Чаму сімвалам хрысціянства з’яўляецца менавіта крыж, а не які-небудзь іншы знак дзейнасці Хрыста?
Вадзім Стралкоўскі, г. Магілёў

На пытанне адказвае ксёндз Вячаслаў Барок

Лічу гэтае пытанне вельмі актуальным, бо, разважаючы над ім, можна спасцігнуць сэнс хрысціянства, усвядоміць адметнасць нашай рэлігіі.

Сапраўды, калі толькі знешне ацэньваць сімвал крыжа, абапіраючыся на несвядомае ўспрыманне людзей, часам вельмі далёкіх ад праўдзівага хрысціянства, то можа нарадзіцца падманнае разуменне сімволікі, пра якую мы разважаем. Спарахнелыя крыжы пры дарозе, пахіленыя, зарослыя хмызняком крыжы на могілках ды нават і тыя, якія выкарыстоўваюцца на пахаванні амаль кожнага чалавека, што меў хоць нейкае дачыненне да хрысціянства, не могуць спрыяць успрыманню крыжа як сімвала перамогі і любові, менавіта так, як гэта разумее хрысціянства.

Сучасны чалавек вельмі часта глядзіць на крыж як на сімвал цярпення, слабасці і смерці. Такі погляд недалёка адышоў ад распаўсюджанага ў Рымскай імперыі ўспрымання крыжа як сімвала ганебнай смерці.

Аднак у хрысціянстве, дзякуючы таму, што на крыжы пакутаваў і памёр сам Хрыстус, крыж з’яўляецца сімвалам не толькі смерці, але і перамогі над смерцю. У адрозненне ад іудаізму, дзе крыжовая смерць успрымалася як праклён і адкінутасць ад Бога, у Хрыстовай навуцы вернасць крыжу сімвалізуе адзінства з Ім і Богам Айцом: «Хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе за Мной, не годны Мяне» (Мц 10,38). У Новым Запавеце Апостал Павел піша, што «навука крыжа... ёсць сілай Божай для тых, хто атрымлівае збаўленне» (Гл. 1 Кар 1,18). Тут мы ўжо бачым цалкам новы погляд на крыж. Замест ганьбы і смерці крыж пачынае азначаць гонар і сімвал перамогі над уласнаю смерцю – найгоршым ворагам чалавека.

Немагчыма спасцігнуць сэнс хрысціянства, абмінаючы сэнс крыжа, і наадварот, датыкаючыся да таямніцы крыжа, мы прыходзім да сутнасці хрысціянства, пазнаем, што Бог, які адкрываецца чалавецтву праз Езуса Хрыста, ёсць Богам нечуванай раней любові, не ўласцівай іншым рэлігіям свету. Менавіта сваёй добраахвотнай смерцю на крыжы Хрыстус паказаў, якая вялікая любоў Бога да чалавека.

Нядаўна створаны фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы» вельмі добра раскрывае глыбіню Божай любові, што ў поўні выяўляецца на крыжы Хрыста. Абапіраючыся на канкрэтныя гістарычныя факты, стваральнікі фільма рэалістычна паказваюць мукі і смерць Божага Сына. Аднак фільм выклікаў у шматлікіх гледачоў і крытыкаў самыя розныя думкі. Выказвалася незадавальненне тым, што аўтары фільма нібыта занадта засяроджваюцца на пралітай крыві, катаваннях, здзеках, крыках, нянавісці, зле. Асабіста я, прагледзеўшы фільм, далучаюся да тых, хто перш за ўсё ўбачыў у ім маніфестацыю ўсемагутнай любові Бога, якая, нягледзячы на вялікае зло і грэх у гэтым свеце, трыўмфальна перамагае.

Хрыстус сам выбраў крыж для нашага збаўлення. Крыж стаў той рэальнасцю, праз перспектыву якой можна ўбачыць, адчуць Божую любоў, бо крыж стаў своеасаблівай амбонай, адкуль балюча прамовіў Езус, які аб’явіў пра бязмежную любоў Бога не толькі словамі, але і сваім жыццём, смерцю, а пасля і змёртвыхпаўстаннем.

Спадзяюся, што цяпер, робячы выснову з нашых разважанняў, у чытачоў часопіса не застанецца сумненняў, што сімвал крыжа найпраўдзівей адпавядае сэнсу хрысціянства. Пачынаючы з IV ст., калі хрысціянства выйшла з катакомбаў і атрымала свабоду, хрысціянскі крыж ва ўсім свеце служыць адметным сімвалам хрысціянаў. Ужо святы Аўгустын пісаў: «Хрысціянаў распазнаем па крыжы, які яны носяць на сабе».

Сапраўды, гэтая рэлігійная практыка распаўсюдзілася па ўсім свеце і трывае да сённяшняга дня. Шмат хто з нас добра памятае час панавання атэізму і рэлігійнага пераследу, калі лёгка было атрымаць пакаранне за маленькі крыжык на грудзях.

Сёння часта можна ўбачыць, як крыж выкарыстоўваецца ў якасці ўпрыгожвання. Скажам, нейкі з новых «крутых» носіць яго на залатым ланцужку таўшчынёй у палец альбо маладыя людзі носяць крыжыкі ў праколатых вушах і г.д. Не ведаю, што гэта: даніна модзе альбо спроба падкрэсліць нейкую сваю выключнасць, а можа, успрыманне крыжа як паганскага амулета. Ва ўсялякім выпадку, такое разуменне крыжа наўрад ці сведчыць пра веру чалавека. А для сапраўдных хрысціянаў крыж з’яўляецца сведчаннем таго, што мы верым у Бога, які першы палюбіў нас.