8 красавіка, у Вялікі чацвер, у пінскай катэдры адбылася асаблівая ўрачыстасць. У гэты святарскі дзень ксяндзы Пінскай дыяцэзіі сабраліся каля свайго арцыпастыра кардынала Казіміра Свёнтка не толькі дзеля таго, каб урачыста аднавіць сваю святарскую прысягу і разам цэлебраваць Эўхарыстыю, але і каб адсвяткаваць 65-гадовы юбілей святарства Яго Эмінэнцыі. Менавіта тут, у пінскай катэдры, 8 красавіка 1939 г. выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі Казімір Свёнтэк атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы. І як жа сімвалічна, што праз 65 гадоў гэтая дата прыпала якраз на Вялікі чацвер, на той дзень, калі Хрыстус устанавіў сакрамэнт святарства.

Распачынаючы ўрачыстасць, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Станіслаў Паўліна падкрэсліў, што «юбілей святарства кардынала Свёнтка стаў таксама своеасаблівым экуменічным знакам, які Пан Бог падрыхтаваў для ўсяго хрысціянства», бо і католікі, і праваслаўныя сёлета адначасова перажывалі Вялікі тыдзень і святкавалі Вялікдзень.

Шмат узнёслых, удзячных і прыгожых слоў гучала ў гэты дзень у старажытнай пінскай катэдры.

Віншавальную тэлеграму на адрас юбіляра прыслаў Святы Айцец Ян Павел ІІ. Ён напісаў: «Няхай будзе шчаслівым для Цябе, шаноўны брат Наш, дзень, у які Ты адзначаеш 65-ю гадавіну святарскага пасвячэння, з чым сардэчна Цябе віншуем, а таксама, праз мацярынскае заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы апосталаў, просім для Цябе і Твайго апостальскага служэння новых ласкаў з неба, разам з тым, як знак нашай неаслабнай прыхільнасці, шчодра ўдзяляем Табе асабіста і ўсім вернікам, даручаным Тваёй пастырскай руплівасці, Наша апостальскае благаслаўленне».

«Юбілей – гэта найперш падзяка, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, кардынал Казімір Свёнтэк. – Я маю каму і за што дзякаваць. Найперш Богу ў Тройцы Адзінаму дзякую за гэтыя 65 гадоў святарства. Божа, Ты ў сваёй дабрыні ўчыніў, што і сёння яшчэ стаю пры Тваім алтары (...)».

Пранікнёныя і шчырыя словы ўдзячнасці юбіляр скіраваў таксама да Маці Міласэрнасці, да сваёй зямной маці, да біскупа Зыгмунта Лазінскага, да ўсіх святароў і сёстраў законных, да люду Божага, а пасля зазначыў: «Нічога для сябе не прашу ў Пана Бога, толькі штодзённа кажу: будзь воля Твая». Некалі біскуп Лазінскі маліўся: «Пане Божа, дазволь мне цалкам Табе належаць». Я паўтараю за ім: Божа ў Тройцы Адзіны, Пане Езу, утоены ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, дазволь мне Табе належаць. Гэта мая адзіная просьба».

Закончылася юбілейная ўрачыстасць малітваю падзякі каля труны біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Рэд.
Фота М. Новікава