Працяг. Пачатак у №11 за 2003 г. >>>

Адзін з самых велічных і прыгожых храмаў Рыма – базыліка святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore), заснаваная ў V ст. ад Нараджэння Хрыстова і першая прысвечаная Найсвяцейшай Багародзіцы. Паданне сведчыць, што ў 352 г. у Рыме жыў багаты магнат Ян, які не меў дзяцей і жадаў скарыстаць сваё багацце на богаўгодную справу. У тым жа годзе, 4 жніўня, у сне яму явілася Найсвяцейшая Панна Марыя і загадала пабудаваць храм на тым месцы, дзе ў раніцу выпадзе снег. Той жа ноччу Маці Божая явілася і Папу Рымскаму Ліберыю. Раніцай на Эсквілінскім узгорку Рыма выпаў снег. Шматлікія гараджане бачылі гэты сапраўдны цуд, які адбыўся ў жніўні, калі звычайна ў Рыме стаіць спякота. Папа Ліберый адразу ж накрэсліў план і малюнак касцёла, а магнат Ян выдаў грошы на пабудову. З таго часу і па сённяшні дзень у базыліцы стаяць калоны, унутраныя цагляныя сцены, карніз пад вокнамі з мазаікай, дзе перад алтаром бачна імя Папы Сікста ІІІ (432–440), які даў храму цяперашняе імя. Базыліка мела розныя назвы: Ліберыяна (ад імя Папы Ліберыя), святой Марыі Снежнай (у напамін пра цуд), святой Марыі каля Ясляў (у напамін пра перанясенне сюды Ясляў з Бэтлеема разам з рэшткамі блажэннага Ераніма), святой Марыі Вялікай як найлепшы з усіх храмаў свету, прысвечаных Дзеве Марыі. У 431 г., пасля Эфескага Сабору, дзе была прынятая пастанова аб Божым мацярынстве Дзевы Марыі, канстанцінопальскі патрыярх Нестар пачаў навучаць, што Найсвяцейшая Дзева Марыя была не Багародзіца, а Хрыстародзіца. Падобнай ерасі Рым, як вядома, не прыняў, а для большага шанавання Маці Божай Папа Рымскі Сікст ІІІ багата ўпрыгожыў новы храм. Тое самае рабіў і Папа Леў І, празваны Вялікім (440–61), з прычыны таго, што ў квартале вакол базылікі жыло шмат прыхільнікаў арыянскай ерасі, якія не прызнавалі Дзеву Марыю за Багародзіцу.

Велічны храм Святой Марыі Вялікай мае больш за 80 метраў у даўжыню і 35 метраў у шырыню, 36 калонаў з белага мармуру падзяляюць базыліку на тры часткі. Уверсе, на шырокім пасе, у вялікіх квадратах размешчаны 27 мазаічных выяваў, якія расказваюць аб падзеях Старога Запавету. Мазаікі былі зроблены таксама ў часы Папы Сікста ІІІ. Узорчатая падлога сярэдзіны касцёла была зроблена ў ХІІ стагоддзі. У базыліцы ёсць надгробныя помнікі двум папам: Мікалаю IV, які памёр у 1292 годзе, і Кліменту ІХ, які спачыў у 1743 годзе.

У розныя часы па баках базылікі былі ўзведзеныя прыгожыя капліцы: Патрызі, Крыжа, Папы Сікста V, Цэзі і Сфорца (апошняя пабудавана па праекце Мікеланджэла). Гэта сапраўдныя храмы ў храме, тут захоўваюцца рэліквіі, абразы, сакральныя рэчы. У капліцы Паоліна знаходзіцца знакаміты і вельмі шануемы абраз Маці Божай Збавіцельніцы народу рымскага. Намаляваны на дошцы ў візантыйскім стылі, ён датуецца V ст., але можа паходзіць і з Візантыі, і з Рыма, дзе ў той час мастакі прытрымліваліся агульных прынцыпаў іканапісу.

Алтарнае паглыбленне ўпрыгожана мазаікай цудоўнай прыгажосці, якую зрабіў мастак Якуб Тарыці ў 1292 годзе. У блакітным зоркавым коле паказана каранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі Езусам Хрыстом. Яны сядзяць на багата аздобленым троне. Адной рукой Хрыстус карануе сваю Маці, другой трымае кнігу. Вакол Хрыста і Марыі, па баках, – анёлы. Справа – апосталы Пётр і Павел, святы Францішак. Злева – Ян Хрысціцель, евангеліст Ян і святы Антоній. Мазаікі касцёла святой Марыі Вялікай, выкананыя ў традыцыйным візантыйскім стылі, уражваюць і здзіўляюць сваёй прыгажосцю і неверагодным ззяннем, мігценнем. Немагчыма не заўважыць прыгажосць іншых мастацкіх твораў храма, напрыклад, цудоўных фрэсак, але яны губляюцца на фоне мазаік і медальёнаў з выявамі святых. Пасля таго як галоўны алтар быў перанесены ад апсіды над ім пабудавалі прыгожы балдахін з ключамі і папскай ціярай наверсе – сімваламі Апостальскай улады. Шмат стагоддзяў базыліку апякуюць законнікі дамінікане (для іх абапал храма ўзведзены пабудовы, якія арганічна ўвайшлі ў агульны ансамбль).

Паміж 1370 і 1378 гадамі над базылікай Santa Maria Maggiore з’явілася цудоўная вежа-званіца ў раманскім стылі замест старой, разбуранай землятрусам. У вышыню яна мае амаль 75 метраў і з’яўляецца найвышэйшай у Рыме. Прыгожы фасад касцёла быў зроблены на пачатку ХІХ ст., але ён закрыў старажытныя мазаікі і цяпер іх прыгажосць можна ўбачыць толькі зблізку і фрагментарна. У тыя ж часы на плошчы перад касцёлам паставілі высокую калону, якую вянчае фігура Найсвяцейшай Дзевы. Базыліка Святой Марыі Вялікай – гэта сапраўды найпрыгажэйшы храм, прысвечаны Багародзіцы, сапраўдны ружанец хрысціянскага мастацтва. Верагодна, такім ён быў задуманы больш як паўтары тысячагоддзі таму і пасля многіх дабудоваў і рэстаўрацый такім ён застаецца і сёння. Наступная наша гутарка будзе прысвечана базыліцы, якая, магчыма, не так добра вядомая турыстам, але якую добра ведаюць пілігрымы, – гэта базыліка святога Себасцьяна за гарадскімі мурамі – San Sebastiano fuori le mura.

Працяг у №7 >>>
Сяргей Кірык

Маці Божая Снежная

Летні дзень над драўлянаю вежаю
растварыўся, забыўшыся ў сне.
Служка Божы — мастак — Маці Снежную
піша золатам на палатне.

Нос прамы, дугі броваў высокія,
і хоць крышку расцёкся алей —
у паглядзе — трывога глыбокая:
«Што з табой будзе, сын мой, далей?!»

Ахінаючы шатай квяцістаю —
ліній дзіўных, ракайляў сляды —
просіць так: «Маці Божая Чыстая,
уратуй мой народ ад бяды.

Прыснадзева, адвечная Санта,
слёзы нашых дзяцей абатры,
каб у нас, як тады пад Лепанта,
накірунак змянілі вятры».

Апякунка азвалася скора:
падышоў да акна і самлеў —
Маці Santa Maria Maggiore! —
узгорак плямаю снегу бялеў.

Людміла Кебіч