каля цудоўнай скульптурнай кампазіцыі Pieta Мікеланджэла Буанароці. Кожны мастацкі твор настойліва заклікае да неспасцігальнай глыбіні таямніцы Хрыста і Яго містычнага Цела. Калі базыліка напоўненая вернікамі падчас папскай Імшы, усё зліваецца ў адзіную сімфонію: сэрцы людзей і прыгажосць Божага храма, які нагадвае аб пераемнасці, ад апостала Пятра – Царкве Хрыстовай, ад Царквы – Папу Рымскаму. І ўсё гэта вакол Хрыста, крыж Якога паўсюль сведчыць перамогу і словы якога ўзмацняюць веру...

Пасля храма святога Пятра ў Ватыкане самая вялікая па сваіх памерах – рымская базыліка святога Паўла за гарадскімі мурамі – San Paolo fuori le mura. Прысвечаны апосталу Паўлу храм быў адным з чатырох галоўных, узведзеных па загадзе імператара Канстанціна. Месца яго ўзвядзення абрана невыпадкова. Паданне сведчыць пра тое, што менавіта тут, на месцы старога некропаля, быў пахаваны Апостал. Першапачатковы касцёл пабудавалі перад 384 годам па настаўленні Папы Дамаза, які хацеў выправіць няроўнасць ва ўшанаванні Пятра і Паўла. Потым базыліка была павялічаная ў памерах імператарамі Валенцініянам ІІ у 386 годзе ды іншымі ўладарамі.

Сучасны выгляд базыліка святога Паўла набыла толькі ў ХІХ ст. пасля таго як 26 ліпеня 1823 г. яе амаль цалкам знішчыў страшны пажар. Працай па аднаўленні храма кіраваў Папа Леў ХІІ, які вырашыў зрабіць дакладную копію старажытнахрысціянскай святыні. У працы прымалі ўдзел лепшыя архітэктары Рыма. Як і ў старажытныя часы, базыліка складаецца з пяці наваў. Святло трапляе ў храм праз 42 акны цэнтральнай навы. Яе шырыня – 24 метры, як і іншых, а даўжыня сягае 97 метраў ад уваходу да апсіды. Каля апсіды знаходзіцца грабніца святога апостала Паўла. Як бачым, базыліка ў нечым падобная на храм святога Пятра ў Ватыкане.

Якой жа была антычная базыліка святога Паўла? У храме налічвалася 40 мармуровых калон, якія стваралі цэнтральную наву. Адразу пасля моцнага землятрусу 441 года, у другі год пантыфікату Папы Льва Вялікага (440–61), будаўніцтва святыні было завершана ў вельмі кароткі тэрмін дзякуючы багатай імператарскай фундацыі. Апсіду храма ўпрыгожвала мазаіка, невялічкія фрагменты якой захаваліся да нашых дзён. Сцены былі распісаныя фрэскамі: на правай – фрагменты Старога Запавета, на левай – 22 евангельскія эпізоды з Дзеяў Апосталаў. У ХІІІ ст. гэтыя фрэскі ўжо патрабавалі рэстаўрацыі, якую здзейсніў выдатны рымскі мастак Піетро Каваліні, які пакінуў па сабе памяць пры роспісе рымскіх касцёлаў святой Марыі за Тыбрам (Santa Maria in Trastevere) і святой Цэцыліі (Santa Cecilia). У 846 г. піраты-сарацыны цалкам абрабавалі храм, і гэта вымусіла Папу Яна VIII (872–82) пачаць не толькі новую рэстаўрацыю, але і ўмацаваць увесь кляштарны комплекс – вакол узвялі сапраўдную крэпасць.

У ХІ ст. была пабудавана першая званіца, знішчаная землятрусам 1349 года, але адразу ж адноўленая, а пасля 1823 г. рэстаўраваная і паднятая яшчэ вышэй. З 1220 па 1230 г. у базыліцы святога Паўла вяліся працы па ўпрыгожванні апсіды. Над ёй працавалі мастакі з Венецыі, якія да таго аздаблялі мазаікай венецыянскую базыліку святога Марка. У цэнтры мазаікі быў паказаны Хрыстус, які бласлаўляе Пятра і Андрэя (злева), а таксама Паўла і Луку (справа). Ніжэй на мазаіцы адлюстраваны алтар з крыжам, а таксама сімвалы Хрыстовых пакутаў, два анёлы, дзесяць апосталаў разам са святымі Варнавам і Маркам. У 1836 г. падчас аднаўлення храма на мазаіцы была выяўлена невялікая постаць Папы Ганорыя ІІІ (1216–26), у часы якога стваралася мазаіка.



Прыкладна ў першыя дзесяцігоддзі ХІІІ ст. з правага боку базылікі пачалі ўзводзіць сапраўдны кляштарны двор, абкружаны крытымі хадамі з калонамі. У 1285 г. найбольш знакаміты дакумент святога апостала Паўла, яго пасланне, быў змешчаны над вялікім алтаром базылікі. Сам алтар упрыгожвалі мармуровыя кампазіцыі работы лепшых італьянскіх скульптараў і мазаічнікаў, але і гэтыя творы сёння амаль страчаныя. Прыкладна ў 1325 г. рымскі мастак Джорджо Вазары зрабіў для базылікі скульптурную кампазіцыю: каштоўнае драўлянае Укрыжаванне, часткі якога захаваліся да нашых дзён, як і некаторыя іншыя рэчы, што знаходзяцца ў музеі пры храме. У тым жа музеі захоўваюцца і фрагменты фрэсак у стылі барока, якія ў XVII ст. намаляваў на скляпеннях мастак Джаванні Ланфранко.

Падчас адбудовы базылікі святога Паўла ў 1823 г. быў зменены галоўны ўваход, перад якім узвялі чатырохкутны порцік. У цэнтры вялікага пярэдняга двара стаіць статуя святога апостала Паўла. На фасадзе базылікі – мазаічныя кампазіцыі «Хрыстус паміж святымі Пятром і Паўлам», «Баранак Божы», «Чатыры прарокі» (усё гэта трымаецца на чатырох гранітных калонах). Справа ад увахода знаходзіцца Святая Брама, якая адчыняецца самім Папам толькі ў юбілейныя гады. У час Другой сусветнай вайны ў базыліку трапіла бомба, але потым і гэтая рана была залечаная. Як бачым, лёс не вельмі спрыяў гэтаму храму, але і пры ім захаваліся свае каштоўнасці: у кляштарнай бібліятэцы знаходзіцца найбагацейшая калекцыя старажытных манускрыптаў, сярод якіх так званая «Біблія Карла Лысага» ІХ ст., агромністая калекцыя эпіграфаў, а таксама карцінная галерэя.

Сяргей КІРЫК
Працяг у №5-6(108-109) 2004 >>>